Выбрать главу

Назаўтра, адразу пасля малітвы, з'явіўся ў траншэі Кіпцюрчык, загадаў Мыльнікаву:

— Усім рыдлёўкі ў рукі — і марш да афіцэрскай зямлянкі ход сувязі капаць!

Ён ужо быў павярнуўся да выхада, як раптам у Кузьмы вырвалася:

— Дык мы ж, Іван, усю ноч у сакрэце ляжалі, не спалі...

Кіпцюрчык на хвіліну аслупянеў. Ягоныя шчокі наліліся сіняватай беллю, пальцы на правай руцэ затрапяталіся. Ён прыжмурыў вочы, падскочыў да Кузьмы:

— Гаспадзін падпаручнік! Ваша благароддзе! Зразумеў — хто я для цябе? Паўтары!

У Кузьмы быццам зялёны туман паплыў у вачах. Злосць, якую доўга хаваў, якую запіхваў на самае дно душы, імгненна выбухнула ў сэрцы. Так рэзка разгінаецца маладая сагнутая бярэзіна.

— Ты — Іван Кіпцюрчык з Чмялёў, — павольна, гледзячы проста ў вочы Кіпцюрчыку, сказаў Кузьма. — Твой бацька — кульгавы Цімох. Твая маці — Параска, што на кірмашы аб'елася зялёнай цыбуляй.

— Маўчаць! — зароў, як апечаны, Кіпцюрчык. Ён забегаў вакол Кузьмы, нібы прымерваючыся, з якога боку яго стукнуць. — На бруствер пастаўлю! Пад ружжо! Там ты не загаворыш — закукарэкаеш! Фельдфебель! Пад арышт яго!

Мыльнікаў як з-пад зямлі вырас, падскочыў, сарваў з Кузьмы дзягу.

З паўгадзіны Кузьма прасядзеў у закутку траншэі, дзе звычайна размяшчаліся тэлефаністы, потым яго пагналі ў афіцэрскую сталоўку мыць падлогу. Падлога была заляпаная гразёю, з тоўстых яловых дошак, якія густа шчацініліся стрэмкамі. Кіпцюрчык сядзеў тут жа, у сталовай, курыў.

Зайшоў нейкі незнаёмы Кузьме капітан, худы, лысы, з шэрымі мяшкамі пад вачыма. Паглядзеў, халодна ўсміхнуўся, сказаў Кіпцюрчыку:

— Выхоўваеце, падпаручнік? Трэба, трэба... А то ў акопах наш салдат робіцца дужа лянівы. Ануча і вядро з вадой — гэта не шпіцрутэны. Гэта болей дэмакратычна, але, ведаеце, добра ўплывае на грубіянаў і балбатуноў...

Ён сеў побач з Кіпцюрчыкам, закурыў, гаварыў далей, быццам і не было ў сталоўцы Кузьмы:

— Войска — гэта дысцыпліна перш за ўсё. Адзін мой знаёмы унтэр-афіцэр, ведаеце, што рабіў? Любіў чысціню ў казарме. Дык ён прымушаў сваіх малойчыкаў есці брудныя анучкі. І што вы думаеце? Елі.

Кіпцюрчык моўчкі слухаў, згодна ківаў галавою, а сам, не міргаючы, усё глядзеў, як, укленчыўшы, шаруе яловыя дошкі Кузьма.

Лысы капітан строс з папяросы попел сабе пад ногі, спытаўся ў Кіпцюрчыка:

— Вы чыталі «Афіцэрскую памятку» графа Талстога? Не? І добра зрабілі. Трэба ж так запэцкаць граззю ўсё рускае афіцэрства. Шкада, што гэты граф-пісака ўжо нябожчык. Я выклікаў бы яго на дуэль, я прымусіў бы яго адмовіцца ад сваіх брудных слоў. І вось плён такой пісаніны — нас не паважаюць, нас не баяцца, з нас смяюцца.

Ён нервова ўстаў, пацёр худой белай рукой лысіну.

— І сярод нас, афіцэраў, ужо ёсць, ужо завяліся разумнікі, якія крычаць пра лібералізм, пра любоў да бліжняга. Яны гатовы расцалаваць першага сустрэчнага салдата, хоць той глядзіць на іх, як зацкаваны воўк. Адкуль узяліся гэтыя белыя вароны?

Капітан раптам дробненька, ненатуральна засмяяўся, нахіліўся да Кіпцюрчыка:

— Здаецца, я пачынаю разумець... Гэта — паўкроўкі. Ведаеце, гадоў сто назад у багатых маёнтках дужа любілі браць для сваіх першынцаў мамак-карміцелек з вёскі. Далікатныя пані бераглі грудзі і кармілі дзяцей грудным малаком прыгонных сялянак, сваіх рабынь. І што атрымалася? Кожнае пакаленне разам з гэтым малаком улівалася ў жылы дваранства рабская кроў. Сёння, праз дзесяцігоддзі, яна падае свой голас. Мамкі адпомсцілі! Толькі жорсткасцю, толькі цвёрдасцю можна вынішчыць у сабе гэтую атруту. Кажу вам гэта, як дваранін двараніну.

Кіпцюрчык, якому капітан паклаў на плячо руку, густа пачырванеў, разгубіўся на імгненне. Быццам баяўся, што вось-вось сваімі халоднымі пранізлівымі вачамі капітан убачыць, якая цячэ ў ім, Кіпцюрчыку, кроў.

— Фельдфебель! — закрычаў Кіпцюрчык, гледзячы на Кузьму. — Падлога брудная! Хай зноў перамые. А каб не спяшаўся, забяры ў яго анучу і дай зубную шчотку!

Пакутліва цягнуўся для Кузьмы гэты дзень. Аглушаны крыўдай, растаптаны знявагай, мыў і мыў ён падлогу. Прыходзілі афіцэры, здзекліва-абыякава глядзелі на яго. Так глядзяць у людным доме на ката ці на сабаку. Упершыню зразумеў Кузьма, што ёсць людзі, якім прыемна бачыць пакуты іншых людзей.

«Хіба ж я не чалавек? — думаў ён. — Чаму я павінен поўзаць каля іхніх ног? Чаму можна на мяне пляваць? Я ж чалавек...» Крыўда і злосць віравалі ў ім. Але што ён мог зрабіць? Гэта была злосць са сцятымі зубамі. Аж да самай ночы прабыў ён у сталоўцы, шараваў падлогу зубною шчоткай.