Выбрать главу

— Усе паздыхаеце, сівалапыя. Я в-вам...

Ад яго патыхала гарэлкай. Антона пасадзілі ў калёсы. Потым прывялі Івана, параненага ў плячук. Баўтрук звязваў Івану рукі, націскаў на параненае месца.

Ужо калі ехалі ў маёнтак, калі калёсы калаціліся па каранях дрэў і побач мацюкаўся і войкаў ад болю Іван, Антону неяк млява падумалася:

«Гэта ж ён, Баўтрук, нас маімі лейцамі звязаў. Такія добрыя лейцы парэзаў...»

ІІ

— Колькі ўжо разоў перашкаджалі Расіі асэнсаваць і зразумець сябе вось гэткія, я б сказаў, частушачныя адносіны да жыцця. Русы чуб з-пад брыля, скрыпучыя боты, пеўнева паходка, усмешка Іванкі-блазнюка на ўвесь рот. З такога можна пісаць лубок, але з ім нельга сесці за еўрапейскі стол, дзе вырашаецца лёс свету. Усё-ткі пакуль што ў Еўропе мы стаім адной нагой. Другая наша нага ў азіяцкіх стэпах...

Так казаў бледнатвары, чорнавалосы малады чалавек гадоў дваццаці пяці ў прыгожай форме земгусара. Ён трымаў у руках бярозавую галінку, зрываў з яе жоўтае лісце. Толькі што малады чалавек і яго спадарожнікі — грузнаваты, задышлівы, пажылы мужчына ў паляўнічым касцюме і вельмі юная дзяўчына, цёмная шатэнка з далікатным тварам і сумнымі вачыма — былі ў флігелі, дзе жылі парабкі, на вяселлі. Шум і крыкі вяселля, п'янаватыя разагрэтыя твары, рэзкі пах самагонкі і грубага мужыцкага хлеба, танцы пад гармонік, цымбалы і балалайку ўсё яшчэ ўладна жылі ў іхніх вушах і вачах.

Усе трое, не спяшаючыся, ішлі па старадаўняй алеі, што была густа абсаджана пачарнелымі дуплаватымі ліпамі. Вузкая палоска бледнага восеньскага неба цьмяна блішчала над алеяй. Збіўшыся ў чароды, у небе крычалі сумныя галодныя вароны.

Мужчына ў паляўнічым касцюме — гэта быў аканом маёнтка графа Незабітоўскага Андрэй Гайкевіч цмокнуў поўнымі губамі, хітра глянуў на маладога земгусара:

— А вас, паважаны Ігар Аляксеевіч, наслухаўшыся вашых слоў, можна і за германафіла палічыць. А Германія — наш сённяшні праціўнік. Самі разумееце: ваеннае становішча, данскі казак-герой Кузьма Кручкоў наколвае на піку немцаў дзесяткамі, як шашлыкі, а вы...

Земгусар Дамажыраў успыхнуў:

— Вы няправільна мяне зразумелі. Мы ў стане вайны з Германіяй, гэта так. Але ж, калі мы ўварвёмся ў сэрца Германіі, мы, я спадзяюся, не станем усё крышыць і знішчаць, як вандалы. Хай ваюе грубая плоць. Але дух, дух цывілізаванай Германіі, яе Гумбальт, Бах, Ніцшэ, Кант — хай жывуць. Яны патрэбны ўсім. У тым ліку, і, можа, у першую чаргу, з-за нашай азіяцкай адсталасці, Расіі. Вы не згодны са мной?

Ён хуценька глянуў на Гайкевіча і краем вока — па дзяўчыну, бо іменна ёй, сумнай і загадкавай, адрасаваліся ўсе яго такія разумныя і палкія словы. Зінаіда Гайкевіч, гімназістка з Мінска, якая па хваробе ўжо тыдзень гасцявала ў бацькі, уважліва прыслухоўвалася да гаворкі мужчын, але ўдзелу ў ёй не прымала.

Толькі шчыльней захіналася ў прыгожую, чорнай каўказскай воўны бурку — падарунак бацькі.

«Што хаваецца пад гэтым спакойным, мармуровым, антычным тварыкам вясковай багіні? — ламаў галаву земгусар Дамажыраў. — Тупалобасць хамулы-бацькі ці незямная страсць?»

Гайкевіч між тым хітравата ўсміхаўся і гаварыў:

— Што вы, я згодны з вамі, Ігар Аляксеевіч. Навошта крышыць і ламаць? Як кажуць тутэйшыя парабкі, у гаспадарцы і ржавы цвік спатрэбіцца. І Кант, хоць я асабіста не чытаў яго, спатрэбіцца. Вось толькі, дазволю сабе засумнявацца, наконт сэрца Германіі вы трошкі перагнулі. Ці дастане да яго той жа Кручкоў сваёй пікай?

Дамажыраў кісла зморшчыўся:

— Пра вашага Кручкова ўжо даўно ні слова не чуваць — адышоў у нябыт разам з Мікалаем Раманавым. Тапорна, трэба прызнацца, быў зроблены герой. Цяпер у Расіі — новыя героі і новыя правадыры.

— Вы маеце на ўвазе Аляксандра Фёдаравіча? — Гайкевіч акуратна змахнуў з рукава беленькі круглячок — нейкая птушка спалохана рванулася над іхнімі галовамі. — Што ж — энергічны, малады. Правадыр. Але ж нават вялікаму правадыру заўсёды патрэбна войска.

— Вы сумняваецеся ў Керанскім?

— Ніколькі. Але ж гляньце навокал. Ніхто не хоча ваяваць. Мужыкі здыхаюць без хлеба. У вёсках — непралазны бруд, галеча. Усюды разводзяць сваю балбатню анархісты, эсэры, бальшавікі. — Пульхныя шчокі Гайкевіча пачырванелі. — Патрэбна цвёрдая рука, рука, сціснутая ў кулак.

— Ага, злавіў на слове: значыць, вы — манархіст. — Дамажыраў задаволена засмяяўся, адкінуў убок бярозавы дубчык. Аканом засоп носам. Наступіла цішыня. Чутно было, як у флігелі плыве песня, п'яная, надтрэснутая:

Ска-ка-аў казак цераз да-а-ліну, Цераз маньчжурскія края-я-я...