Выбрать главу

Мужчынскія і жаночыя галасы выводзілі песню аястройна, але гучна і весела.

— Усё гіне, а яны жэняцца... Скарынкі хлеба на стале няма, а яны заводзяць кучу дзяцей, брудных, галодных, нямытых, такіх, як самі... — Дамажыраў быў упэўнены, што ў слоўным паядынку перамог гэтага мужлана-аканома, з асалодай піў нектар сваёй перамогі і літасціва рашыўшы не дабіваць праціўніка — у аканома ж сімпатычная дачка! Яна, трэба спадзявацца, ацэніць ягоную, Дамажырава, гуманнасць, — змяніў размову.

Ён спружыніста і лёгка крочыў па алеі і казаў, усё часцей паварочваючыся ў бок гімназісткі:

— Паўночна-заходні край... Дзіўны край. Я ў вас, панове, упершыню. Вайна закінула. У нас памесце пад Разанню, а вучыўся я ў Петраградзе, у тэхналагічным. І вось гляджу я наўкол, на гэты самы Паўночна-заходні край, і такія думкі, такія, як кажуць, эмоцыі ён у мяне выклікае... Драўляная, саламяная, гліняная краіна. Жалеза такое ж рэдкае, як золата. Ускраіна геаграфічная і духоўная.

— А мы тут жывём, — ці то ўздыхнула, ці то пахвалілася Зінаіда.

Дамажыраў уважліва, па-дэманічнаму, як яму думалася, глянуў на яе, сказаў, галантна пакланіўшыся:

— Разумею ваш патрыятызм, мадмуазель, і цалкам яго падзяляю... Пытаюся ў флігелі ў аднаго п'яненькага мужыка: як тваё прозвішча, брацец? А ён мне: Казёл. Здорава гучыць? Нейкая першароднасць. Нейкае язычніцтва. Усё ідзе ад зямлі, ад травы, ад першай вясновай вады. Людзі і прозвішчы не змяніліся тут за тысячагоддзі.

— Гэтым людзям палец у рот не кладзі — адгрызуць да локця і не зморшчацца, — буркнуў Гайкевіч.

Яму пачынала не падабацца красамоўства гэтага жаўтаротага земгусара. «Смятаннічак, — думаў ён, — цыцку яшчэ матчыну смактаць трэба, а туды ж пнецца — у прарокі, у напалеоны...»

— А гэта ўжо іншая справа, — гаварыў між тым Дамажыраў, — ёсць парадак, законнасць, ёсць, нарэшце, воінскія начальнікі, павятовыя і валасныя ўлады. Самадзяржаўе, можна сказаць, само па сабе рухнула ў лютым. Але гэта не значыць, што павінны загінуць і прыватная ўласнасць, і вера, чаго дабіваюцца бальшавікі і жыды. Я, прызнаюся вам, панове, знаходзячыся ў тыле дзеючай арміі, меў час і меў жаданне чытаць мноства самых розных кніг. І вось я зацікавіўся, вы, вядома, разумееце чаму, Вялікай рэвалюцыяй французаў. Дык адзін з гэтых французаў, Брысо, вельмі правільна сказаў: «Народ створаны для таго, каб служыць рэвалюцыі, але калі яна закончылася, ён павінен вярнуцца да сябе і дазволіць тым, у каго болей розуму, кіраваць сабою».

— А вы чулі што-небудзь пра чырвонага пеўня? — не даў Дамажыраву вытрымаць патрэбную паўзу глыбакадумцы і пераможцы Гайкевіч. — Гэты народ кожную ноч можа падсунуць гарачую галавешку пад дах вось гэтага прыгожага дома, дзе мы маем гонар мець вас за госця.

Дамажыраў хацеў быў зноў уступіць у дыскусію, але хітры аканом зрабіў выгляд, што яму трэба неадкладна пагаварыць з казацкім сотнікам — учора казакі напіліся і ўсю ноч спявалі песні, не давалі нікому спаць. Сказаўшы Дамажыраву: «Ігар Аляксеевіч, у дзве гадзіны чакаю вас абедаць», — аканом шмыгнуў У дзверы нізенькага дома, дзе кватаравалі казакі.

«Ну і чорт з табой, — падумаў Дамажыраў, — невялікая прыемнасць бачыць тваю тоўстую фізіяномію...»

Ён быў злы на аканома: прыехаў ад імя губернскага земскага саюза, каб паспрабаваць арганізаваць у маёнтку часовы тылавы шпіталь для параненых афіцэраў, але гэты таўстун і слухаць не хоча: маўляў, гаспадар маёнтка за мяжой, а без яго я не маю права ні аб чым дамаўляцца. Патрыёт, называецца, маць тваю так!

Разам з Зінаідай Дамажыраў стаяў перад домам, правільней будзе сказаць, палацам, графа Незабітоўскага. Граф яшчэ ў трынаццатым годзе паехаў у Карлсбадэн на воды, ды так там і застаўся — рашыў пераседзець вайну. А дом у яго быў слаўнецкі! Старадаўні, відаць, будаваўся яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі, у часы прыгону. Першы паверх зроблены з дзікіх валуноў. Валуны рознага колеру: белыя, шэрыя, сінія, чырванаватыя. І ўсе — неабчасаныя. Як прыцягнуў калісьці іх ледавік у тутэйшы край, у такім выглядзе і ляглі яны ў сцены. Моцна ляглі, на вякі. Другі паверх быў драўляны. Змяшаліся ў ім готыка і барока, і яшчэ Дамажыраву адразу кінулася ў вочы, у тым, як спляталіся ў вугал бярвенні, як былі прарэзаны вокны, было нешта ад сялянскіх чорных хат. Відаць, адны і тыя ж сякеры рабілі і палац, і хаты. Верандай, прасторнай і светлай, дом быў павернуты да ракі. Голле магутных дубоў цягнулася да веранды, прыкрывала яе ад ветру.

— Аазіс цішыні, — сказаў Дамажыраў. — Умеюць жыць нашы рускія баяры. Што войны і рэвалюцыі, якімі нас палохаюць, перад гэтымі валунамі!