Яна адразу ж адвярнулася, пайшла першая, незнаёмая, страшная. "Астатняе? Не пабачу!.." Яўхім правёў яе позіркам. Яна ішла цвёрда, мусіць, не маніла. Ад нядобрай здагадкі на сэрца лёг неспакой: ведае ці не ведае хто пра ўсё? А што, як дойдзе да Ганны?
Трэба ж столькі прыкрасці перад вяселлем!
Раздзел чацверты
1
Хадоська была ў роспачы. Што рабіць? Думала, думала — і не магла прыдумаць нічога, не прыходзіла да чаго-небудзь добрага.
Дзіця… Радавацца, здаецца, трэба б. Мілае, дарагое стварэнне нарадзіцца павінна. Яе дзіця, не чыё-небудзь. Яна так любіць дзяцей, нават чужых, як жа любіла б яна сваё! І як хацела б яго — пабачыць, палашчыць, пагушкаць! З якім зачараваннем часам думала пра яго, якое, яна ведала — хоць і не заўсёды верылася неяк, — ужо дзіўна завязалася ў ёй. Завязалася невядомае нікому, толькі ёй ды Яўхіму…
Павінна была б радавацца! Але тое, што было ў ёй, не толькі не радавала, але і спакою не давала, жыццё ўсё захмарыла, заблытала ўсё. Тое, што жыло ў ёй, не было такое, як усе іншыя, з Божай ласкі, тое было ад грэху, могуць сказаць нават — страшна падумаць пра гэта — ад блуду! Як ні балюча, а выходзіць — грэх быў, як ні мяркуй, а цяпер, калі Яўхім адмовіўся, дык і думаць не думай другога — дзіця грэшнае!..
Адмовіўся. Нагуляла з нейкім, кажа. Як бы яна, і праўда, блудніца якая! Як бы не прасіла, не маліла яго, як бы не прыпамінала яму Бога, як бы не з ім адным, Яўхімам, Бога не паслухалася — а ён угаварыў, дабіўся, пацешыўся ды яшчэ кажа такое! А цяпер от — змовіны згуляў, зусім забыў, што абяцаў ёй, адрокся зусім. Раней хоць надзея нейкая была, што сумленне возьме яго, адумаецца, дзіця сваё пашкадуе, а цяпер — дык нічога, ніякай надзеі! Кінуў, і грэх ужо толькі яе грэх, яе бяда…
Цяпер усякі скажа: грэх, блуд — і не абаронішся, не апраўдаешся. Усякі можа, як Яўхім, сказаць: "Нагуляла з нейкім", любы можа блудніцай назваць, хоць і не блудніца ніякая, паверыла проста, спадзявалася, думала — праўда, возьме!
Крыўдна. Ой як крыўдна. Ад крыўды слёзы ўсе выплакала. А боль пякучы ў грудзях не ўціхае, не ападае. Чула часам — нельга болей такой пакуты трываць; цярплівасць, роспач змяняліся злосцю, прагай помсты: а што, калі пайсці да Ганны ды выказаць усё? Няхай ведае, што было ў яго, з чым пасватаўся, які ён!
Былі хвіліны, калі думкі прабіваліся далей: да старога Карча пайсці, расказаць. Ён слухаецца Бога, па-божаму жыць стараецца, няхай і рассудзіць па-божаму! Тады, калі думала пра гэта, пануры Корч, якога баялася раней, здаваўся ўжо добрым, чулым другам, родным бацькам, збавіцелем. Гэты збавіцель нібы паклікаў да сябе, хуценька сабралася, амаль уподбег, задыхаючыся, з радаснай палёгкай падалася па вуліцы да Карчовай хаты. Сэрца так калацілася, што гатова было вось-вось выскачыць, надзея, што раптам успыхнула, білася ў ім, гнала, гнала хутчэй да старога. Але як толькі дапала да хаты Карчоў, прыпынілася разгублена — надзея кудысьці знікла, падступіў страх! Корч зноў зрабіўся суровы, непадступны — слухаць не стане, раззлуецца, выганіць. Не асмелілася зайсці, заміраючы, прайшла міма…
Схуднела, затаілася панура, перастала смяяцца. Не спала начамі — думкі і апоўначы не давалі спакою. Днём хадзіла па хаце, па двары, як хворая, увесь час забывалася пра тое, што трэба было рабіць. Вочы як бы не заўважалі нікога, не цямілі.
Бацька, маці трывожна пыталіся, што з ёй. Яна хмурыла брыво, казала, каб адчапіцца:
— Нічого… Нездаровіцца трохі…
А што яшчэ магла яна сказаць!
Ёй было так цяжка. Так трэба было ёй расказаць каму-небудзь пра бяду, хоць трохі суцішыць збалелую душу — проста паплакаць перад кім-небудзь. Ёй памагло б адно слова суцяшэння, не тое што парада! Але ёй даводзілася маўчаць, таіцца ад бацькоў, ад дзяўчат, ад усіх. Ад адной думкі, што гэта можа адкрыцца, яна гатова была памерці.
Яна несла ў сабе сваю бяду, сваю горкую тайну адна, адна кідалася, шукала з роспаччу: што рабіць? Білася, шукала — і не знаходзіла, збавення не было. Яе чакала ганьба. Людская пагарда і ганьба. Калі яна бачыла ў думках гэты час, у яе так балела душа, што смерць здавалася ёй радасцю. Скінуць адразу гэту пакуту, гэту безнадзейнасць! Усё адразу знікне, як і не было. Не будзе бяды, сораму, лёгка, добра будзе!.. Яна ахвотна, нецярпліва абдумвала, дзе і як зрабіць гэта. Утопіцца ў рэчцы за Міхалевым. Не, у возеры ля Глінішчаў… У рэчцы вада хуткая, вір адразу зацягне… Бераг высокі. Можна скочыць… Скочыш — і ўміг закруціць, зацягне… Уміг… Падумаць не ўправішся… Ураз…
Але за хвілінамі гарачага, хваравітага трызнення ўпаўзаў разважлівы одум: губіць сябе — божы грэх, няможна гэтага! А больш за ўсё хвалявала згадка: татачка, мамка — як ім будзе, калі дазнаюцца, што дачка рукі на сябе налажыла! Як яна сама прывядзе ім такую бяду!