Толькі ж і так, калі жыць застанецца, дабра ім ад яе ўсё роўна не бачыць! Сорам, ганьба на ўсё сяло, на векі вечныя!..
А можа, яшчэ што-небудзь можна прыдумаць? Прыдумаць! Што прыдумаеш?! Адна надзея хіба што на Захарыху, глінішчанскую знахарку. "Яна ўмэнт зробіць", — казаў Яўхім. Чула, бывала, і ад іншых, што Захарыха тайна рабіла жанкам такое. Мабыць, рабіла, нездарма ж гаворка ідзе між людзей, канешне, рабіла — Захарыха і не такое ўмее! Толькі ж — як пайсці да яе, як сказаць, адкрыцца, чужой зусім, вядзьмарцы! Дазволіць учыніць ёй такое, зноў узяць сабе грэх, такі грэх!..
Што ж зрабіць? Што зрабіць!
У яе яшчэ не было яснасці, яшчэ не ведала добра, што зробіць, калі стала збірацца ў дарогу. Быў толькі страх перад тым, што, адчувала яна, скора, неадменна ўчыніць над сабою: канец яе бядзе, яе пакутам блізка! Сёння яна ўсё зробіць, што б ні было. Страшачыся таго, да чаго збіраецца, тоячыся, яна знарок спакойна сказала маці:
— Мамачко, я хачу к цётцы наведацца…
Маці нават узрадавалася:
— Ідзі, ідзі! Пагуляй! Развейся!..
Хадоська заўважыла, як яна глянула — з пяшчотай, з жалем, — пашкадавала! Ёй, мусіць, захацелася суцешыць дачку:
— Можа, каня запрэгці?
— Не-е. Дайду… Недалёко…
— Ну, ідзі!
"Ой, мамачко, кеб ты ведала, куды ты мяне, дачку сваю няўдалую, з такой ахвотай выпраўляеш!" Маці кудысьці заклапочана выйшла — Хадоська надзела хустку лепшую сваю, забрала са скрыні прыхаваныя грошы — усё, што зберагла, збірала не адзін месяц, — з брацікамі, з сёстрамі развіталася; цалавала быццам бы спакойна, а сама думала: можа, ужо і не пабачымся ніколі! Агледзелася навокал — нізкія, цёмныя лаўкі, прагнілая падлога ў кутку, з якога лазілі мышы, шыбкі на чорных акенцах — запацелыя, як бы заплаканыя, — усё здалося такім мілым, такім дарагім!
Маці ўнесла нізку сушаных грыбоў, загарнула ў латку.
— На от гасцінец цётцы занясі… Нядобра без гасцінца…
Хадоська ўзяла. Калі сабралася выходзіць, маці перахрысціла яе. Хадосьцы здалося, быццам яна чуе, што дачка штосьці нядобрае затаіла, — так глянула, адпускаючы ад сябе. Але гэта, мусіць, толькі здалося, бо маці ні словам не перасцерагла.
Усё ж вочы яе — жаласць, трывога і любоў — запалі ў сэрца. І пакуль ішла вуліцаю і дарогаю к грэблі, матчын позірк паліў душу. А ісці старалася знарок спакойна, каб і падумаць ніхто не падумаў нічога. Ведала, глядзець могуць на яе, сачыць…
Дзень быў халодны, пануры, брудная, памерзлая трава на ўзбочынах дарогі была ўжо быццам пасыпана соллю. "Зіма скора, — прайшло ў яе галаве. Чамусьці падумала сумна, як бы з зайздрасцю: — Вячоркі скора добрыя…" Больш ужо не заўважала нічога: ні дарогі, ні грэблі, якая потым пачалася, ні чэзлага алешніку і лазняку, што падступіў усутыч, глядзела тупа, спакутавана, невідушчымі вачыма, а ў галаве было такое ж тупое, цьмянае: што рабіць?
Перабраўшыся цераз падмерзлую грэблю, за якой блізка чарнелі алешніцкія хаты, пайшла не сялом, а па ўзболатку, сцежкаю. Нікога не хацелася бачыць, хацелася быць адной са сваім клопатам, са сваёй тайнай. У галаве так і не яснела, так і не ведала пэўна, што зрабіць. Было вядома толькі адно: трэба зайсці да цёткі, матка прасіла…
Вось ужо глінішчанскія могілкі, глінішчанскія хаты. Агароды з аднаго боку лезуць у балота. Позірк мімаволі пашукаў лясок за другім канцом сяла, пачула, як тужліва стала ў грудзях: там Захарыха. Хата асобна, у хмызняку. Адна, як лясун… А трохі далей — возера, страшнае "вока"…
Хадоська пайшла да цёткі, стараючыся зноў жа аб адным — каб не заўважылі нічога, не падумалі нядобрага.
Цёткі дома не было. Паехала з дзядзькам на луг. У хаце толькі дзеці гулялі. Хадоська выняла з хусткі гасцінчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Пагаварыўшы, сама не помніла, аб чым, пагладзіла галоўку меншаму і стала збірацца зноў у дарогу.
Яна спачатку пайшла не ў той бок, дзе было возера і дзе жыла знахарка, а нібы ў Курані. За глінішчанскім выганам збочвала ў балотны хмызняк сцежка, па якой прабіраліся ў Курані, калі падсыхала на балоце, — па ёй да Куранёў было многа бліжэй. Хадоська і пайшла па гэтай сцежцы. Але вярсты праз паўтары яна з гэтай сцежкі перабралася на другую, што вяла ўжо да рэчкі. Паўз рэчку, хмызняком, яна і надумалася ісці к возеру, к Захарысе.
"Пайду лепей да Захарыхі, — рашыла яна. — Зробіць, і знаць ніхто не будзе… Як і не було…" Супакоіўшы сябе, яна ішла ўжо лёгка і хутка, з той яснасцю і пэўнасцю, якая бывае, калі вядома, што трэба рабіць. Але чым бліжэй падыходзіла яна да месца, дзе жыла знахарка, тым больш лёгкасць гэта і пэўнасць знікалі. Мацнеў страх: Захарыха з нячыстай сілай, казалі, знаецца. З ведзьмакамі бачыцца…