Яна пайшла цішэй. Які непрыветны дзень, які нядобры гэты голы, чорны балотны хмызняк! Густая, халодная вада ў рэчцы, трава, памерзлая, мокне ў вадзе. Аж самой холадна робіцца. Холадна і непрытульна. Думаць не хочацца, нічога не хочацца… "Не пайду к вядзьмарцы… Грэх — у вядзьмаркі…"
З-за чэзлага алешніку выглянула вольная, з рэдкімі купамі кустоў прагаліна, чубы чароту. На прагаліне там і тут лужыны, цёмная паска вады між чароту. Мімаволі прыпынілася. Возера.
Адразу, як ступіла на прагаліну, пачула, як апала, зазыбалася пад нагамі дрыгва — вось-вось прарвецца. Тут ужо звычайна стаіць вада, проста за лета сышла крыху, сухмень быў такі! Халады прыхапілі лужыны лядком, купіны пацвярдзелі — асядаючы, патрэскваюць, лядок крэкча, лопаецца. Чуючы, як угінаецца дрыгва, пайшла мімаволі асцеражней: каб не праваліцца. Схамянулася адразу ж, падумала цьмяна: цяпер усё роўна, прарвецца не прарвецца — баяцца няма чаго. І ўсё ж ступала асцярожна…
Ну, от і ўсё. Зараз… Там, за чаротам… А чарот — перад тварам… Крок, яшчэ крок… Цішыня якая. Нідзе ні душы… Ніхто ведаць не будзе… "Не памінайце ліхам, мамачко, татко!.. Не карай, Божачко, ты бачыш, іначай няможно!.." Ішла, як у сне, правалілася адной нагой па калена, ледзь утрымалася на купіне, пасунулася далей. От ужо чарот, ён амаль усюды ў вадзе. Трэба пашукаць сухога купіння, падабрацца да глыбіні…
Там, дзе "вока", правалілася, кажуць, царква. Было роўнае, сухое месца, а правалілася царква, і стала "вока" — возера. Не такое, як усюды, без дна…
От тут, каля лазовага куста, сушэй. Можна падабрацца, за беражком — чыстая вада. Глыбіня… Пачула, як калее, гарыць нага: зірнула, на лапцях, на лытцы чорная твань стыне. Выцерла краем світы — скура чырвоная, аж заходзіцца ад холаду! І вада, пэўна, сцюдзёная!.. Не стаяць, не думаць, хутчэй — туды!..
Дрыгва ўгнулася глыбей. Вось-вось прарвецца. Якая ж яна чорная, жахлівая, глыбінь "вока"! Дзіва — без дна! Усе рэчкі і азёры маюць дно, а тут — без дна! Таму яно такое чорнае, страшнае! Недарма чэрці любяць яго!.. Толькі два-тры крокі… І ўсё. І бездань!.. Здалося раптам — штосьці цягне туды, у бездань. Галаву кружыць!.. Жах напоўніў грудзі, скаваў холадам. Хадоська ўхапілася рукой за дубцы куста, толькі б утрымацца!
Здалося, пачула: адплывае, паўзе ўніз мярэжка… А тое, невядомае, страшнае, усё вядзе, цягне к глыбіні, усё кружыць галаву…
Хацела сысці, адбегчы — і скрануцца не магла. Тое, страшнае, нібы трымала за рукі, за ногі!.. "Мамачко, татко!" — застагнала, закрычала, але і голасу не пачула. Голасу не было. Нібы анямела!..
Яна кранулася, яшчэ не цямячы нічога. Чула, што хтосьці глядзіць услед, баялася азірнуцца. Страх поўніў усю яе, але яна ішла. Дрыгва апаўзала, гнулася, трашчала, Хадоська ніяк не думала пра тое, што можа праваліцца. Чула за сабой толькі страшнае, што цягнула ў глыбінь…
Яна ўжо была блізка ад алешніку, што ішоў вакол прагаліны, калі пачула раптоўны трэск. Трэснула сухая галіна, але яна не зразумела, што гэта. Неспадзяванасць як бы вярнула ёй прытомнасць, яна страпянулася і дзіка рынулася к лясочку…
2
Калі возера засталося ззаду, Хадоська не адразу супакоілася. Доўга бегла па алешніку, баючыся азірнуцца, пакуль стала разбірацца, дзе апынулася і куды трэба ісці.
Ні сняжку, ні інею тут не было, і густы нават цяпер хмызняк здаваўся надзіва цёмным. Месца было глухое, хоць бы след дзе трапіўся. Яна ішла наўздагад, заблудзілася зусім, непрыкметна падышла аж пад самыя Глінішчы — за дрэўцамі, зусім блізка, на грудку былі агароды, хаты. Толькі тады зразумела яна, дзе сама, як знайсці хату Захарыхі.
Цёмны, затоены курэнь, які шукала. Вокны чорныя, страха навісла, зялёная, струпаватая. Над хаткай дымок уецца, Хадоська зірнула з падазронасцю, ці не ўбачыць чаго ў тым дыме. Не, дым як дым.
Хадоська стаяла, аддыхвалася, чула, як мерзнуць ногі, але стукаць не спяшалася. Паволі збіраўся прыцемак, дрэвы гусцелі, збліжаліся адно з адным, насоўваліся, абступалі шчыльней.
Калі наважылася пастукаць, з кураня за дзвярыма пачулася асцярожнае:
— Хто тут? — Голас быў нізкі, як бы прастуджаны.
— Ето я… — выціснула Хадоська.
— Хто? Не пазнаю… Аўдоля?
— Я… Хадоська…
— Якая Хадоська?