— З Куранёў…
— З Куранёў?
У хаце шарганула засаўка, дзверы крыху адчыніліся, і ў вузкую пройму высунулася галава. Толькі зірнуўшы, жанчына адчыніла дзверы смялей і ўпусціла Хадоську.
Адразу ж, як Хадоська ўвайшла, засаўка шарганула зноў. У хаце было ўжо зусім цёмна, і Хадоська стала, як сляпая.
— О тут — лаўка, — пацягнула, пасадзіла яе знахарка. Хвіліну яна маўчала, і гэтае маўчанне здалося Хадосьцы доўгім і нядобрым. Хадоська нібы пачула на сабе позірк, дзіўны ў такой цемры. Як знахарка магла што ўгледзець?
— Што ў цябе? — прасіпела нарэшце знахарка. — Баліць што?
Хадоська пачула, што твару стала горача. Не магла сказаць ні слова.
— А ты — калі што якое… не думай нічого!.. Не саромейся.
Хадосьцы зноў здалося, што знахарка ў цемры прыглядаецца да яе. Чагосьці чакае. Але Хадоська, як і раней, маўчала, няёмка, насцярожана.
Знахарыха раптам ударыла:
— Нагуляла?
Хадоська аж сціснулася, згорбілася. Ледзь не згарэла — здалося, знахарка смяецца з яе! Захацелася ўскочыць, кінуцца. Абы-куды, толькі б з хаты! Куды вочы глядзяць! Дурная, прыйшла! Панадзеялася!.. Але Захарыха сказала чула, спачувальна:
— Што ж — дзело маладое…
Яна падышла да печы, сунула к агню лучынку. Запаліла агонь на камінку. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Не старая, не худая, твар, як у другіх жанок, нос шырокі, зусім не вядзьмарскі. І валасы падабраны пад хустку. На шчацэ чорная плямка сажы…
— Не адна ты… Не першая, не апошняя… — Захарыха таксама акінула позіркам Хадоську. — Даўно ето ў цябе? Месяц, два?
Хадоська, чырванеючы, адказала. Знахарка супакоіла:
— Нічого, не позно.
Калі Захарыха стала занавешваць посцілкамі акенцы, пасмялелая Хадоська агледзелася: агонь з камінка добра асвятляў палаці, накрытыя посцілкаю, стол, на якім пад абрусам горбікам значыўся хлеб. У кутку над сталом, абвешаныя ручнікамі, цьмяна паблісквалі абразы, такія, як і ва ўсіх. І ўсё было такое ж, як і ў другіх, і палічка з міскамі каля дзвярэй, і драўлянае вядро на лаўцы, і невялікая старая скрыня, толькі на цёмных, з мохам і крывымі шчылінамі, сценах многа касмылёў сушанай травы. Ды на палічках каля печы — нейкія пляшачкі…
— Глядзіш, як жыву? — перахапіла яе позірк Захарыха. — Пагано жыву! Зайздросціць няма чаму…
Хадоська ціха паківала галавою.
— Була пара — жыла! Ды кончылася ўсё! Дурноты ў людзей развялося!.. Не знаюць дабра свайго. Сляпыя, як дзеці… На анціхрыстаў, на душагубаў етых, дахтароў, надзеюцца!.. Надзеюцца — і прападаюць цераз тое, бо дахтары тыя толькі рэжуць ды труцяць!.. — Яна загаварыла даверна, шэптам: — Загад такі выйшаў, кеб усіх, каторыя нутром нядужыя, пераводзіць. Кеб, значыць, папсаваных не було. Усё адно як каторы нядужы саўсім, той і не чалавек! Я унь колькі такіх хворых вылечыла, жывуць ды Бога і мяне хваляць. Дак начальнікі дахтароў тых злосць вялікую на мяне займелі, што я лячу людзей… Не па закону, кажуць, лечыш. Не маеш права, маўляў, хворых лячыць, хворых па закону трэба пераводзіць!..
Хадоська слухала, вельмі спачуваючы няшчасным: хворых нішчыць загадваюць, падумаць толькі!
— І ад таго гразіцца сталі мне начальнікі. У цюрму нават абяцаў адзін шалапут, з сельсавета… — Захарыха ўздыхнула: — Цяжко, ой цяжко! Хоць у пельку… — Яна кінула вокам на Хадоську, дзелавіта запыталася: — Прынесла чаго?
Хадоська, задуменная, расчуленая, не зразумела:
— Што?
— Ну, етае, кеб заплаціць за работу…
— А-а… Прынесла.
Хадоська дастала з-за пазухі насоўку з грашыма, выбрала ўсё да капеечкі, аддала. Зняла світу, скінула скарб свой — каптанчык вышываны: скажа матцы, што згубіўся. Захарыха, якая хацела была лічыць грошы, ухапіла каптанчык, нецярпліва пакруціла ў руках, агледзела. Каптанчык, відаць, прыйшоўся даспадобы — дзіва, каб такі каптанчык не спадабаўся! Захарыха нават надзела яго, але тут жа схамянулася, зняла, згарнула.
Палічыўшы грошы, знахарка глянула на Хадоську.
— Ето — усё?
— Усё… — прашаптала Хадоська. Багата ж як ёй трэба! Яшчэ, чаго добрага, і не захоча рабіць!
— Мало етаго…
Хадоська маўчала. От, канечне ж, не захоча. Верне грошы, скажа: ідзі як прыйшла! Але ж дзе ёй, Хадосьцы, узяць тых грошай яшчэ!
— Няма болей!..
— Ну, няхай ужэ… — прамовіла мякчэй Захарыха. — Адно — што шкода мне цябе… Добрая я…
Яна схавала грошы кудысьці пад паху, паклала каптанчык у скрыню, якую тут жа замкнула на замочак, падалася к печцы. Упраўляючыся пры печцы, загадала Хадосьцы разуцца, дала рваныя сухія анучы, прынесла карэц гарачай вады з чабаровай заваркай. Хадоська пераабулася, напілася. Пачула, як па целе пайшла лагодная, млосная цеплыня.