Выбрать главу

— Угрэлася? — заўважыла Захарыха. — А ты распраніся. Скінь світу… Няма чаго…

Хадоська зноў зняла світу. Цяпер ужо сядзела, як дома, у шэрай зрэбнай кофце, сіняй спадніцы, на якой фарба ляжала плямамі. Сядзела, сачыла за знахаркай, якая поркалася каля печы, і чула, што ўжо амаль не баіцца яе. Ныла толькі тужліва ў грудзях трывога перад адным, нязнаным ніколі, але нядобрым, страшным, што было цяпер так блізка.

Вярнуўшыся ад печы, Захарыха глянула зноў так строга, што Хадосьцы стала боязна.

— Пакляніся — кеб ні слова пра ўсё! Ніколі, нікому!

Хадоська хуценька, спяшаючыся, сказала:

— Ніколі, нікому ні слова! Як перад Богам! — Яна перахрысцілася.

— Як скажаш — дабра не чакай! — пагразілася Захарыха.

Хадоська так зірнула ў адказ, што было відаць: хай рэжуць, хай паляць — не дазнаюцца нічога! Тады Захарыха загадала:

— Лажыся!

Хадоська не варухнулася, як бы не чула. Знахарка хацела пакласці яе сама. Але як толькі кранула рукой, Хадоська дзіка адкаснулася:

— Не!

— Дурная, чаго ты?!.

Хадоська прамаўчала. Сорам, страх, агіда, роспач — усё было на яе твары разам. Ён гарэў агнём…

— Як бы — што якое!.. Як бы — адна такая!.. Було тут, перабуло такіх…

Вочы Хадоські таксама гарэлі, дзікія, поўныя адчаю. Не верылася нічаму…

— Дзело — простае, дзявочае… Няма чаго тут!..

Захарыха пайшла да палічкі, вярнулася са шклянкай нейкага настою.

— На от — выпі… Супакойся…

Хадоська паслухмяна ўзяла. Зубы яе дробна, трывожна калаціліся аб край шклянкі…

3

Усё аказалася такім страшным, такім балючым, што дзіва, як выцерпела. Балела, як ніколі, нішто. Але горш за ўсё — было страшэнна брыдка, агідна, сорамна. Так агідна, сорамна, што, калі скончылася, не магла вачэй падняць на Захарыху, — хацела хутчэй выбегчы адсюль абы-куды. Толькі б не бачыць, не чуць яе побач! А Захарыха гаварыла, супакойваючы:

— От і ўсё. Лічы ўжэ — нічога і няма… Як і не було… Кроў шчэ будзе ісці, але ты не думай нічога… Так і трэба… А так, лічы, усё ўжэ… Нічога няма…

Яна сама правяла Хадоську за лес. Хадоська ішла, стомленая без меры, дзіўна аслабелая, чуючы ў сабе нязнаную, страшную спусцеласць, з тупым здзіўленнем думала, што вакол — яшчэ той жа самы вечар, які пачынаўся, калі яна прабіралася сюды! Той жа вечар — толькі сцямнела так, што дрэваў не разабраць. Так мала мінула часу, а колькі перадумана, перажыта. Як усё, здаецца, перамянілася. Яна ўжо нібы не яна, нібы зусім другая. Зусім перамянілася. Зусім нібы незнаёмая… А вечар — яшчэ той самы, толькі што пацямнела. Тады толькі пачынала цямнець, а цяпер — змрок, дрэвы здаюцца плямаю, сцежка — плямаю, святлейшай трохі. Неба ледзь шарэе. Усё так хутка абышлося, а здаецца — няхутка. Многа, здаецца, часу прайшло… І так важка на душы. Так пуста і брыдка… Нядобра — перад Богам… Ён зжаліцца. Даруе. Даруй, Божачка! Ты ўсё знаеш… Даруй…

— Дак кроў будзе шчэ… Ты не бойся, калі што якое… А так — як і не було… — Захарыха напомніла з пагрозай: — Дак — кеб нікому ні слова!

Хадоська пачула палёгку, калі знахарка прапала ў змроку. Цяпер Хадосьцы хацелася быць адной, ні з кім не сустракацца, ні з кім не бачыцца. Адной з тым нядобрым, брыдкім, што гняло, прымушала стараніцца ўсіх. К цётцы яна не пайшла. Абышла полем і сяло, каб ненарокам не сустрэцца з кім-небудзь са сваякоў, абмінула, як і ўдзень, Алешнікі. На балоце абхапіла яе грознай цемрай. Хадоська падалася крадком, пільна прыслухоўваючыся. Падступіў, сціснуў грудзі страх: "Божа, не карай мяне! Даруй, Божачко!.."

Абышлося. Прабілася цераз грэблю ціха. Бог пашкадаваў. Але як толькі зажаўцелі рэдкія агеньчыкі з сяла, нядобрае, брыдкае ажыло зноў. Каля чорных хат стала зусім — нібы не сваё сяло, чужое. Ісці наважылася не скора, падалася, тулячыся да платоў, баючыся сустрэцца.

Ніхто не спаткаўся. Дома таксама спалі. Маці прачнулася, прамармытала праз сон, што вячэра ў печы, Хадоська сказала — есці не хочацца. І хата свая здалася не такой, як раней. Усё іншае. Хадоська хутчэй раздзелася, легла, накрылася з галавою посцілкай. Нічога не чуць, нічога не думаць! Заснуць адразу, прачнуцца, забыўшыся пра ўсё. Але не спалася, усё, што бачыла, наплывала і наплывала ў памяць. Было чагосьці вельмі шкода, і было горка, і хацелася страшэнна плакаць. І яна плакала, душачыся слязьмі, баючыся, каб хто-небудзь не пачуў. Са слязьмі і заснула.

Абудзіў яе трэск агню ў печы, рып дзвярэй. Маці гатавала сняданне. Бацька скінуў абярэмак дроў. Хадоська хацела, як заўсёды, ускочыць, адзецца, але як толькі варухнулася, пачула — унізе жывата апякло, як агнём. Сарочка была мокрая, яна паднесла руку к вачам: кроў!