"Нічога… — супакоіла сябе Хадоська. — Захарыха казала, што кроў будзе. Кеб не пужалася… Так, мабуць, трэба…" Яна больш занепакоілася аб тым, каб маці і бацька не ўбачылі, не сталі дазнавацца.
Увесь дзень Хадоська хадзіла, завіхалася, як магла, старалася адагнаць, заглушыць сорам і прыкрасць, што ніяк не хацелі ні адступацца, ні ціхнуць. Не магла глядзець у вочы бацькам — здавалася, вось-вось даведаюцца пра яе ганьбу. Ёй было так нядобра! І калі б толькі адна тая пакута, што на душы! Боль у жываце часта рэзаў так, што губы кусала, каб не застагнаць.
Яна са страхам заўважала, што ўсё больш слабее, ногі самі падгінаюцца. Толькі б не ўпасці, датрываць бы да вечара! Абнадзейвала, суцяшала сябе: "Нічога, нічога… Пройдзе…"
Пад вечар маці паслала яе ў склеп прынесці бульбы. Ледзь Хадоська ўзняла каробку з бульбай, як пранізаў такі востры і моцны боль, што аж зацяло дыханне. Адразу ж няспынна пайшла, палілася кроў…
Яе ахапіў жах. Ад жаху яна не помніла, як выбралася ўгару. Калі выйшла з прыгрэбніка, галава закружылася так, што яна ледзь не ўпала. Усё ж неяк дацягнулася да ганка і тут без сілы аб'ехала на ступенькі. "Людзі пабачаць…" — падумала з трывогай. Але ўстаць адразу ўжо не хапіла сілы.
Яна наўколенцах дабралася да парога, чапляючыся пальцамі за дрэва, паднялася, увайшла ў сенцы, адчыніла дзверы ў хату. Маці, як толькі ўбачыла збялелы твар яе, жахнулася:
— Дочачко! Што з табою?!.
Хадоська важка дапала да ложка, павалілася. Маці спалохана залямантавала:
— Ой, горачко ж ты маё!.. Што ж ето?!. З'ела што паганае, ці што?!. Горачко ж, гора!..
Хадоська маўчала. Яна чула, як кружыцца галава, дзіўна пустая, вялікая, як нейкія хвалі гайдаюць туды-сюды. Было чамусьці вельмі холадна нагам, плячам, спіне, усяму целу, яна стала ўся дробна, нястрымна дрыжаць. Маці накрыла яе спачатку коўдрай, потым світай, а холад гэты ўсё не адыходзіў, дрыжыкі не ўціхалі. Калі прыехаў з лесу, увайшоў у хату бацька, яна ўбачыла яго як бы праз ваду і пачула як бы праз ваду: "Табе мо што трэба?.." Яна адно моўчкі павяла галавой.
А кроў ішла і ішла, і здавалася, не сунімецца ўжо ніколі. І здавалася, што з крывёй ідзе з яе і цяпло, і жыццё. Заплюшчыўшы павекі, на якія падала з камінка чырвонае святло, яна скрозь дрымоту падумала раптам: "От і канец мой падыходзіць… Смерць мая…" Падумала — і не адчула ні страху, ні жалю, усё было абыякавым, пустым.
Толькі адно дайшло, узварушыла: даючы нейкага зелля, маці сказала, што, можа б, Захарыху-знахарку пазваць. Хадоська як бы ажыла, падняла галаву, ціха, але рашуча прамовіла:
— Не!
Усю доўгую ноч маці не адыходзіла ад яе, укрывала, уздыхала, шаптала малітвы, давала піць зелле. Хадоська то драмала, то абуджалася, то ляжала так, што сон і ява спляталіся, трацілі межы.
"Памру. Ну, і няхай памру…" — думала яна, вяртаючыся да явы.
Пад раніцу бацька запрог каня, паехаў па доктара ў Загалле. Яны прыехалі, калі ў вокнах было ўжо бела — мітусіліся першыя, дачасныя сняжынкі. Доктар, распрануўшыся, пагрэўшы каля печы рукі, выгнаў усіх з хаты. Калі ён падступіўся, Хадоська спачатку запрацівілася, але варушыцца, гаварыць было так цяжка. І не было ўжо ахвоты. Было ўсё абыякава.
— У Юравічы! У бальніцу — зараз жа! — сказаў доктар, пазваўшы бацьку з сянец…
Калі заплаканы Ігнат, Хадосьчын бацька, вёз дачку цераз грэблю, яму спаткаўся Чарнушка, які ехаў з Глінішчаў ад Годлі. Чарнушка, задаволены тым, што клопат з кофтай збыты, і збыты ўдала, ахвотна спыніў каня.
— Куды ето, Ігнат?
— Дачка… — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!..
Ганна саскочыла з калёс, спалохана падбегла да Хадоські. Яе ўразіла: Хадоська ляжала, нібы ў дамавіне. Незнаёма схуднелая, без крывінкі, як нежывая.
— Хадосечко!.. Што з табой?!
Хадоська зірнула на яе як бы здалёк. Яна быццам не адразу пазнала, але калі пазнала, ажыла, павекі варухнуліся трывожна, непрыхільна. Адразу ж непрыязна заплюшчыліся.
"Глядзець не хоча!.." — сумелася Ганна.
Хадосьчын бацька правёў рукавом па твары, тузануў каня.
Раздзел пяты
1
Апошнія перад вяселлем дні ішлі ў хапатлівай гонцы. Абдзіралі, рэзалі, секлі цяліцу, смалілі, разбіралі кабанчыка, пяклі хлеб, каржы, коржыкі — смалілі, пражылі столькі, што з непрывычкі ад пахаў станавілася млосна. Усё, над чым дрыжалі не адзін месяц і што трэба было расцягнуць да лета, хутка, на вачах, рабілася смажаным і печаным, ненадоўга зносілася ў сыры і цвілы Чарнушкаў "пограб". Ганнін бацька ўдзень і ўвечар прападаў недзе на ўзболатку ў зарасніках, поцемкам вазіў туды бочкі з брагаю, адтуль крадком валок барыльцы і біклагі самагонкі.