— У Грыбка вазьмі! Бы на чужыне, бы ніхто не знае, якія штаны ў мяне, якія ў Грыбка! Тыя штаны ўжэ хто ні насіў: мо паўсотні вяселляў справілі! Ледзь не ўсякі жаніх у Грыбковых штанах! — Ён пакруціў у руках свае святочныя штаны. — Якія е, такія е, затое не чужыя…
Ганна, задуменная, сур'ёзная, адгукнулася:
— Дзірка ў іх на латцы, на каленях… Дайце зашыю.
— Ты б сказала, кеб самую сабіралі. От-от прыехаць могуць!
— Упраўлюся.
Яна ўзяла штаны, прысела на высокіх палацях, засланых новаю коўдрай, пад якой было ўсякага рыззя, пачала звыкла завіхацца з іголкай.
Штаны былі не то шэрыя, не то жоўтыя: іх хацелі неяк паднавіць, пафарбавалі, але фарба аказалася з фокусамі, узялася няроўна, а лапіны вымалявала зусім інакш, пад спелую цыбулю. Але Чарнушка як бы і не бачыў гэтага знаку сваёй беднасці — з сумам, з замілаваннем глядзеў на дачку, на яе рукі, на чорныя валасы, смуглявы лоб. Калі Ганна падала яму штаны, ён пачуў, як збіраюцца недарэчныя слёзы, ледзь стрымаўся.
— Ну от, перахаджу неяк! У сваіх!..
Мачыха вярнулася ад суседкі радая, з кофтай, але як толькі ўбачыла Чарнушку, пакрыўджана нахмурылася, адвярнулася, мабыць, не збіралася дараваць спрэчкі. Бацька таксама, было відаць, не збіраўся вінаваціцца…
— Матко, маладую час убіраць, — сказала старая Аўдоля, што корпалася пры печы.
— Знаю сама, што пара! — Мачыха, не гледзячы на чалавека, паклала кофту на палаці, загадала Ганне садзіцца на ўслон. Усе, хто быў у хаце, жанкі, дзяўчаты абкружылі Ганну: адны — каб памагчы мачысе, другія — дружкі — каб зрабіць тое, што належыць ім, выбраным за дружак, трэція — каб проста паглядзець. Такая падзея ж!..
Чарнушка квола хіснуўся, падаўся к дзвярам. Заўважыў на печы Хведзьку, які таксама прыціх, навастрыўся вочкамі, — хмурна кіўнуў галавою: злазь! Узяўшы малога за руку, бацька рвануў клямку і знік у сенцах…
Ён выйшаў на ганак — коні былі ўжо запрэжаны, мокры вецер варушыў каснікі на вуздзечках, на дузе. Чарнушка пастаяў разгублена, трымаючы ў руцэ забытыя штаны, патупаў назад у сенцы. У сенцах ён памыўся, перайшоў у каморку, памазаў лоем валасы, каб ляжалі, пераадзеўся ў картовыя, з цыбулькавымі лапінамі штаны, раптам без сіл апусціўся на кубел. Невядома, колькі сядзеў бы так ён, калі б Хведзьку не надакучыла гэта і малы не шмаргануў яго за рукаў. Чарнушка зварухнуўся. Калі ён зноў ступіў у хату, Ганна ўжо стаяла заплеценая, у новай атласнай кофтачцы, у чырвоным, з зялёнымі клетачкамі андараку, у чырвоных матчыных чаравіках-паўбоціках.
Чарнушка глянуў — вянок на Ганне, вэлюм спадае да долу, лёгкі, нібы і не важыць нічога. Над белай атласнай кофтачкай, у вэлюме так добра, прыгожа віднеецца смуглявасць яе твару, дужкі броваў, вільготныя, як спелыя вішні ранкам, вочы. "І ўся яна — як вішня! Як кветка з вішні!.." — падумаў Чарнушка, чуючы, што душу сціснула вялікая журба.
Вянок, вэлюм. Убачыўшы іх, ён, як ніколі яшчэ, пачуў бяду. Не, ён не толькі пачуў, ён, здалося, убачыў гэтую бяду — у вянку, у вэлюме, грозную, страшную. У яго зноў аслабелі ногі, рукі так, што ледзь хапіла сілы, каб падняць руку, сцерці з вачэй штосьці мокрае, туманлівае. Ён адразу адарваў позірк ад Ганны, стаў тупаць па хаце, абы тупаць, абы не думаць, не глядзець на дачку ў вянку, у вэлюме…
Усё, што ён бачыў, што чуў, дзіўна адгукалася ў ім журбою. Некалькі разоў убягалі ў хату дзяўчаты, аб'яўлялі: "Едуць!" Пачыналася мітусня, трывога, і журба ў ім пякла мацней, потым аказвалася, што трывога дачасная, усе прыціхалі, але сум яго не прападаў. Дзяўчаты, жанкі спакойна гаманілі, спявалі, нудзіліся, а яго журба ўсё тачыла і тачыла.
Нават тое, як спакойна сядзела, чакала свайго дачка, таксама вярэдзіла яго душу. Яна была такая ціхая, якой бацька і не помніў ніколі, слова, здаецца, не прамовіла. Вакол яе перакідваліся смешкамі, прыслухоўваліся нецярпліва, толькі яна адна была маўклівая, ціхая. Гарэзніца, нецярпліўка заўсёды!..
Нішто не змянілася ў ёй і калі пачулася музыка: спачатку толькі буханне барабана — бух, бух, бух, потым урачыстыя, з жаласным хліпаннем, пералівы гармоніка, пісклявы, прарэзлівы віск дудкі. Музыкі хутка набліжаліся, дудка і гармонік чуліся ўсё лепш і лепш…
Адна з Ганніных дружак, гарэзная, вяртлявая Маруся, ускочыла, прыслухалася са страхам, абвяла вачыма дзяўчат, крыкнула:
— Дружыно! Ето ж — чужыя якіясьці пад'язджаюць!.. Маладую нашу Ганулечку, мабыць, адабраць хочуць?!. — Яна грозна нахмурылася, кінулася к дзвярам. — Не аддадзім яе!..