Выбрать главу

— Не аддадзім!.. Выручым!.. Прагонім, калі што якое!.. Ці — няхай па-добраму! Выкупяць няхай!.. — Усе, хто быў у хаце, акрамя Ганны, з вясёлым шумам, крыкамі высыпалі на ганак, на двор.

Чарнушка зірнуў на Ганну: толькі яна не ажыла. Уздыхнуў, ціха выйшаў за ўсімі…

2

Музыка на вуліцы — перад самай хатай — сціхла, і Ганне стаў чуваць гоман многіх галасоў, воклічы, нейкія каманды. Спрэчкі, рогат барацьбы… "Не пушчаюць. Выкупу дабіваюцца…" — прайшло ў яе галаве.

"Багато народу, пэўна…" — падумала яна, як думаюць аб нечым далёкім, чужым. Увесь гэты гоман, спрэчкі, смешкі гэтыя, што прабіваліся з вуліцы, з двара, даходзілі да яе як у сне, як бы зусім і не датычыліся яе.

Яна сама была як у сне. Жыла неперажытым. Гэта пачалося ўчора, калі сышліся госці… Пілі, елі, гаманілі… Яна таксама піла. Піла не таму, што хацела, а таму, што не піць гарэлку маладой нядобра. Есці яна зусім не магла. Пасля таго, здавалася, бясконцага гатавання, ад якога і цяпер балелі рукі і было моташна, на яду і глядзець не хацелася.

— Чаго ты, Гануля, не ясі нічого? — падыходзіў бацька, які паглядваў на яе пільна, журботна. — З'ела б чаго, а, дочачко?

— Пад'ела ўжэ… Не хочацца…

— Пірага б узяла. Ці — халадцу?

— Я хіба коржыка вазьму…

— Еш. Бо так скора сп'янішся…

Яна і праўда хутка сп'янела. У галаве шумела, перад вачыма ўсё гайдалася, плыло — міскі, пляшкі, мачыха, людзі. І ад гэтага мацнела дзіўнае адчуванне, што ўвесь гэты тлум, гэтая п'яная вячэра — усё гэта не для яе, далёкае і чужое ёй — чужое свята, чужое вяселле!..

Калі госці разышліся, ёй, сп'янелай, ледзь хапіла сілы, каб раздзецца, залезці пад коўдру, але сон доўга не ішоў. У галаве кружылася, блыталася — гамонка, песні, твары. Зыбаўся, плыў кудысьці ложак, было вельмі млосна ў грудзях, і здавалася, гэта ніколі не скончыцца… Заснуць, заснуць бы як-небудзь, не чуць, не бачыць, забыць усё!..

Сон быў такі, што і ў ім штосьці доўга блыталася, перамешвалася, плыло. Раптам яна закрычала са стогнам, прачнулася зусім, мокрая ад поту, поўная гідоты і страху. Рукі яе, усё цела было нацята, дрыжала.

— Што ты? Што з табой? — трывожна запытала мачыха.

— Н-нічога. Сон п-прысніўся…

— А-а. Перахрысціся. Спі…

За акном церусіў дождж, было чорна і ціха, як у магіле. Лежачы, спакваля спакайнеючы, яна паспрабавала было ўспомніць, што снілася, але не змагла: згадваліся толькі абрыўкі. Луг, заліты сонцам. Васіль косіць. Капа сена. І неспадзеўкі — абруч гадзюкі на назе!..

Дурман ад гэтага сну не выходзіў увесь ранак. Жыў і цяпер. Што ён значыць, гэты сон? Аб чым кажа, што прадвяшчае?

Яна чула ўтому ва ўсім целе, як пасля цяжкой працы. Балела галава, і, як шчасця, хацелася цішыні, спакою, адзіноты. Але на ганак, у хату ішоў гоман, людзі, многа людзей. Нібы ў сне, нібы чужога, убачыла яна Яўхіма, які пад віск і грукат музык, што зайгралі марш на двары, уварваўся ў хату з Ларывонам, з Сарокай, з цэлай хэўрай прыяцеляў сваіх, такі ж, як яны, шумлівы, рухавы, вясёлы. Ён быў у новым касцюме, у скураных блішчастых галіфэ, у блішчастых ботах, сам увесь блішчасты: твар ільсніўся чырвона, як памазаны салам. Нават вочы былі быццам памазаныя, блішчалі масляніста, радасна. Шапачка з шырокім блішчастым казырком зухавата з'ехала на самае вуха. І ўвесь ён кідаўся ў вочы незвычайнай зухаватасцю. Не было відаць і знаку таго, што ён не спаў ноч, гуляў, піў.

"Набраліся ўжэ і сягоння, апахмяліліся…" — прайшло ў Ганнінай галаве.

— Памагай Бог у хату! — голасна сказаў Яўхім, зірнуў вясёлымі масляністымі вочкамі на Ганну.

— Дзякуем… Дзякуем на добрым слове! — выбегла наперад яму мачыха. Ганна ўбачыла — яна, як дзіця, прыціскала да грудзей новыя боты — напэўна, Яўхімаў падарунак. — Азалаціў ты мяне! — аж заспявала яна. — Век — пакуль буду — Бога маліцьму… за тваю ласку!..

Усе навокал шумелі, зайздросцілі мачысе: гэта дык падарунак — багацце цэлае! Вось жа шчасце ўвалілася ў рукі Цімашысе!

— Ето — кеб не гразко і не холадно хадзіць було к свайму зяцю! — Яўхім так гаварыў, так глядзеў на ўсіх, што Ганне падумалася: лічыць — ён тут самы жаданы, самы важны, гаспадар і бог!

— От, няхай табе, Яўхімко… — не магла супакоіцца мачыха, — што ты хочаш — няхай усё будзе. За тваю такую дабрату… — Яна паглядзела на боты, жаласна скрывілася, засмаркалася і раптам палезла к Яўхіму цалавацца. — Кеб табе ўсяго було добрага — вазамі. Кеб удача вялася, не пераводзілася…

Калі Яўхіма павялі да покуту, яна бегла побач.

— От тут… От тут, Яўхімко, зяцёк ты мой залаты!.. Тут тваё мясцечко!.. А тут — буяры твае!..