Выбрать главу

Яўхім сеў за стол, скамандаваў:

— Буяры-гусары! Наша пазіцыя, кажуць, тут! Садзіся!

Ганну з дружкамі пасадзілі за другі стол. Як толькі паселі, барадаты Пракоп наліў чарку гарэлкі, і за сталамі, і не толькі за сталамі — у парозе, каля печы, дзе тоўпіліся цікаўныя, нават за шыбамі, да якіх плюшчыліся твары, ураз прыціхлі: усе ведалі — зараз будзе не абы-якое відовішча!

— На талерку, на талерку пастаў!.. — пачулі ўсе ў хаце Сарочын шэпт. Сарока шмарганула свата за рукаў.

— Не трашчы! Сам знаю! — вырваў ад яе рукаў, аб'явіў уголас Пракоп.

Сарока закапыліла губы, пакрыўджаная, злосная. Пракоп жа паставіў чарку на талерку і няўклюдна, з важным выглядам паднёс да Ганны. Чуючы на сабе позіркі многіх людзей, Ганна, як у даўно завучанай ролі, паклала на чарку хустачку. Усе, хто сядзеў за сталамі, стаяў у парозе і за вокнамі, добра ведалі, што і як павінна быць далей, але сачылі з пільнай увагай. Жыццё ў людзей было не надта багатае на падзеі, на ўцехі — усе нязводна глядзелі, як Яўхім узяў хустачку, як выняў з пінжака, паклаў на талерку грошы. "Цэлыя тры рублі!" — заварушыліся, зашапталіся многія.

Ледзь не ўсіх здзівіла, што Ганна ўзяла такія грошы абыякава, быццам гэта былі не тры рублі, а нішто. "Бач ты, ганарыстая качка, шчэ й не пажаніліся, а ўжэ — як багачка!" — асудзіла маладую Сарока.

Сарока сачыла за ўсім не так, як іншыя, яна цікавала, нецярпліва прагнула: вось-вось прыйдзе момант, калі яна пакажа сябе! Але і недарэка Пракоп і Ганна, быццам назло ёй, рабілі ўсё як трэба: узяўшы грошы, маладая ўзяла потым і чарку і выпіла.

Як толькі выпіла чарку гарэлкі Ганніна дружка Маруся, мачыха выштурхнула наперад к сталам разгубленага, напалоханага Хведзьку, які, апынуўшыся перад людскімі позіркамі, стаў дзікавата азірацца — яўна хацеў шмыгануць у сенцы. Столькі казала, вучыла маці, што трэба рабіць, як прыйдзе яго пара, а выйшаў — ураз забыў усё.

— Хадзі ка мне! — пазвала яго Ганна. — Вазьмі за руку.

— Ідзі, ідзі! Не бойся, браток! — падскочыла да Хведзькі Сарока. — Вядзі к сталу маладога, кеб — даў залатога!

Хведзька азірнуўся на сенцы, падумаў трохі, неахвотна паслухаўся, узяў руку, якую падала Ганна. Глянуў, куды ж весці?

— Туды, да сватоў! — шапнула браціку Ганна, пайшла к Пракопу і Сароцы, якая ўжо важна сядзела за сталом.

— Скажы, кеб заплацілі за маладую! — не ўтрывала, памагла маці.

Хведзька выціснуў:

— Заплаціце… за маладую…

Страшны, як лясун, Пракоп паклаў яму ў далоньку вялікі важкі кружок: гэта быў пятак. Хведзька зацікавіўся, паднёс далоньку з кружком да твару, не адразу і заўважыў, што на яго забыліся. А калі заўважыў — як птушка, перад якой адчынілі дзверы, нырнуў у сенцы…

Пасля таго як бацька і мачыха блаславілі маладых на вянчанне, пад віск дудкі, плач гармоніка і буханне бубна Ганна і Яўхім выйшлі на двор. Ганне кінуліся ў вочы музыкі ў лапцях, аблепленыя гразёю да кален…

Было, як і раней, ветрана, хмарна, нібы збіраўся дождж.

— Трэба ж — столькі гразі нарабіло! — сказаў бацька і заспяшаўся к коням. — Бліжэй падгані! К самаму ганку! — крыкнуў ён хлопцу, які трымаў лейцы.

Ладаваліся ў царкву трыма вазамі: на першым Ганна з дружкамі, на другім Яўхім з братам Сцяпанам і дружынай, на апошнім — Пракоп і Сарока. Трэба было выпраўляцца ўжо, а працэсія не краналася: музыкі, якім трэба было ісці за сяло пешкі і перад вазамі, азіраліся на вазы, тапталіся. Цераз некалькі крокаў холадна паблісквала лужына — па калена, не менш…

— Чаго сталі?! — весела крыкнуў Яўхім. — Не бойцеся! Не патонеце!..

Ён зарагатаў. Пад гэты рогат музыкі асмялелі, зайгралі марш і, хоць без ахвоты, але і без скаргі, пацягнуліся к лужыне. Абавязак ёсць абавязак…

Добра, што хата была край сяла: вуліца, дзякуй Богу, нарэшце скончылася. За сялом неўзабаве дарога пайшла не такая гразкая, цвярдзейшая, і да таго ж тут музыкам — па закону — можна было ўжо сесці на воз. Яны з радасцю і палезлі да сватоў.

Цяпер, як і трэба, паехалі наўскач, з галёканнем, са звонам, аж гразь ляцела з-пад капытоў, з-пад калёс.

Імчалі нядоўга. За цагельняй прыцішылі коней, з'ехалі на грэблю. Хоць было гразка, вазы спачатку ішлі цвёрда, лёгка, адно падрыгвалі дробна. Што б там ні казалі, добрую грэблю намасцілі. Шкода толькі, не дарабілі…

— Ну, памагай Бог! — крыкнуў Яўхім, калі першы, Ганнін, воз, хістаючыся на нявідным ламаччы, уехаў у балотную гушчу.

Але Бог не хацеў памагаць. Неўзабаве штосьці пад возам хруснула, і ён асеў так, што дружкі з крыкам паўскоквалі — гразь была пад самымі драбінкамі. Вось-вось на сена, на сядзенне ўспаўзе. І да ўсяго — коні сталі. Як ні гразіўся, ні сцябаў іх скураной пугай паганяты, як ні пяліся яны, ашалела водзячы вачыма, воз не кранаўся.