Выбрать главу

— Эй, чаго там?! Расселіся!.. — крыкнуў дружкам Яўхім, рагочучы. — Скакайце на землю! Памагайце!

— Сам саскочыў бы, такі добры! — адгукнулася за дружак Ганна.

— Мне! — няможно! Я — малады!..

— От і пасабіў бы — маладой сваёй!

Яўхім раптам весела ўстаў, выпрастаўся:

— Ето — праўда! Маладой пасабіць трэба!.. Праўду сказала!..

Ён, як быў, у паддзёўцы, у наваксаваных хромавых ботах, скочыў у гразь. Грузнучы ледзь не да пояса, перавальваючыся, з гарэзнай усмешкай рушыў да Ганны.

— Маладую трэба выручыць з бяды!

Ускочыў у гразь ён, адчувала Ганна, таксама з форсу: няхай, маўляў, глядзяць, бачаць усе, які ён, — і ўсё ж учынак гэты, смеласць яго, адданасць узварухнулі, усцешылі.

За Яўхімам улезлі ў гразь Сцяпан і яшчэ двое.

— Ану — узялі! — загадаў Яўхім паганятаму, таварышам сваім. Ён паспрабаваў падняць воз ззаду, штурхнуць наперад. — Узялі! Раз, два!

Ганна ўбачыла блізка закаханы, гарачы позірк яго, зірнула мякка, удзячна. Ён рабіў гэта для яе, ён і не такое гатоў быў зрабіць для яе, абы толькі было трэба, як бы пабачыла Ганна. Форс яго — толькі для віду, для другіх, дробязь.

Воз нехаця вылез з ямы, асеў у другую, нахіліўшыся так, што, здавалася, траха не перакуліўся, вылез і з гэтай, і з трэцяй; і ўвесь час, пакуль не кончыліся гэтыя ямы, Яўхім ішоў услед, памагаў.

Цягнуліся па грэблі доўга, хоць алешніцкія хаты на нізкім чорным пагорку за хмызняком былі, здаецца, рукой падаць. Халодная, ліпкая твань абапал грэблі, голая, панурая шчэць хмызняку быццам трымалі пры сабе, не хацелі пускаць, адступалі марудна, неахвотна.

Калі выпаўзлі на сухое, спыніліся, пасаскоквалі з вазоў. Жмутамі сена, што выцягвалі з-за драбінак, сціралі гразь з конскіх жыватоў і ног, з калёс, чысціліся, прыбіраліся самі. Яўхімавы хлопцы, хто сам не вельмі вырабіўся ў твані, з рогатам завіхаліся каля Яўхіма: здымалі боты, выкручвалі анучы, абціралі штаны.

— От дак жаніх! — чулася адтуль іржанне. — Самой Захарысе ў пару! І тая спужалася б!..

Ганне таксама было клопату: хоць пераседзела грэблю на возе, фарбаваную світку і андарак гразь пабіла, нібы шротам…

— Ето ж трэба, штоб так разліло! — здзіўлялася Сарока. — То мароз, снег, то гразі — па вушы! Траха не патапіліся душы!

У сяло ўехалі, як і трэба ўязджаць у сяло маладым, важна, урачыста. Яўхім наказаў — каціць так, каб зналі нашых! Музыкі, якія зноў мясілі наперадзе ў лапцях, як толькі падышлі да першых хат, далі такога зыку, грукату, што алешнікаўцы, хто ў чым быў, умомант высыпалі на вуліцу, як на пажар. Старыя, малыя, тулячыся каля платоў і варот, разглядвалі працэсію, гаварылі штосьці адзін аднаму. Найбольш гаварылі, мусіць, аб ёй, і Ганна чула сябе няёмка, як у Куранях, калі гулялі змовіны. Зноў былі ў душы сорам, вінаватасць, нядобрая, няясная трывога…

Недалёка за паваротам завіднеўся пад бляшаным дахам папоўскі дом, за якім, трохі ўбаку за хатамі, ускрай поля, забялела сценамі, зазелянела купаламі і паддашкамі акружаная частаколам і голымі бярозамі царква. Чым бліжэй пад'язджала Ганна вуліцай, прысадамі да гэтай царквы, тым трывожней, цяжэй станавілася ў яе на душы.

Перад царкоўнай агароджай коней спынілі, і маладыя і ўсё іх акружэнне пайшлі к царкве па ўтаптанай дарожцы пешкі. Калі Ганна ступіла за агароджу, трывогу яе раптам, як у вечар пасля змовін, пранізала пякучае джала шкадавання аб тым добрым, дарагім, якое яшчэ нядаўна не толькі не берагла, але і не заўважала. І якое заўважыла, пачула так позна. Перад тым, як страціць. Ступіўшы на ганак, яна мімаволі прыпынілася: так захацелася стаць, пачакаць, адцягнуць тое, што павінна было зараз адбыцца, павінна было палажыць мяжу між ёй і ўсім мінулым, неперажытым яшчэ, дарагім. Так хутка і — назаўсёды!

Але ні стаяць, ні чакаць нельга было. Ззаду, збоку тоўпіліся людзі — дружкі яе, Яўхім, дружына яго, Сарока, Пракоп, алешнікаўцы. Яе, нібы вада дрэва, несла гэта людская плынь у пройму дзвярэй. Проста перад ёю, пабліскваючы пазалотай, чырвона свяціліся алтар, абразы, лампады. Ганна ўбачыла бляск рызы і перавяла позірк на бацюшкаў твар: стары глядзеў насустрач, здалося, пранізліва, строга, быццам бачыў, ведаў усё.

"Што ж я? Грэх жа! Грэх! Божа мой!" — апомнілася, схамянулася Ганна і вінавата, хутчэй пайшла к бляску рызы, к строгаму позірку.

Цяпер яна ўся поўнілася паслухмянасцю і пакорай, той пакорай, якая брала яе ў сваю ўладу тут заўсёды з тых даўніх часоў, калі ўпершыню прывяла яе сюды, маленькую, палахлівую, нябожчыца маці. Паслухмянасць, страх, пакора, што перад гэтым бляскам і таямнічасцю ўвайшлі ў яе ў той дзень, так і засталіся ў Ганне на ўсе гады: няхай не такія моцныя, як у маленстве, але ўсё ж жывыя, неадступныя.