Выбрать главу

— Яўхімко, зяцёк мой даражэнькі, — завіхалася каля маладога мачыха. — Пі і закусвай, чым Бог паслаў! Не грэбуй, Яўхімко, калі што якое ненарокам… Чым багаты, тым і рады, са ўсёй душы стараліся… Кеб усё добра було, кеб не горай, як у другіх людзей… І вы, госцечкі, дружына, кумпанія ўся, піце і закусвайце, чаго каму хочацца!

— А мы і п'ём, і закусваем! — акідваў вачыма дружыну Яўхім. — Мы ету работу любім! Нам абы паболей — такой работы! — Яго прыяцелі дружна ржалі. — Толькі от — маладая чагосьці не есь, не п'е!.. — схіліўся Яўхім да Ганны.

— І так ужэ ў галаве шуміць, як у дождж, — сказала, апраўдваючыся, Ганна.

Бацька ўчуў, заступіўся:

— Няволіць не трэба! Кожны сам знае, сколькі каму выпіць! Сколькі хто можа, няхай столькі і п'е. — Ён паспрабаваў адвесці гаворку ад Ганны, сказаў да Яўхімавых хлопцаў: — Каторыя могуць, няхай п'юць, не баяцца. Гарэлка, сказаць, не куплёная. Грошай не пераводзіў. Сам у кустах нацадзіў!..

— А едкая, ядры яе! Пячэ — горай за агонь! Ето не тое, што хвабрычная! — пахваліў Ганнінага бацьку Ларывон.

— А закуска — шчэ лепей! — падтрымала гаспадароў, помнячы пра свой абавязак, дружка Маруся. — Такое ўсё смашнае, і смажэнне, і пячэнне!

Дзяўчаты, жанкі дружна заківалі галовамі, сталі хваліць яду, мачыху, Ганну, бацьку — хваліць усё, што падабалася і што не падабалася. Ганна слухала гэта без уцехі, ведала — хваляць больш таму, што так трэба ў гасцях. Ды і чаго дзівіцца: многім перабіраць вельмі не было ад чаго — дома картопля з расолам за шчасце…

Людзі п'янелі, і крык за сталом усё мацнеў. Мачыха ўжо не паглядвала з непакоем на сталы, на гасцей, не гадала — хопіць ці не хопіць, — хадзіла няроўна, піла і ела з усімі, падавала, што толькі было. Ганна бачыла, як яна падыходзіла то да адной, то да другой, прыўзнімала доўгі андарак, паказвала Яўхімавы боты, якія былі ўжо на яе нагах.

— Самы раз! Як на мяне шыты! — хвалілася яна Марусі. — А шкура — памацай, — прасіла яна і, калі Маруся мацала халяву бота, гаварыла, радая: — Шкура — цупкая, вырабленая! А падошвы — як зялезныя!.. На ўвесь век хопіць! Хоць кожны дзень насі, не зносіш!..

Але гэтага было мала, шчасце яе павінны былі бачыць усе — выйшла на сярэдзіну хаты.

— Глядзіце! Глядзіце — які падарак зрабіў мне Яўхімко!.. — Яна павяла вачыма, поўнымі шчасця і слёз, у бок Яўхіма: — Зяць мой, залатая душа!

Бацька ўзяў яе за руку, хацеў адвесці ў куток, далей ад бяды, але яна не паслухалася, адхінулася ад яго, павярнулася кругом, каб бачылі з усіх бакоў — якія боты!

— От прыдбала зяцька! — У шуме і гомане гасцей мачыха, размазваючы па твары слёзы шчасця, пайшла да Яўхіма, абняла: — Азалаціў ты цешчу сваю, Яўхімко!.. Век не забуду!.. Такія чобаты!

— Насіце на здароўе, мамо! — голасна і таксама задаволена сказаў Яўхім. — А парвяце — новыя падару! Насіце, не шкадуйце!..

Ён быў сп'янелы, але трымаўся яшчэ моцна. Між усіх, хто сядзеў поблізу, ён, здаецца, і піў, і галёкаў найбольш. Ён і тут чуў сябе самым важным, самым дужым — як бы хваліўся тым, што піць і крычаць можа без канца…

Калі сталі сварыцца прыпеўкамі сваты і дружкі, Ганна неспадзеўкі зноў убачыла Васілёвага браціка. Ён, аказваецца, быў ужо ў хаце — сядзеў з Хведзькам на прыпечку і глядзеў і слухаў — зноў, здалося Ганне, хмурна, не па-дзіцячы сур'ёзна. Ён, мусіць, адзін не рагатаў, чуючы, як дружкі на чале з задзірыстай, звонкай Марусяй кпілі, здзекаваліся са сватоў:

Наш сваток не ўмее ля стала стаяці

Дай з дружкамі размаўляці.

Ідзі ў места ды купі сабе мыла,

Штоб жонка любіла!

Штоб дзеці пазналі

Дай бацькам назвалі!

Ганна сачыла за малым з вінаватасцю і пяшчотай, глушыла ў сабе жаданне падысці да яго — пачаставаць, пагладзіць галоўку, сказаць што-небудзь добрае, ласкавае. Як ні туманіла галаву сп'янеласць, помніла — усе ведаюць, што было ў яе з Васілём, і пяшчоты з яго брацікам асудзяць…

І ўсё ж жаданне падысці да малога не адступала, не хацела слухацца развагі. Сп'янелай, ёй так цяжка, проста немагчыма было адагнаць раптоўную спакусу. "Пайду — бы да Хведзькі… Скажу што-небудзь Хведзьку, а тады — яму… Бы ненарокам…"

Яна ўзнялася, пастаяла трохі каля печы, прытуліўшыся спінай к пабеленай сценцы. Стаяць было нялёгка: падлога хадзіла, як плыт на вадзе. Цяпер спявалі, кпілі з дружак сваты — на яе, Ганну, не глядзеў ніхто. Як яе і не было тут, як і не яе вяселле. І праўда, можа — не яе, сон толькі… Глупства якое — чаго толькі не прычаўпецца сп'яну!.. Не сон, не сон — прапіваюць яе! Не каго другога!.. Прапілі ўжо!.. Але думаючы гэта, яна цяпер не трывожылася, не шкадавала ні аб чым, усё было абыякавае. Хацелася толькі аднаго — падысці да Валодзькі, дзіўнага сур'ёзнага малога, якога раней нібы і не заўважала.