Яна знайшла ў печцы некалькі коржыкаў, усхвалявана падала малому:
— На вазьмі, паспытай! — Ён не адразу ўзяў, хвіліну як бы думаў, браць ці не браць. — Белыя, марымоньскія! — Ганна не ўтрывала, пяшчотна правяла далонню па яго галаве. — У ты, беленькі мой!.. — Наказала абодвум: — Глядзіце ж, жывіце добра, дружненько!..
Ледзь толькі сваты і дружкі перасталі спяваць, за сталамі зрабілася вельмі сумна. Усё было з'едзена, гарэлкі не налівалі. "Як ні пяліся, не хапіло!.." — прайшло ў Ганнінай галаве. Мабыць, каб не даваць у ганьбу гаспадароў і не марнаваць людзей за сталамі, здагадлівыя сваты абвясцілі, што пара дзяліць каравай, але раптам заўважылі: прапаў дзесьці Ганнін бацька.
Мачыха неўзабаве вярнулася, хмурная, злосная, засіпела ціха Ганне:
— Сорам які! На ўсё сяло!.. П'яны — як Міця! — Яна чамусьці скрывілася ад плачу. — За ўсю маю ласку! За ўсё!.. Аддзячыў!..
— Дзе ён? — абарвала яе хліпанне Ганна.
— За прыгрэбнікам… На калодзе…
На дварэ было сыра, холадна і так цёмна, што, каб не цьмяны водбліск ад святла з вокан, не пабачыла б і ганка. Ганна пастаяла трохі, чуючы, як ад свежага ветру яснее галава, дужэе цела. Стараючыся не паслізнуцца, падалася цераз жоўтыя палосы ў цемру. Бацька, ледзь відны, нават не варухнуўся, калі падышла. Быццам драмаў.
— Тато, вам пагано? — схілілася яна над Чарнушкам.
— А, Гануля! — Бацька пашукаў яе руку, лагодна ўзяў у сваю. Ён азірнуўся. — А етай, гадзюкі, няма?
Ганна здагадалася, пра каго ён пытае, сказала, супакойваючы:
— Няма нікого… Пайшлі б вы, тато, дадому… Шукаюць там вас. Каравай дзяліць трэба…
— Падзелюць. Паспеюць… — Ён раптам нядобра, з болем гмыкнуў, прамовіў квола: — Ты помніш, дочачко, маці-нябожчыцу?
— Аге ж. Чаму ж не помню?.. Хадземце, тато. Холадно — прастудзіцеся шчэ, не дай Бог.
— Не даждалася. — Ганна пачула ў бацькавым голасе пякучыя слёзы. — Не пабачыць, не паплача…
— Не трэба, тато.
— Ці ж я вораг дзіцяці свайму, дочачко?
— Не вораг, тато. Але не трэба вярэдзіць сябе. Усё добра будзе…
— Добра? — Ганне здалося, што ён паслухаўся, паспакайнеў. Але праз момант ён забедаваў зноў: — Ой, дочачко ты мая! Ганулечка!.. Пабачыла б усё нябожчыца!..
— Не трэба, тато. Усё добра будзе. Ето вам толькі здаецца так. Выпілі вы трошкі лішне…
— Шкода мне цябе вельмі!..
— І я вас шкадую, тато. А толькі не думайце нічога паганаго. Усё добра будзе… Ці ж вы не знаеце сваю Ганну?
— Знаю, знаю, а — толькі…
— А знаеце, дак не бойцеся… І не журыцеся, бо мне маркотно будзе. Чуеце?
— Чую. Не буду! — Бацька пусціў яе руку, выпрастаў плечы.
— Будзьце вясёлы, штоб і мне было весела. І ўстаньце. Людзі ждуць, нядобра. Дайце я прыбяру вас трохі… Хадзем.
— Хадзем, дочачко.
Гаворка з бацькам зноў нагнала на Ганну сум, але яна і знаку не падала нікому на тое, што затаілася ў душы, увайшла ў хату спакойная, нават вясёлая, лагодна трымаючы за руку бацьку.
— Нядобра штосьці стала яму, — сказала гасцям. — Гарэлка, мабуць, не ідзе…
Бацька стрымаў сваё слова: на мачыху глядзеў мірна, бедны падарунак, на які толькі і наскраблі грошай — картовыя штаны ў пасачку, — даў маладому ветліва, зычліва. Кіўнуў згодна, калі мачыха дадала:
— Чым багаты, Яўхімко, тым і рады. Не пагневайся.
— Мне вы і так падарылі! Усім падарункам — падарунак! — Яўхім узяў Ганну за стан. Як ён, відаць, і хацеў, вакол пачуўся смех.
Сарока ўставіла:
— От дак хвала бацьку і маці — ад разумнаго дзіцяці!
Яўхім схіліўся п'яна:
— І за етае, за штаны, дзякуваць! Спатрэбяцца!..
Толькі калі ўнеслі каравай і трое жанок, пастаўшы на лаўкі, узяліся здымаць з Ганны вянок і завязваць хустку, бацька зноў спахмурнеў, і губы яго смыкнуліся журбою і вінаватасцю. Ганна перахапіла позірк яго, весела, з любоўю ўсміхнулася, і ён паяснеў, нібы асветлены яе ўсмешкай.
Клапоцячыся пра бацьку, яна зусім не пашкадавала, што страціла вянок, знак сваёй дзявочай волі. Але весялосці, як ні старалася, хапіла ўсё ж ненадоўга, пакуль не падзялілі каравай. Пасядзелі для прыліку трошкі, і Сарока тонам знаўцы аб'явіла:
— От, папілі, пагулялі, пара і выходзіць. Пара ўжэ к другому дому — к суджанаму, к маладому!
Госці пачалі вылазіць з-за сталоў хутка, ахвотна: наперадзе былі і лепшая гарэлка, і закускі ўдосталь. Але Ганна не чула крыўды на гэта, іншае падышло, зноў увяло ў душу жаль, трывогу: бачыла, бяруцца выносіць скрыню, везці к маладому.