Выбрать главу

От і настала пара ісці з дому, ісці зусім, назаўсёды. За старой дубовай скрыняй, што засталася ад маці, пойдзе і яна, пойдзе — і ўжо не вернецца ніколі сюды як у сваю хату, у свой прытулак. Іншая цяпер будзе ў яе хата, іншы прытулак — і іншая доля. Усё, што было дасюль — добрае і злое, — тут застанецца, у гэтым такім любым кутку. Не, злое тут не застанецца, злога тут, здаецца ўжо, не было нічога. Тут было ёй толькі добрае… А там — як будзе там?

4

Калі ехала па вуліцы, хоць старалася не глядзець, у цемры краем вока заўважыла: на Васілёвым двары — ціха, пуста. І хоць не ўбачыла нікога, хоць госці радасна, на ўвесь свет галёкалі, штосьці кальнула сэрца, як пры паглядзе на яго браціка, — вінаватае і жывое…

Ад гэтага ўсю дарогу амаль не чула, не прыкмячала нічога. Толькі і запомнілася, як — ужо на Карчовым двары — мусіць, прытка зляцеўшы з воза, Сарока паслізнулася і ўпала ў гразь, але не разгубілася, борзда ўскочыла, заверашчала:

Выходзь, свякрухо губата, —

Прыехала нявестка багата!..

Свякруха і свёкар, якія ўжо стаялі на ганку, добра відныя ў святле, што падала з хаты, запелі наперабой:

— Заходзьце… Заходзьце… Нявестачко мая… Людзі ўсе добрыя… Пад нашу страху… Заходзьце…

Глушачыха ўгледзелася ў Ганну, па-мацярынску пацалавала. Тады п'яная, расчуленая мачыха прыліпла да гаспадыні:

— Ой, сваццечко бо мая! Рыбачко ты мая!..

Ледзь Ганна, акружаная гоманам і тлумам, ступіла ў цяперашнюю сваю дамоўку, вінаватасць перад Васілём адразу прапала. Ганна раптам пачула сябе дзіўна няўпэўненай, нясмелай, ішла з асцярогай, паглядвала неспакойна, быццам баялася непрыемнай нечаканасці. Здавалася, нібы ступіла на кладку, якую невядома як прайсці…

Тут усё было такое непадобнае на яе родны кут: і роўная, ганарлівая печ, і далікатныя, з хітра выразанымі спінкамі, пафарбаваныя канапы, і пільныя багі, і халодная карціна за шклом з зялёнымі гарамі і жоўтымі цэрквамі, і дзіўны пах, цеплаваты, душны, што прабіваўся нават праз пах смажэння. Яна ўжо бачыла гэты пакой некалькі разоў: прыходзіла наймацца рабіць, прыносіла мяшок з-пад пазычанага жыта — і кожны раз чула яна цеплаваты пах гэты, кожны раз брала яе тут нясмеласць, гняло неяк і хацелася хутчэй выбрацца на вуліцу, на волю. Можа, у гэтым вінаваты былі толькі непрыемныя згадкі, але і цяпер, хоць яна ўступала гаспадыняй, нясмеласць, даўкасць зноў дзіўна агарнулі яе.

Ганна заўважыла, што і другія "з яе рукі", хто ўваходзіў у хату, таксама прыціхалі, хутка хрысціліся на абразы.

— Заходзьце, заходзьце, людзі добрыя, — жвава тупаў, трос сухою галоўкай Глушак. — Світы от тут павесіць можно, на кручкі. Ці от на лаўку кладзіце…

— Каля печкі на палаці можно, — памагала Глушачыха. — Кладзіце, кладзіце…

— І не тапчыцеся, як у гасцях. Туды бо к сталам адразу… Заходзьце, садзіцеся… Усё даўно гатово ўжэ… Ідзіце…

— Аге, заходзьце і садзіцеся. Дзе каму лепей, спадобней…

Але людзі не ішлі, тапталіся каля дзвярэй, каля сцяны, як бы чакалі яшчэ нейкай каманды ці прыкладу якой-небудзь адважнай галавы.

— Садзіцеся, пакуль просяць, — выступіў раптам не заўважаны спачатку ў агульным тлуме Дубадзел, што стаяў каля акна на вуліцу. Ён стаяў, раскарачыўшы цыркулем тонкія ногі, дробны, гарбаносы, у вайсковай гімнасцёрцы, акінуў мутнымі вачыма гасцей і, як у прэзідыум, упэўнена пайшоў за стол. Усе моўчкі сачылі за ім: начальства.

— А то, мабуць, гарэлка ўжэ ўсохла, — адразу падтрымаў яго Яўхім. — Ну, чаго стала, як усё адно ў гасцях, — зарагатаў, штурхнуў ён пад локаць Ганну.

— Праўда ж бо, будзьце ўсе як дома! — запела Глушачыха. — От глядзіце, як Андрэйко, — кіўнула яна на Крываротага.

— Словам, бярыце прыклад з уласці! — кінуў стары Глушак. — Ідзіце бо, сваток і сваццечко, да дзяцей сваіх.

— Авечка да ягнят, а курачка — да куранят, — уставіла Сарока.

Мачыха і Ганнін бацька паслухмяна палезлі за стол, за якім ужо ўладкоўваліся ў куце побач з Крываротым Яўхім і Ганна. Правёўшы іх крыху нібы пад вартай, пасадзіўшы Сароку і Пракопа, стары Глушак вострым каршунячым позіркам глянуў на іншых: людзі ўжо не тапталіся каля дзвярэй, разыходзіліся, разбіраліся па лаўках.

Ганна сядзела на покуце ўсё з той жа нясмеласцю і асцярожлівасцю, якія не ападалі, не адступаліся, сядзела, амаль не варушачыся, нерухомая і прамая, як бы скамянеўшы, глядзела перад сабой. І так жа нерухома ляжалі на каленях яе рукі. Ад няёмкай, лішне прамой, нацятай паставы, ад нерухомасці чулася ёй у целе стома, але яна цярпела, трымалася так, як, вучылі яе, трэба было трымацца ў гасцях. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў.