Выбрать главу

Дзіўна, якія ўсе тут былі ціхія, паважныя, не толькі не крычалі, але амаль што і не гаварылі голасна, перашэптваліся ці найбольш маўчалі. Адзін Дубадзел трымаўся вольна — адваліўшыся на спінку канапы, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, аглядваў Ганну такім позіркам, што ёй было няёмка. Яна была рада, калі ён адвярнуўся, паблукаў вачыма па гасцях.

— А ты, Глушак, не промах!.. — прамовіў Дубадзел, не пазіраючы на Яўхіма. — Дзеўка — з перцам!

— Хто? Мая?.. З перцам — угадаў! — Ганна пачула Яўхімаў смех. — Вока ў цябе — з аднаго пагляду заўважыў!..

— Угледзеў! Як зірну, навылёт бачу — што да чаго!..

Гаворка на гэтым перарвалася, бо падышоў Яўхімаў бацька з пляшкаю, стаў наліваць гарэлку маладым. Пасля Ганны Глушак намерыўся напоўніць шклянку Дубадзелу, але той узяў за пляшку, паглядзеў на фабрычную наклейку, паморшчыўся:

— Ты што мне, бацько, етую гарадскую? Як усё адно анцілігенту — упаўнаважанаму якому… — Ён чуў, што ўсе сочаць за ім, і ўжо гаварыў нібы не аднаму Глушаку: — Ты мне — свойскай, куранёўскага вырабу! Простай мне — як усяму народу!..

Дубадзел павёў вачыма па людзях, як бы чакаў адабрэння. За сталамі шумелі прыхільна:

— Нашай яму! "Кустоўкі" куранёўскай!

— Свой чалавек! Па-простаму!..

Дубадзел улучыў момант, калі шум заціх, крыкнуў асцярожнаму Глушаку, які стаяў, вагаўся:

— Не бойся! Шабету не перакажу!

Грымнуў рогат. Яўхім сказаў са смехам:

— Дайце, тато! Не бойцеся! Чулі ж — кажа, што не перадасць у міліцыю!

5

Яшчэ да таго як Глушак управіўся наліць усім, Дубадзел падняўся, абцягнуў гімнасцёрку пад поясам, важна пакашляў у кулак. Яўхім крыкнуў:

— Ціхо! Улада хоча гаварыць!

Хоць адразу стала ціха, Дубадзел не спяшаўся гаварыць.

— Грамадзяне жыхары сяла Курані! — заявіў ён, вытрымаўшы належную паўзу. — На даным етапе, калі мы сабраліся тут у дзядзькі Глушака і сядзім за сталом, а таксамо тут сядзяць маладыя, каторыя ўступаюць тым самым у сумесную жызнь, — Яўхім Глушак і яго нявеста, а цяпер ужэ, можно сказаць, яго законная жонка, — хоць яны і вянчаліся ў царкве, а не рэгістрыруваліся ў сельсавеце, як ето раяць савецкая ўлада і бальшавіцкая парція ўсім свядомым алементам… На даным етапе савецкая ўлада і парція прызывае ўсіх сялян, каторыя сваім мазалём робяць на зямлі, арганізоўвацца ў кааперацівы, а таксамо, каторыя могуць, і ў камуну — кеб, значыць, абагульніць усё разам: і землю, і коней, і курэй, і ўсё іншае, як у Вадавічах. А тых, хто шчэ не ўступіў і чэсно робіць на сваёй зямлі сам, савецкая ўласць і парція прызывае так рабіць і далей і сплачуваць точно ў тэрмін падатак, не чакаць, як каторыя, напамінання і пены…

Выказаўшы гэту сваю дэкларацыю, якую госці слухалі хто з пачцівай, а хто з цярплівай увагай, Дубадзел момант перадыхнуў і вярнуўся зноў да маладых:

— А таму ад імя Алешніцкага сельсавета Юравіцкай воласці жадаю нашым маладым — Глушаку Яўхіму і яго нявесце, а цяпер жонцы Глушак Ганне, кеб булі здаровыя і жылі дружно і ў дастатку, як належыць па савецкаму закону! — Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, але думка, мусіць, не далася, і ён раптам крыкнуў: — Адным словам — горко!

За сталамі ахвотна закрычалі ўслед за ім, і Ганна зварухнулася, паслухмяна ўстала.

— Кеб жылося і кеб вялося! — не прамінула ўставіць Сарока.

Старому Глушаку і прамова, у якой былі непрыемныя, асабліва ў такі дзень, напамінкі пра падатак ды камуну, і тое, што чужы чалавек улез, паламаў законны парадак за сталом, адпіхнуў яго, гаспадара, убок, не спадабалася, але ён прымусіў сябе змаўчаць і нават выглядам не паказаць нездавальнення. Хай чорт яго чапае, Крываротага гэтага: які ён ні ёсць, а ўлада.

Разважыўшы, Глушак нават падышоў да кутка, дзе сядзеў Дубадзел, пахваліў:

— Разумны ты чалавек, Андрэйко! Як сказаў, аж заслухацца можно. Калінін чысто!

— Калінін далёко, а ён — блізко, наш! — адгукнулася Сарока, цягнучыся чаркай да Дубадзела.

— Калінін хоць далёко, ды — галава! Над усім народам — галава! Усесаюзны стараста!

— І ты, Андрэйко, галава!

— Усім галавам галава!

Дубадзел не стаў спрачацца: мутным, важным позіркам прайшоў па тварах гасцей, запыніўся на Ганне. Глушак падліў яму ў шклянку і сказаў да ўсіх: