Выбрать главу

— Тут сядзіць у гасцях наша савецкая ўлада. Андрэйко, таварыш Дубадзел — наш алешніцкі Калінін… Дак кеб ён буў жывы і здаровы!

Глушак ужо ўзяў да губ шклянку, ужо госці зашумелі: "Кеб буў жывы і здаровы!" — калі Дубадзел ускочыў, крыкнуў:

— Няхай жыве змычка горада з сялом!

Пад гул і крыкі адабрэння ён уліў у сябе поўную шклянку самагонкі, паставіў шклянку дагары, нібы паказваючы, як трэба піць за такую вялікую справу, — да кропелькі. Дубадзел не паморшчыўся, не адразу стаў закусваць, павёў на Ганну задаволеным, ганарлівым позіркам.

Ён быў нецвярозы, яшчэ заходзячы за стол, а цяпер, бачыла Ганна, хмель разбіраў яго больш і больш, і яго п'яныя позіркі выклікалі ў яе гідоту. Ёй і так было тут не вольна, не лёгка, а гэтыя позіркі дадавалі ёй няёмкасці. Добра яшчэ было, што хоць сядзеў ён не побач, за Яўхімам…

Але неўзабаве Дубадзел з п'янай адкрытасцю сказаў Яўхіму, каб Ганна села між іх.

— Не аднаму табе сядзець з ёй!..

— А мне што? Няхай і каля цябе пасядзіць! — Яўхім зарагатаў. — Я не раўнівы! — Ён загадаў Ганне: — Перасядзь сюды!

Ганна не адразу паслухалася. Думала спачатку, што не будзе прымушаць, зменіць усё на жарт, але ён маўчаў, і ў маўчанні яго чулася ўпартасць, злосць на яе непаслушэнства. Ён не збіраўся мяняць загад, чакаў, і яна перасела. Што ж, не свая хата, не вольная воля.

— Чаго не хацела перасаджувацца?

— А вам ето так важно знаць?

— Вы, бабы, любіце, кеб мужчына красівы буў?

— А вы не любіце красівых жанок!

— А таго не знаеце, што скалечыла мяне так за савецкую ўладу. Паляк шабляй ударыў пад горадам Баранавічы. Ясно?

— Чалавек кроў праліваў за савецкую ўладу!

— Правільно, Глушак!

Дубадзел памкнуўся да Яўхіма, задаволена, моцна ляпнуў яго — Ганна, як магла, адхілілася ад пляча, што ўткнулася ёй у грудзі. Ледзь прамаўчала.

Стары Глушак падліў гарэлкі, і Яўхім з Дубадзелам чокнуліся. Тады старшыня павярнуўся са шклянкай да Ганны, прымусіў і яе ўзяць чарку.

— Трэба піць! — заўважыў ён, што Ганна ставіць чарку на стол амаль некранутую.

— Я выпіла, сколькі хацела…

— Усю трэба!

— А калі я — не хочу?

— Усё адно. Госцю гадзіць трэба… — не адставаў Дубадзел.

— Усім не нагодзішся. Гасцей унь сколькі, а я адна…

— І ён адзін, — заўпарціўся Яўхім. — Ён такі адзін — гірой і начальство!

— Ну, можа, і адзін. Дак хай і п'е сабе адзін.

— А я не хачу піць сам з сабою!

— Дак выпіце з цёткай Сарокай! Яна будзе рада!

— А ён хоча з табою! — гарачыўся Яўхім.

— Тады — калі яму так хочацца — няхай пацерпіць. Да другога разу.

— А ён цяпер хоча! — насядаў Яўхім, шалеючы ад яе ўпартай непакоры.

За сталамі ўсе прыціхлі. Якія ні былі п'яныя, пачулі — наскочыла каса на камень. Яшчэ не згулялі вяселля, а ўжо счапіліся, так счапіліся, што, відаць, і адзін не саступіць, і другая не паддасца. Глядзі, як набычыўся Яўхім, — яму і цвярозаму слова папярок не кажы, а цяпер, п'яны, — як рысь той. І яна ж — белая-белая, толькі вочы агнём гараць!

— Выпі! — прасіпеў Яўхім.

— Не буду! — цвёрда сказала яна. Па тым, як сказала, чулася, што ні перад чым і ні перад кім не пераменіцца.

Дубадзел сам паспрабаваў уціхамірыць Яўхіма:

— Не хоча, ну, і няхай!.. Вып'ем удвух! — Ён сунуўся са шклянкай да Яўхіма, але той адвёў яго руку:

— І яна вып'е!

— Не буду!

Ганна раптам ускочыла, кінулася з-за стала. Адразу ўзнялася мітусня. Адны абкружылі Ганну, якая рвалася з хаты, суцяшалі, супакойвалі, другія трымалі, угаворвалі Яўхіма.

— Волі багато бярэ сабе! — крычаў Яўхім. — Слухаць нічога не хоча! Падумаеш, паненка!

— Не буду я тут! Не хочу! — не слухала жаночых угавораў Ганна. — Дадому пайду! Дадому!.. Пусціце! Дадому!.. Дадому!

— Ціхо ты, ціхо, Ганначко! — лагодна казала мачыха. — П'яны ён, п'яны. Выпіў, ну, хмель у галаву і пайшоў, замуціў. П'яны чалавек чаго толькі не нагаворыць!.. Выпіў, сама ж бачыш!..

— Працверазіцца — сам будзе нярады, — памагала ёй свякруха.

— Дадому! Дадому хочу! Тато, хадземце дадому!

— Ціхо ты, ціхо, Ганначко! Супакойся! Не ўбівай сабе ў галаву чаго не трэба!.. Усё будзе добра! Добра будзе, павер!.. — Мачыха зірнула на Ганнінага бацьку, які стаяў побач, гатовы любую хвіліну на падмогу дачцэ: — Адыдзі, без цябе разбяромся!.. Супакойся, Ганначко. Усё добра будзе!..

— Не хочу тут аставацца! Дадому хочу!

— На от выпі вады халоднай! Ці, можа, у сенцы пойдзем, астынеш? Хадзем, Ганначко, рыбко!

Калі вялі Ганну ў сенцы, мачыха супакоіла:

— Яшчэ не такое пабачыш. Усякае будзе, пажыўшы!..