— Ціхо! Няма на вас угамону! — крыкнула на іх жанчына, падаючы спажыву, на якую свінні адразу накінуліся, душачыся, адпіхваючы адно аднаго і кусаючыся. Асабліва лютавала худая свіння, і жанчына пашукала вачыма дручка, каб супакоіць яе, адагнаць ад падсвінка. Але дручка не было, і яна злосна таўханула свінню парэпанай нагой, прыгразіла:
— Вось я зараз цябе!..
З кожнай хвілінай Курані ўсё больш поўніліся людскімі галасамі, людскім рухам — на адным двары маці клікала сына, на другім плакала, залівалася слязьмі не ў час разбуджанае дзіця. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят, і ішло за імі пакорлівае мурзатае дзіця, як старое, угінаючы плечы…
У такі час з хаты, недалёка ад той, дзе дзяўчына брала ваду, выйшаў на ганак, пацягваючыся, хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма, з калматай не то русявай, не то цёмнай чупрынай, з упартымі губамі.
Маці пашкадавала будзіць яго раней. Але і цяпер прачынацца яму было нялёгка — калі яна будзіла, у галаве некаторы час мяшаліся і малюнкі перарваных дзіўных відовішчаў, і словы маці, і назойлівы бусліны клёкат… Жмурачыся ад сонца, на ганку Васіль успомніў пра гэты клёкат, паслухаў — хтосьці блізка адбіваў касу — клё, клё, клё. У галаве варухнулася абыякавая думка, што гэта і быў той клёкат, які ў дрымоце здаўся за бусліны.
За гэтым на памяць прыйшлі яму словы, якімі маці будзіла: «Устань, сынок… Устань, бо ўсе ўсталі… Позно будзе…» Ён зірнуў на сонца — дзе яно, нізка ці высока — і на момант аслеп ад яго бляску. Ён, было добра прыкметна, адразу як бы ажыў, занепакоіўся — сонца ззяла, яму здалося, высока.
«Не разбудзіла па-людску! Калі ўсе ўставалі! — падумаў нездаволена, нават узлавана пра маці і тут жа заклапочана падаўся з ганка. — Каня трэ хутчэй прывесці!.. А то выберашся пазней за ўсіх цераз ету матку!.. Сорам будзе!..»
Ён подбегам падаўся да ўзболатка, дзе пасціўся перад алешнікам спутаны конь. Калі ён уехаў зноў на двор, убачыў сутулаватага, з жоўтай лысінай дзеда Дзяніса, які корпаўся пры калёсах. Дзед колькі дзён таму, ловячы рыбу, вымак і прастудзіўся — учора пластам ляжаў на печы, а сёння — нб табе, таксама падняўся.
— Мо паправіліся ўжэ? — кінуў Васіль, саскочыўшы з каня.
— Эге, паправіўся! — панура пакруціў галавой дзед. — Тым часам, як дзіця, якое першы раз устало…
— Дак леглі б пайшлі.
— Улежыш тут! У етакі дзень! — Дзед правёў худой рукой пад пузам каня. — Наеўся непагано!
— Наеўся.
Васіль прывязаў каня да падмазаных яшчэ ўчора звечара калёс і ўвайшоў у хату; маці стаяла пры печы, варушыла ў ёй качаргою. Пачуўшы сына, не азіраючыся, стала завіхацца хутчэй, і Васілю ад гэтага маўклівага знаку матчынай увагі і пашаны да яго стала весялей. Ён, аднак, не паказаў, што заўважыў гэта, — чаму тут здзіўляцца, калі ён ужо не хлапчук які, а гаспадар, — кінуў ёй дзелавіта:
— Збірайся… Чарнушкі ўжэ едуць…
Ён вярнуўся ў каморку, зняў адбітую дзедам касу, паспрабаваў, як вучыў Чарнушка, ногцем вастрыё — хоць гэта ён ужо рабіў учора некалькі разоў, — выцягнуў з-пад палацяў лапці і стаў абувацца. Валодзька, малы бялявы брат, што спаў на палацях, раптам заварушыўся, расплюшчыў вочы, зірнуў на Васіля і мігам ускочыў.
— Вась, а Вась, — і я?!
Васіль прамовіў:
— Ляжы ты, нуда! Чаго ўспёрся ні свет ні зара!
— Вась, вазьмі мяне… з сабою!..
— Трэба ты мне!
— Ну, вазьмі-і!
Дарэмна Валодзька чакаў адказу, пазіраючы на брата вачыма, якія прасілі і малілі, ніяк не хочучы верыць у братнюю чэрствасць. Васіль маўчаў. Ён быў непахісны. Абуўшыся, Васіль заклапочана пашаргаў у хату, па-ранейшаму нібы не заўважаючы брата, што, як прывязаны, патупаў услед.
Калі маці падала на стол аладкі і нават — дзіва! — скавародку з салам, Валодзька амаль не аддаў гэтаму ўвагі, па-ранейшаму чакаў.
— Ну, Вась?
— Дай, тым часам, паесці чалавеку, — сказаў дзед, які ўжо гарбата сядзеў каля стала, нічога не браў у рот. — І сам еш.
— Глядзі от, — ласкава прыступілася маці.
Яна знарок паклала перад Валодзькам аладку і кавалачак рудога сала, зірнуўшы на якое, Валодзька не ўтрываў і на час адстаў ад брата. Маці падала яму яшчэ кавалачак, дадала некалькі ласкавых слоў, і сэрца малога палагоднела ад гэтай дабраты. Але неўзабаве яму давялося адчуць, што гэтая матчына дабрата была ўсяго-наўсяго хітрасцю, бо ледзь толькі Валодзька пад'еў, маці мякка, ласкава сказала: