Выбрать главу

— Ты, сыночак, будзеш з дзедам, хату пасцеражэш. Ды глядзі добранько — усё дабро тут на вашых руках!.. Не дай Бог што-небудзь учыніцца — згалеем зусім!

— Я на балото хачу! — заявіў упарта малы.

Выціраючы аладкай скавародку, Васіль жорстка кінуў:

— Мало што ты хочаш!

З якой зайздрасцю і непакоем пазіралі Валодзькавы вочы, як каля хлява запрагаў старэйшы брат рудога Гуза, пагрозна пакрыкваючы, як дзед укладваў касу, як маці прывязвала торбу з харчамі і абгортвала ўкінутай у воз травою дубовую біклажку з вадой. Сачыў малы то за маці і дзедам, то за братам, нахмурыўшы шаўкавістыя, выцвілыя на сонцы броўкі, ніяк не мог паверыць у чалавечую бессардэчнасць, чакаў з тайнай надзеяй жаданай перамены.

Васіль тузануў вераўчанымі лейцамі Гуза, і калёсы паволі пакаціліся па двары на вуліцу. Тут Васіль азірнуўся — на ўсёй вёсцы, амаль каля кожнай хаты, стаялі калёсы, касцы, жанчыны і дзеці. На ўсёй вуліцы было на рэдкасць людна, яна ўся жыла добрай чалавечай заклапочанасцю.

Маці чамусьці яшчэ раз забегла ў хату, потым сказала дзеду, каб ён не высільваўся, пайшоў лёг, стала наказваць Валодзьку, што яму трэба і чаго няможна рабіць: каб быў пры хаце, каб слухаўся дзеда, каб не дурэў з агнём, — і Валодзька адчуў, што апошнія яго надзеі прападаюць.

— Не хачу! — адказаў адным словам Валодзька.

— А етаго во — хочаш? — памахаў яму пугай брат.

Валодзька толькі яшчэ больш нахмурыў бровы. Маці ж усё не траціла надзеі дамовіцца па-добраму:

— Я табе кулеш у чыгунку ў печцы паставіла. Смачны, з малаком… А ў прыпечку яечко вазьмі!.. Можаш узяць!

— Едзьце бо! — сказаў дзед. — Угаворваюць, ей-бо, як пісара валасного!..

Маці падабрала даматканую сваю спадніцу і звычна села на калёсы, спусціўшы з драбінак босыя парэпаныя ногі.

— Дак глядзі ж, кеб пільнаваў добра! Бо ўвечар я прыеду!

Валодзька, здаецца, нічога не хацеў слухацца: ні матчыных добрых слоў, ні дзедавай строгасці, ні братавай пагрозы пугай.

Ледзь калёсы рушылі па вуліцы, ён, набычыўшыся, падтрымліваючы рукой штонікі, што спадалі, маўкліва падаўся ўслед.

— Вярніся, неслух! — пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца.

Валодзя ведаў, што дзед не любіў неслухмянасці і што маці таксама не дай Бог увесці ў гнеў, але яму так хацелася ехаць на балота, што і страх не ўтрымліваў, — Валодзька адно для бяспекі трымаўся наводдаль ад воза. Калі калёсы прыпыніліся і брат паказаў, што збіраецца саскочыць, малы адразу стаў таксама, гатовы да ўсяго. Васіль пагразіўся:

— Толькі пайдзі ўслед!

Калёсы спыняліся яшчэ разы тры, і кожны раз то маці, то брат загадвалі вярнуцца, не на жарт абяцалі набіць, і, можа, Валодзька адолеў бы сваё вялікае хаценне, калі б не ўбачыў, што на другім возе, які выехаў услед з сяла, сядзіць разам з бацькам яго найбліжэйшы прыяцель, супольнік ва ўсіх шкодах, Хведзька. Гэта надало Валодзьку порсткасці, і ён яшчэ смялей кінуўся за калёсамі.

— А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі, ён, — вазьміце!

Маці злезла з калёс.

— Вярніся! Ідзі дамоў, чуеш!

— Не пайду!

— Не пойдзеш?

Праз некалькі хвілін ён ляжаў на мяккай раллі між кусцікаў бульбы блізка ад дарогі, і ўзлаваная маці моцна і гучна пляскала яго па голых паружавелых палавінках.

— Вернешся?.. Вернешся?.. Вернешся?..

Валодзька, рыючы лбом пульхную зямлю, выў і роў ад болю, ад крыўды, ад злосці, але не гаварыў нічога.

Маці пайшла ад яго, так і не дачакаўшыся хоць слова.

Седзячы ў бульбоўніку, ён цераз завалоку слёз зверавата пазіраў, як яна ішла да воза, як села і паехала, грозна глянуўшы на яго. «Кеб ты… кеб табе… немач!» — кіпела ў ім няўтольная злосць.

Паўз малога па дарозе ехалі і ішлі мужыкі, і амаль кожны падсмейваўся з яго бяды: «Што, усыпалі?» Гэта распальвала яго крыўду. Невясёлы, адзінокі і, як мала хто ў свеце, няшчасны, пацёгся ён дамоў, пацёгся цераз бульбоўнік, цераз агароды, толькі б нікога не сустракаць, нікога не бачыць!..

Калёсы, на якіх сядзелі Васіль і маці, ужо ўязджалі ў лес. Пасля поля тут было ад гушчыні маўклівых, нібы прытоеных, хмурных хваін цемнавата і сыра, хоць лясок і рос на пясчаніку. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. Не зважаючы на расу і сырасць, адчувалася ўжо набліжэнне дзённай задухі.

— Душно будзе, — сказала маці.

Неўзабаве яны дагналі Чарнушкаў. Можна было б ехаць за імі, аддаючы знак пашаны дзядзьку Цімоху, як старэйшаму, і, можа, у іншых абставінах Васіль так і зрабіў бы, але побач з дзядзькам сядзела задзіра Гануля, яго дачка, Васілёва равесніца. Гэтая задзіра ў апошні час Васілю проста жыць не давала, пры кожнай сустрэчы, калі б ні трапіўся ён — смяялася ці нават здзекавалася з яго. От жа толькі пазаўчора пры ўсіх абсмяяла. «Васіль, а чаму ето ў цябе вочы не адзінакія — адно, як вада, светлае, а другое — як жалудок! І валасы унь — ззаду як не чорныя, а спераду — рудзенькія! Як у цяляці рабого». Стаяла і рагатала пры ўсіх! Каб не праўду казала, яшчэ б нішто, а то ж праўда ўсё — розныя вочы, як на грэх, і валасы ад сонца наперадзе зарудзеліся! Усё нялюдскае нейкае!..