Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Ледзь маці ўправілася сказаць дзядзьку Цімоху, што, мусіць, будзе задуха, як Васіль, тузануўшы Гуза лейцамі, чапляючы калёсамі за нізкае галлё падлеску, порстка аб'ехаў Чарнушкаў, пакінуў ззаду. Ён знарок не паглядзеў на Ганну, але і не пазіраючы на яе, Васіль адчуваў сябе ў поўнай меры шчаслівым. Вось як ён «абступіў» яе, задзіру.
Хто яна, гэта ганарліўка, якая так абыходзіцца, нібы яна не толькі нараўне з ім, а Бог ведае што. Каб яна была і праўда кім-небудзь асаблівым, тады б і трываць можна было б, а то ж хто — усяго бацькава дачка. І гэтак абыходзіцца з ім, з чалавекам самастойным, гаспадаром! Што ж, ён паказаў ёй!..
Тут, калі Васіль быў увесь напоўнен слодыччу адплаты, стары, вельмі пацёрты хамут раптам разышоўся, і аглобля зашоргала па рудых Гузавых нагах. Васіль трывожна саскочыў. Нічога страшнага не было: проста парвалася супоня.
Васіль хутчэй звязаў парваныя канцы, але калі паспрабаваў, пацягнуўшы з усяе сілы, ці моцна завязаны вузялок, той разышоўся. Прыйшлося зноў звязваць. Калі, паружавеўшы ад натугі, сцягваў супоню на хамуце, побач зарыпелі калёсы дзядзькі Цімоха.
— Што такое?
— Супоня… з-зараза…
Гануля весела зіркнула.
— Ён… супоню дома забуў!
Васіль ад такой абразы аж перастаў сцягваць хамут. Калёсы дзядзькі Цімоха, а на іх дзядзька, Хведзька і здаволеная Гануля, прайшлі паўз Васіля і сталі пакрыху аддаляцца.
— Ну, ты знаеш!..
Васіль не ведаў, што сказаць.
— У чужое просо не ўтыкай носа!..
Ён прамовіў гэтыя словы ціха, больш для маці ды для сябе, каб супакоіцца. І наогул, хіба добра было б яму, няхай і маладому чалавеку, але ж мужчыну і гаспадару, старшаму ў сям'і, звязвацца з нейкай дзяўчушкай? Але ні словы, ні думкі гэтыя не вярталі яму спакою і раўнавагі.
Васіль ехаў цяпер пануры, паглыблены ў свае думкі. Ён наогул быў схільны да развагі, не любіў вельмі адкрываць сваю душу, асабліва калі ў ёй варушыліся думкі, невясёлыя і нядобрыя. Пахістваючыся, крыху горбячыся, хмурачы яшчэ дзіцячы лоб, ён міжвольна прыгадваў, дзе і калі яна казала што-небудзь крыўднае, думаў, як аддзячыць ёй. У думкі гэтыя хутка ўпляліся іншыя — спачатку пра старую, патлелую ў зямлі супоню, стары хамут, потым пра небараку Гуза, якога калісьці кінулі балахоўцы, не маючы на яго, мусіць, ніякай надзеі. І праўда ж, конь тады дадыхаў, і не было веры, што ён яшчэ ўстане на ногі. Колькі з ім папаваждаліся, каб падняць зноў. Ён устаў, але як няпэўна ходзяць па зямлі слабыя яго ногі. А што ж з яго карысці, з такога каня, які не мае сілы!
Калі б быў у Васіля хоць такі канёк, як у Чарнушкі. Таксама не Бог ведае што, не раўня таму, якога прывёў стары Корч з мазырскага кірмашу зімою, а ўсё-такі конь як конь. Аснова.
Дарога пачала паніжацца, і сыпкі пясок яе змяніўся мяккім, падатным забалочаным грунтам, на якім вырэзваліся дзве чорныя вільготныя каляіны. У каляінах часта віднеліся вылузганыя жылы карнявішчаў, было многа ям, і калёсы амаль увесь час падскоквалі, моцна хісталіся з боку на бок. Камлі дрэваў часам сунуліся паўз самыя драбінкі, і маці перасцярожліва схавала ногі ў воз. Васіль жа сядзеў па-ранейшаму, час ад часу, нібы ў гульні, перакідваючы ногі цераз драбіны.
Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Маці закрыла хусткай ледзь не ўвесь твар, падкурчыла ногі, але ратунку і так не было. Камарэча даставала цераз вопратку, залазіла ў рукавы, за каўнер.
Гуз адбіваўся-адбіваўся хвастом, галавой, не вытрымаў, патрухаў уподбег. Але гэта не памагло, і ён зноў пайшоў, круціў хвастом, матляў грывай, стрыг вушамі…
Лес тут быў зусім іншы, як на пясчаніку. Рослыя, з чорнымі, быццам абпаленымі, камлямі, з дзіўна паточанай карой, старыя алешыны танулі знізу ў густым балотным разнатраўі, у маладой пораслі алешын, у гнілым, асклізлым ламаччы. Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазняком, што рос моцнымі дружнымі купамі, уздымаючы ў лясны прыцемак шызыя кучары пераплеценага галля.