Выбрать главу

У лесе буяла мноства злой, палючай лясной крапівы, што дзе-нідзе ўздымалася загонамі ў чалавечы рост. «Глядзі ты, колькі выперлася яе, етай поскудзі! — мімаволі праплыло ў галаве ў Васіля. — І якая — як каноплі!..»

З-за павароту ён зноў убачыў наперадзе Чарнушкавы калёсы, белую Ганніну хустачку, і думкі яго вярнуліся к дзяўчыне: «Я етаго табе не забуду! Пабачыш!»

2

Калі Васіль пад'ехаў да сенажаці, Чарнушка ўжо выводзіў з аглабель распрэжанага каня. Хведзька, прысеўшы наўколенцы, штосьці зацікаўлена разглядаў у траве, а Ганна перакладвала пад калёсы біклажку. Васіль знарок адвярнуўся, каб не глядзець у яе бок, але міма яго ўсё ж не прайшло ні тое, што яна рабіла, ні тое, як яна зірнула на яго. Зірнула з усмешачкай, і Васілю здалося, што з яе язычка зноў сарвецца штосьці кплівае, крыўднае.

Яна прамаўчала.

— Васіль, а мо тут станем? — прамовіла маці. — Разам з імі? Мясцінка, глядзі, якая…

Надзелы Чарнушкаў і Васілёвай маці былі побач. Васіль у іншы час так і зрабіў бы, як казала маці, — гэта было зручна і выгадна: спакайней было б і за коней, і за калёсы, за якімі назіралі б і Чарнушкі. Але сёння сын панура заўпарціўся:

— Мясцінка як мясцінка…

Ён суняў каня далей, крокаў праз трыццаць, ля куста маладога арэшніку. Азірнуўся, акінуў позіркам даволі вялікае, акружанае з усіх бакоў лесам балота. На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы, якія дзе-нідзе зрасталіся ў цэлыя астраўкі. Але Васіль не даў ніякай увагі гэтым астраўкам, яго больш зацікавіла, што на балоце яшчэ было многа вады, часам цэлыя разводдзі. Вада была і на яго надзеле. «Чорт бы яе пабраў!» — падумаў Васіль.

Пры ўзлесках амаль усюды стаялі калёсы, завіхаліся людзі. Нямала людзей было і на балоце — ужо дзе-нідзе касілі.

Стрыножыўшы Гуза, Васіль пусціў яго пасвіцца, вярнуўся к калёсам і выцягнуў касу. Ён развязаў анучку, абгорнутую вакол нажа касы, і, ускінуўшы касу на плячо, перапоўнены гонарам, стрымана, паважна падаўся да сенажаці.

Маці, маўклівая і паслухмяная, пайшла ўслед за ім.

— Тут. Нашае — адсюль і унь датуль, дзе калок, — сказала яна.

Яна магла б і не гаварыць гэтага, бо Васіль і сам ведаў свой надзел, — відаць, ёй проста было няёмка стаяць каля сына.

Васіль заўважыў на яе твары, у складцы родных губ выраз нейкага шкадавання і вінаватасці і строга прамовіў:

— Знаю.

Уваткнуўшы канец касся ў мяккую зямлю, трымаючы моцна рукой тупы край касы, Васіль стаў мянташыць. Адмахнуўшыся ад камароў, коса зірнуўшы на Чарнушкаў, убачыў, што Цімох яшчэ корпаецца каля воза, і задаволена падумаў, што пачынае раней.

Расставіўшы па-мужчынску ногі, моцна ўпінаючыся ў грунт, ён размашыста правёў касой, і трава шыркнула, паслухмяна лягла злева акуратнай купкай. Ён правёў другі раз, трэці, трава злева стала выцягвацца ў вільготны зялёны рад. Хутка ногі яго ступілі на пакошу, перад ім быў ужо лапік чыстага, скошанага ім. Хто гэта казаў, што ён яшчэ зялёны касіць? Што яму, быццам, кашы яшчэ многа трэба! Кашы, можа, каму-небудзь і трэба, толькі — каму іншаму. Але не яму, не Васілю. Праўду кажуць, што касіць — справа не абы-якая, мужчынская справа, тут трэба і сіла, і спрыт, умець трэба. Але ў Васіля ўсё гэта ёсць. Глядзіце, як ладна шыркае ў яго каса, як кладзецца, даўжэе рад!

«Ш-шырк, ш-шырк», — згодна прамаўляла ў лад Васілёвым думкам каса.

Ён адчуваў, што ззаду стаіць маці, пазірае ўслед, ласкавая і гордая, і ад гэтага ў руках і нагах сілы быццам большала. Разам з маці, акрамя яе, ён адчуваў за спіной яшчэ адну істоту, зусім іншую, чым маці, кплівую і нядобрую, якая, можа быць, таксама сочыць за ім сваім падсцярожлівым позіркам. Што ж, няхай сочыць, яму гэта ніяк не абыходзіць!

Васіль заўважыў, што дзядзька Цімох таксама пачаў павольна, мерна махаць касою. Ён ідзе паціху, крыху горбячыся. Васіль таксама крыху прыгорбіўся — так ходзяць усе сталыя людзі. Убачыўшы, як дзядзька ідзе, успомніў, што галоўнае пры касьбе — не спяшацца, не высільвацца, каб не змарыцца да пары.

Задумаўся, не асцярогся, і каса знянацку з усяго маху ўрэзалася ў нешта цвёрдае. Купіна, каб яна правалілася! Васіль хутчэй выцягнуў касу і коса зірнуў да Чарнушкаў — ці не заўважылі.

— Што там, Вась? — адгукнулася маці.

— Нічога.

Ён сказаў рэзка, нездаволена, спагнаў на ёй прыкрасць. Няхай не крыўдзіцца, няма чаго стаяць ды глядзець, калі чалавек заняты!

Маці нібы здагадалася пра яго думкі.