Выбрать главу

— Я пайду к каню… Памагай табе Бог!

Яна перахрысціла яго, блаславіла і, уздыхнуўшы, пайшла к калёсам. Васіль, не нагінаючыся, каб не паказаць, быццам нешта здарылася, агледзеў касу і супакоіўся. Каса была цэлая. Ён зноў правёў па траве, каса ішла добра, як і раней. Касіў ён цяпер асцярожней, сачыў за куп'ем, якое пачынала трапляцца ўсё часцей і часцей.

Трава была тут небагатая, найбольш асака. «Эх, удзялілі дзяляначку, растуды іх…» — падумаў ён і ўспомніў, як крыўдавала маці, вярнуўшыся дамоў пасля падзелу. «Ведамо, адна, без чалавека. Няма каму пастаяць… Нічога, ето апошні раз. Цяпер я вазьмуся, няхай паспрабуюць зрабіць яшчэ так!.. Праўда, у Чарнушкі таксамо надзел не лепшы. Што ж, ён сам вінаваты! Ціхі занадто. Яму хоць палец у рот пакладзі!.. Няхай сам абабіваецца, калі такая ўрода!..» А Васіль не дасць, каб клалі палец у рот! Не папусціцца!..

Нагам стала мокра. Спачатку вада толькі чулася, дзе пасталы ўціскалі пакошу, потым стала хлюпаць між куп'я. Неўзабаве Васіль ужо ўвайшоў у ваду, якая абступіла, нібы нанова абгарнула ногі. Анучы ўраз прамоклі, калошыны знізу таксама сталі мокрыя, і ногі зрабіліся важчэйшыя, быццам самі набраклі вадою. Ад намоклай тканіны ногі першы час, пакуль не прывык крыху, непрыемна казытала. Але Васіль амаль не звярнуў на ўсё гэта ўвагі — хадзіць па балоце даводзілася ўжо нямала, і ў пасталах і без пасталоў, і ўсе такія дробныя прыкрасці здаваліся звычайнымі. Горш было тое, што скошаны рад цяпер лажыўся ў ваду. Трэба будзе зграбаць у вадзе, несці на сухое і раскідваць там, каб прасохла. Столькі лішняга клопату.

Вось што добра — вада цёплая. Не студзіць ног, не гоніць дрыжыкаў па целе, як у іншыя дні ўвосень або зімою, калі ад халодных мокрых ануч аж дух займае. Цёплая вада, і — дзякуй Богу. Ідзі, хлюпай пасталамі, вядзі касой мерна, роўна, справа — налева, справа — налева. Праўда, трохі цяжэй стала ісці — касу трэба амаль увесь час трымаць навісу, многа вады. Касіць тут не тое, што на сухім месцы. Запытай любога куранёўца, і ён табе скажа, што Мокуць — чортава месца, гіблае для касца.

«А чаго яе, етую сенажаць, так завуць? Мокуць… — падумалася Васілю. — Хіба ж толькі таму, што недалёко сяло, якое называецца Мокуць? Пэўна, кеб сухо тут було, то на сяло не паглядзелі б, далі б лугу мянушку не такую. А так от — „мокуць“ і „мокуць“, мокрае, гіблае месца…»

Часам каса чапляла ваду, уздымала, раскідвала пырскі — яны разляталіся, весела паблісквалі на сонцы. У вадзе каса шыркала інакш, як без вады, гушчэй, важчэй, працяжней.

Усё мацней угравала. Пот мачыў цвёрдыя, двух колераў валасы, поўз на лоб, абпалены сонцам, засцілаў вочы, цёк на кволыя, яшчэ амаль дзіцячыя грудзі, прыклейваў да спіны ўшчэнт змакрэлую сарочку.

Каса станавілася ўсё цяжэйшая. Рукі наліваліся ўтомаю, балелі ў локцях і плячах, слабелі, нагам было млосна. Млосць расплывалася і па ўсім целе. Хацелася сесці. З цягам часу жаданне гэтае не толькі не адыходзіла, а ўсё мацнела. Сесці, хоць на купіну, хоць у ваду. Пасядзець трохі, адпачыць, а там можна зноў устаць, зноў ісці.

Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну — цярпець, адольваць стому, адганяць прываблівую спакусу пагуляць, паленавацца. Зялёны гэты хлопец ужо з найпершага маленства адчуў, што жыццё — не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень, што трэба цярпець. З усіх мудрасцей жыцця ён, як адну з найпершых, уведаў — трывай, цярпі! Усім цяжка бывае, усе церпяць, цярпі і ты!

Гэтаму яго вучыла маці, вучыў небагаты і немалы горкі вопыт. І ён цярпеў. Аблізваў салёны пот з губ, выціраў валасы, выцягнуў ніз сарочкі са штаноў, каб ветрык мог дайсці, астудзіць. І ўсё ж якая цяжкая была цяпер каса, як цяжка было адганяць млосць і слабасць у руках і ў нагах! І як хацелася сесці! Проста дзіва!

Ужо ні пра што не думалася, ні пра тое, дзе цяпер дзядзька Цімох, перагнаў ці не, нават пра тое, што вось ён, Васіль, не зялёны, а сталы чалавек, гаспадар…

Толькі калі знямогся зусім, калі дрыготкія, бяссільныя рукі апусцілі страшэнна важкую касу і не маглі ўжо скрануць, уваткнуў кассё ў купіну, падаўся да калёс. Ішоў важка, павольна, цягнучы ногі, што хлюпалі ў цёплай вадзе. З выгляду гэта быў падлетак, худы, даўгарукі, з тонкай шыяй, а па хадзе, па прыгорбленай постаці — мужчына.

Васіль ішоў нібы напіцца. Маці, завязаўшы хустку па-дзявочы, як касынку, — камары ўжо не назалялі, горача, — зграбала траву, абярэмкамі на граблях зносіла на сухое. З травы цякла вада, і маці старалася трымаць абярэмак і граблі перад сабою. На сухой пакошы ўжо было крыху разасланай травы.

Кінуўшы траву, яна зірнула на яго, і Васіль заўважыў, як на твары яе з'явілася шкадаванне. Хмурная, страсянула мокрую спадніцу.