Выбрать главу

— Перадыхні!.. Паляжы вунь там, у цяньку… Управімся, нідзе не дзенецца… трава етая.

Калі ён паваліўся ў траву каля воза, нахілілася, пяшчотна пагладзіла па галаве.

3

Пад вечар стары Чарнушка і Васілёва маці сабраліся ў сяло. Маці трэба было ехаць, каб накарміць Валодзьку, падаіць карову, дагледзець гаспадарку. У Чарнушкі ж дома была хворая жонка.

Хведзька і Ганна засталіся начаваць на лузе. Заставаліся тут і біклажка, і каса, і латаная світа — нашто ж вазіць туды-сюды без прычыны!

— Трымайся каля Васіля, — наказаў Чарнушка дачцэ, сеўшы на калёсы. — І ты, Васіль, глядзі за імі. Дзеўка, яна — дзеўка. І малое…

Маці, здаволеная тым, што Чарнушка ўзяўся падвезці, ахвотна падтрымала:

— Жывіце дружненько!

Васіль прамаўчаў. Але калі калёсы схаваліся ў лесе, ён адчуў, што нічога горшага, як застацца аднаму з Ганнаю тут, нельга было б і прыдумаць. Лепш бы і ён паехаў дамоў, чым вярэдзіцца тут з ёю!

Васіль знарок паказваў, што быць з ёю — яму як кара. Ганна сціпла маўчала, але яму бачылася, што яна таксама не рада такому таварыству. Стаяць, маўчаць з ёю было, як ні з кім, няёмка. Васіль не вытрываў: паказваючы, што ў яго поўна галава клопатаў, раптам рынуўся да Гуза, які стаяў каля арэшніку.

Хлопец звадзіў каня да азярца, амаль ушчэнт зарослага асакою, напаіў. Да азярца было з вярсту, і пакуль вярнуўся — на балота леглі першыя поцемкі. Павеяла сырасцю, стала халаднавата. Наводдалек у лазе пачаў збірацца туман.

«Жывіце дружненько!» — успомніў Васіль матчыны словы, убачыўшы Ганну, якая штосьці гаварыла брату. «Дружненько — і скажа ж, ей-богу!..» Ён падумаў, што будзе трымацца свайго воза і туды, да Чарнушкаў, больш не пойдзе.

Але прыбег Хведзька.

— Дзядзечко, хадзем к нам!

— Чаго ето? — Васіль няветліва адвярнуўся.

— Агеньчык раскладзем!

Васіль пастаяў, зрабіў выгляд, што заняты, — развязаў торбачку, стаў перабіраць у ёй, нібы чагосьці шукаў. Думаў, што малы не стане чакаць, але той не адыходзіў, сачыў за кожным яго рухам.

Што з ім зробіш! Васіль сярдзіта пажаваў скарынку, завязаў торбачку. Накінуў на плечы світку.

— У нас е запалка, — радасна паведаміў Хведзька, забягаючы наперад Васіля.

Ганна ўжо раскладвала агонь сама. Кволы агеньчык, перад якім яна ляжала наўколенцах, ледзь-ледзь жыў. Ён быў такі немачны, што не мог запаліць нават жмуток сухога сена, які трымала на ім дзяўчына. Амаль прыпаўшы тварам да агеньчыка, нібы ў паклоне, старалася вярнуць Ганна яму жыццё, дзьмухала, падтрымлівала, а ён тлеў усё слабей. Дзяўчына была ў адчаі.

— Дай я!

Васіль стаў наўколенцы поруч з ёю. Яна крыху адсунулася, але не адышла. Так яны некалькі хвілін і ляжалі, плячо каля пляча, намагаючыся ажывіць агеньчык, што канаў. Шчаку Васіля казытала пасма яе валасоў, незвычайна блізкая, але ён не адхіляўся. У яго быў адзін клопат, адзін непакой.

Агеньчык патух. Ганна ўстала, уздыхнула. Стала чуваць, як гудуць камары.

— Нічога. Я пайду пазычу вугольчык… — прамовіў суцешліва Васіль.

Вакол у розных месцах свяцілася ў цемры некалькі агнёў. Ён выбраў самы блізкі і хутка нацянькі пакрочыў на вясёлы гэты бляск. Каля агню ўкруг сядзелі стары Глушак Халімон, празваны па-вулічнаму Карчом, — сухенькі, няголены, — фарсісты Карчоў сын Яўхім і іх парабак, малады рабаваты хлопец з-за Прыпяці.

Вячэралі.

Васіль павітаўся.

— Што скажаш, чалавеча? — лагодна, сціпла сказаў стары.

— Вугольчык пазычце…

Яўхім устаў, плюнуў на далоні, прыгладзіў чуб. Фарсун, ён і тут ужо быў у крамным пінжаку, у ботах.

— Свой трэба мець!

— А вам шкода?

— Шкода не шкода, а трэба мець! Цяпер жа ўласць усё для такіх стараецца!..

— Яўхім! — адгукнуўся строга, нават грозна, бацька, папярхнуўшыся куляшом. Стары Глушак лагодна зірнуў на Васіля. — Бяры, чалавеча!.. Ён смяецца…

— Не, я — сур'ёзно. Аб етым унь напісано ў «Беднаце»…

— Яўхім! — павысіў голас стары Корч. Пасля паўзы ён запытаўся строга: — Ты куды?

— Да Аўдолі-салдаткі. Ці то — чырвонаармейкі?

Парабак засмяяўся.

— Як ты кажаш бацьку! — пачырванеў Глушак.

— Ну, куды? — Яўхім павёў плячамі. — Ну, пайду, пашукаю весялейшай кумпаніі!..

— Глядзі, недалёко. Штоб на бандзітаў не нарвацца! Чуў я, у Мокуці ўчора булі…

— Не нарвуся!

Нёс вугольчык Васіль голымі рукамі — перакідваў з далоні ў далонь, нібы гуляў. Чырвонае вочка весела бегала ў цемры.

Часам прыпыняўся і дзьмуў на агеньчык, каб не гас. Калі прыбег да Чарнушкаў, там адразу зрабілася клопатна. Ганна хутчэй падала жмуток сухога сена, схілілася разам. І зноў яе пасма казытала яго шчаку, але цяпер гэта не толькі не замінала, а было нават дзіўна прыемна яму. Яны разам дзьмулі на вугаль, на сена, і гэта таксама было прыемна.