Выбрать главу

школы, і на яго бляшаным даху таксама ўспыхвала сонца. Над самай ракой радзеў туман. 3 нізін патыхала аерам. Увялае сена пахла, напамінаючы Чыжыку аб мінулым ужо леце. Хутка трэба б капаць бульбу, а тады пойдуць дажджы. I ён хінуў Зосю да сябе, бо ў ёй як бы было сабрана ўсё хараство зямлі, адчуванняў яе і сваіх уласных прыгожых мар. Але ж трэба было ісці, і ён закінуў сваю торбу за плечы. Абодва ўсміхнуліся — яна жаласліва, а ён бадзёра.

Ён думаў, што яна будзе плакаць, а яна рашыла перажываць усё мужна і толькі счарнела ўся. Ужо з лесу Чыжык яшчэ раз азірнуўся. Зося стаяла ўсё на тым жа месцы насупраць капы і пазірала яму ўслед. Правай рукою ён сарваў з галавы кепку і памахаў ёю над галавой. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца, а Чыжык пайшоў.

Ён ішоў і думаў, што добра было б вярнуцца з вайны з ордэнамі, пабудаваць свой дом, выгадаваць сваіх дзяцей і ўвесь час шанаваць Зосю. Хіба ў другі раз знойдзеш такую? Дзе там! Ну, наконт ордэнаў можна не думаць. Але ж вось ён неяк прадбачыў, што абавязкова зноў прыйдзе цэлы і непашкоджаны. Вунь з якіх боек выйшаў, кулі ўсяго абдрапалі, цэлай сцяною быў прысыпаны, суткамі не еў і не піў. А тут будзе лягчэй — болей прасторы. Галоўнае — дабрацца да сваіх.

Блізка пад паўдня ён завярнуў у лес, сеў і падсілкаваўся. Потым пайшоў наўпрост, па лагчыне, густа зарослай альшэўнікам. Мясціны былі знаёмыя, распытваць не трэба было, у зарасніках ён не баяўся, што сустрэне гітлераўцаў. Яны былі на вялікіх дарогах і там, дзе сушэй. Смутак па Зосі, напружанасць развітання як бы заціхалі. Чыжык увесь час спакайнеў, паглядаў усё больш бадзёра. Цяпер ён ужо не адчуваў за сабой якой-небудзь віны. Ноччу спаў у напалову разбуранай даўняй смалакурні, і палкавы камісар больш не сніўся.

Раніцаю ён зноў пайшоў, але цяпер больш асцярожна, бо наперадзе

ўвесь час гуло і грымела. Потым ён пачуў блізка трэск ламачча ў кустах і кінуўся ў густы нізкі ельнік. 3 кустоў выбіраўся чалавек. Быў ён у падранай чырвонаармейскай форме, але без пятліц і на галаве не было пілоткі. У правай руцэ ўчэпіста трымаў сукаватую важкую ламачыну. На худым, счарнелым твары ад зморанасці ўвесь час закатваліся пад лоб вочы. Чыжык адразу здагадаўся, што гэта такі ж, як і ён. Але ён марудзіў. Пачакаў, прыслухоўваючыся. Чырвонаармеец гэтак сама стаяў і прыслухоўваўся. Тады Чыжык, кашлянуўшы, выйшаў насустрач. Чырвонаармеец замахнуўся ламачынай.

— Ты што — здурнеў? — спакойна сказаў Чыжык, адступаючыся, але на ўсякі выпадак сціскаючы нож у кішэні. — Сам во таксама з акружэння і гэтакім жа макарам выбіраўся. Пераапрануўся толькі.

— Куды?

— Да арміі, куды ж. А ты хто — акружэнец?

— Але, акружэнец, — сказаў чырвонаармеец, апускаючы ламачыну.— Нас было многа. Ішлі таксама да сваіх. Толькі прайсці, брат, нельга. Там у яго столькі сілы, што і іголку не працягнеш. Дарэмна ідзеш, вяртайся.

Чыжык памаўчаў, разважаючы.

— Дык куды ж ты цяпер? — запытаўся нарэшце ён.

— А і сам не ведаю, куды, — адказаў той. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой удавы ці салдаткі. Яны не чапаюць, калі жанаты. Яшчэ і хваляць —гут, кажуць, жыві.

— А ты адкуль ведаеш? — насупіўся Чыжык.

— Расказвалі, — няпэўна адказаў чырвонаармеец.

— «Расказвалі», — перадражніў Чыжык. — Расказваць усякае могуць. Заварочвайся ды пойдзем удваіх. Пабачыш — прабярэмся. Ты з якога палка?

Чырвонаармеец памарудзіў, збіраючыся з думкамі, відаць, не адважваючыся незнаёмцу паведаміць нумар часці.

— Ладна, не трэба, — махнуў Чыжык рукою. — Не гавары. Дык удваіх пойдзем, ці што?

— Не прабярэмся, — выдыхнуў чырвонаармеец. — Ні за што не прабярэмся. У нас аўтаматы былі і то не прабіліся.

— А дзе ж твая зброя? — запытаўся Чыжык.

— Дык навошта яна, калі без патронаў. Толькі нашкодзіць, калі выпадкам трапішся. Ты часам не тутэйшы?

— Не, — адказаў Чыжык. — Гэта я выпадкам касцюм знайшоў, бо абмундзіраванне маё яшчэ горшае за тваё было.

— Дык заварочвай. Удвух весялей будзе. Пойдзем у тую вёску, папросімся да якіх баб — яны цяпер, д’яблы, будуць падкія да мужчын. А пасля відаць будзе, як і што. Га?

Чыжыку міжвольна прыгадалася Зося — заўсёды паслужлівая, падатлівая. Непакоіла, што дарэмна, прайшоўшы шмат кіламетраў, давядзецца вяртацца пасля, як во гэтаму чырвонаармейцу. А тут, у тыле, можна будзе арганізаваць пасля і партызанскі атрад.

Сумненне апякло яго. У такі час ды сядзець дома? I ён адмоўна закруціў галавой.

— Я, дружа, к фронту пайду. А ты — як хочаш. Толькі скажу табе шчыра — не можа быць такога, каб нельга было прайсці. Трэба толькі настояць на сваім. Не пашанцавала раз, то ў другі пашанцуе. Там, за Добрушам, пачынаюцца лясы. Балотамі якімі пралезу.

— У яго, брат, суцэльны там фронт, — уздыхнуў сустрэчны. — Усё танкі, браневікі. Пяхоты зусім не відаць — на машынах.

— Гм! — гмыкнуў Чыжык. — Хай сабе! Пайду!

I пакрочыў у гушчар, абыходзячы незнаёмца. Ужо як адышоў на колькі гоняў, пачуў ззаду сябе слабы крык:

— Дружа, а дружа! Можа ў цябе кавалак хлеба ёсць? Двое сутак не еў.

Чыжык спыніўся. Злосць, а найбольш крыўда распякалі яго. Ідзе ў той бок, адкуль ідзе ён, Чыжык, які пакінуў для гэтага бацькоў, маладую жонку, і яшчэ просіць есці.

— Да баб прыстрайвайся! — што моцы гукнуў Чыжык. — Яны, небаракі, падкормяць!

— А вёска блізка? —данеслася з-за кустоў, бо, відаць, чырвонаармеец успрыняў яго словы ўсур’ёз. — Чакай, раскажы, дзе вёска, — і пад яго нагамі зноў забрынчэла ламачча.

Чыжык сарваўся з месца і нырнуў у хмызняк.

«Хто яго ведае, што там у яго ў галаве», — разважаў ён.

...Праз дзень фронт ужо грымеў на ўсе застаўкі. У небе ўвесь час гулі самалёты. Часам нават і ў далёкія лагчыны залятаў лязгат гітлераўскіх танкаў. Чыжык здагадваўся, што блізка дарога і паварочваў убок. Іншым разам хацелася падабрацца бліжэй, пасачыць. Тут, з лесу, можна было кінуць і гранату пад гусеніцы, ды толькі дзе ж яе возьмеш. Чыжык амаль спыняўся ў замяшанні. Авалодваў той жа настрой, які быў там, у крэпасці. Сустрэчны чырвонаармеец пачаў забывацца. Грукат вайны ўзбадзёрваў Чыжыка. Як перад Зосяй ён быў упэўнены, што вернецца жывы, быццам нават прадбачыў гэта, так і тут пачынаў прадбачыць, што пяройдзе фронт. Галоўнае было выбраць правільны напрамак. Лепш за ўсё гэта павінны ведаць мясцовыя жыхары.

Ноччу Чыжык забраўся ў кусты, даўшы сам сабе слова, што заўтра ж выб’ецца да якога-небудзь паселішча. Было халаднавата, Чыжык драмаў седзячы. Уверсе глуха шумелі сосны. Сярод начы ён раптам убачыў агонь наперадзе. Вогнішча было раскладзена пэўна ў яме, водбліскі скакалі па камлях дрэў. Мільгалі цені, узблісквалі штыкі.

Чыжык напружыўся. Няўжо свае? Але магло быць і так, што гэта былі немцы. Які-небудзь вартавы пост замёрз і па неахайнасці расклаў вогнішча. На кароткі час, каб толькі трохі сагрэцца. Вогнішча і сапраўды хутка затухла. Чыжык не мог так адсюль пайсці. Калі гэта былі свае, дык яны яму патрэбны. Калі немцы — дык яму патрэбна была цяпер іхняя зброя. Не ісці ж яму з голымі рукамі да варожых акопаў.

Чыжык дачакаўся блізкага золаку і пачаў асцярожна паўзці наперад, сціскаючы ў руцэ нож. Пад адной з ялін ён прыкмеціў цень чалавека.

«Ага, гэта ў іх вартавы», — сказаў сам сабе Чыжык і яшчэ больш стаіўся.

Вартавы драмаў, стуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Вінтоўка тырчэла між ног.

«Перш за ўсё трэба вырваць вінтоўку, — разважаў Чыжык, — а тады ўжо зблізку будзе відаць, хто ён такі».

Чыжык лёгка прапоўз якіх дзесятак крокаў і стаіўся за вялікім пнём. Адсюль ён нейкі момант пільна разглядаў сваю ахвяру, думаючы, між іншым, што добра было б і зусім звесці гэтага вартавога, калі толькі ён вораг. Але як? Прыгразіць штыком, паказаць знак рукою, каб маўчаў. Не, усё роўна паспее крыкнуць. Усё роўна давядзецца заблытваць свае сляды па кустах. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога.