Выбрать главу

— Во, так і я казаў, — адгукнуўся Бабарыка. — Паўз нас немцы вязудь каўбасы ды адзенне, а мы ўжо і на людзей не падобны. Ды і зброя і адпачынак патрэбны.

Танкісты згодна заківалі галовамі, буркнулі:

— Каб во не ён — Саўчанка...

Чыжык пазіраў на Саўчанку непрыязна. Гэты чалавек з абпаленым, нервовым тварам не падабаўся яму.

Зноў паляглі спаць. Але Саўчанка не спаў. Варочаўся, уздыхаў, нарэшце падхапіўся, адмахваючыся ад камароў, сказаў:

— Надакучылі вы мне сваімі размовамі. Хоць няма маёй згоды, а скажу так: рабіце як хочаце.

Усе заварочаліся, некаторыя пачалі падымацца. Аказалася, што ніхто і не спаў.

— Хе... — бадзёра адгукнуўся Бабарыка. — Усе разам як-небудзь разбярэмся. Не ўпершыню.

— Я такога загаду не даю, не згодны, — зноў загаварыў Саўчанка. — Дэмаскіраваць сябе ва ўмовах прыфрантавой паласы — гэта значыць, пайсці на смерць. Мы павінны прайсці нябачна, ціха, і абоймы на чырвонаармейца для гэтага зусім дастаткова. Калі і мала, дык і тады няма выгады дэмаскіраваць сябе.

— Таварыш тэхнік-інтэндант, — не сцярпеў Чыжык. — Ну, як жа так прайсці, калі побач такое. Душа не вытрымлівае! А наконт дэмаскіроўкі — не турбуйцеся: ім не да нас. Ад граніцы да Гомельшчыны на іх нападалі можа сотні разоў. Нападалі і знікалі. Так і мы зробім.

— Ваша справа, — сказаў Саўчанка і пачаў згортваць цыгарку.

Рукі ў яго трэсліся.

Чыжык павесялеў. Ён загаварыў горача пра тое, як яны нападуць на гітлераўцаў, кіем малюючы ў яме на пяску дарогу і лес. Трэба біць па канцу, па хваставых машынах. Пакуль пярэднія спахопяцца — захапіць усё, што трэба, і знікнуць.

— Давай сваю торбу, — рашуча патрабаваў Бабарыка. — З’ямо ўсё, а абедаць будзем трафеямі.

Усё, што заставалася — паўколца каўбасы, сала, цыбуля, соль і хлеб — было выкладзена на траву і падзелена на трынаццаць роўных частак. Дзяліў Саўчанка.

— Пасля гэтага паспім якую гадзіну, — сказаў ён.

Чыжыку цяпер падабаліся ўсе, нават і гэты самы Саўчанка.

Саўчанка адразу неяк абмяк, запалыя, пачырванелыя ад бессані яго вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Ён быў родам з Саратаўскай вобласці і цяпер употай, відаць, думаў, што ўсе гэтыя людзі, якія сабраліся вакол яго — і Бабарыка, і Чыжык, і той баец, што пайшоў, і іншыя адзінаццаць найбольш родам з Гомельшчыны і Браншчыны — хочуць проста затрымацца ля родных сваіх месц. Аднак відаць было, што гэты яго настрой нетрывалы, што ён выкліканы незадаволенасцю прынятым рашэннем, што гэта кароткая ўспышка схаванага ад усіх гневу. Апрача таго, як тэхніку-інтэнданту другога рангу, яму непрыемна было падначальвацца тым, хто яшчэ не так даўно не мог яму пярэчыць. Вайна і гэтыя неверагодныя абставіны, у якіх ён апынуўся, увачавідкі пачыналі сціраць розніцу між ім і радавым чырвонаармейцам, а разам з тым губляліся і ўсе тыя выгады, якія ён, як камандзір, меў. Яго суцяшала толькі думка, што ён усё ж не страявы камандзір, а гаспадарчы. Разам з тым Саўчанка, які паспеў скончыць і тэхнікум і ваеннае вучылішча, добра і разумеў і адчуваў, што ў жыцці яго, як і ў жыцці многіх падобных яму, цяпер адбываецца вельмі важная падзея: ён, магчыма, саступае месца іншым, больш здольным і больш рашучым. Хоць ён быў і ўпэўнены, што рашэнне ягонай групы неразумнае, аднак за час адыходу ад заходняй граніцы не мог не заўважыць шматлікіх выпадкаў, калі радавы баец або сержант камандаваў батальёнам або ротай. Ён ужо тады задумваўся над гэтым, прыпамінаючы падобныя выпадкі з часоў белафінскай кампаніі. Як чалавек, які раз і назаўсёды вырашыў звязаць усё сваё жыццё з арміяй, ён пачаў улічваць усё гэта і напорыста вёў сваю групу на ўсход, праяўляючы пры гэтым нямала і кемлівасці і хітрасці. I вось тут, ужо ля самай лініі фронта, яму раптам пачалі пярэчыць. Калі б гэта былі людзі, якія наўмысля не хочуць рухацца далей, Саўчанка ведаў бы, як з імі размаўляць. Ён паспрабаваў бы сагітаваць іх, а калі б гэта не ўдалося, пакінуў бы іх. Аднак ён добра ведаў, што гэта не такія людзі. Адзіным выключэннем з усіх іх быў і застаўся Бондар. Больш такіх не было. За некалькі кіламетраў адсюль былі ўжо свае, і Саўчанка рашыў ні ў што не ўблытвацца, прадаставіўшы падзеям самім вырашыць іхні лёс.

Ён сядзеў у яміне, абыякава пазіраючы на іх, слухаючы сумны шум лесу, часам бездапаможна перабіраючы пальцамі металічныя гузікі на гімнасцёрцы. Аднак у самы разгар спрэчкі ён не вытрымаў і сказаў:

— Па-мойму, трэба шукаць надзейнага чалавека, які ведаў бы гэтыя мясціны. Карты няма, і нападаць усляпую рызыкоўна.

— А навошта яго шукаць, — адразу адгукнуўся Чыжык, — калі я прыблізна ўсё тут ведаю.

Чыжык ухапіў пруток і пачаў чарціць ім па пяску пад сваімі нагамі.

— Во тут, зірніце, Гомель. Мы яго абышлі. Гэты лес цягнецца ад Гомеля да Навазыбкава. Мы прыблізна на сярэдзіне лесу. Дарога ад Гомеля на Навазыбкаў во тут, прыблізна справа.

— Прыблізна, — буркнўў Саўчанка. — Ты кажы больш дакладна. На вайне не можа быць прыблізна.

— А мы не ў школьным класе і не ў акадэміі, — у тон яму адказаў Чыжык, успомніўшы кінафільм «Чапаеў». — Цыркулем мераць няма чаго. Немцы дзе? На дарозе. А дарога во ў гэтым баку, на поўдні. Значыць, туды і трэба ісці. I адыходзіць трэба не на той бок дарогі, а на гэты, бо з таго боку чыгунка, і немцы будуць яе ахоўваць.

Саўчанка згодна заківаў галавой, па-ранейшаму без усякага захаплення. Засяроджаны на сваім, ён бачыў далей. Ён бачыў, як настойліва пакідае яго ўлада камандзіра, і адчуваць гэта было балюча. Аднак ён і не зусім быў упэўнены ў сваіх думках, бо і патроны, і харчы, і абутак сапраўды патрэбны былі, дый і нельга было спрачацца — хіба ж ён быў супраць таго, каб «пашкумутаць» немцаў? Разам з тым ён ужо загадзя страшэнна ўзненавідзеў партызаншчыну. За час адыходу ён не раз быў сведкаю, як людзі адбіваліся ад гурту, ледзь толькі траплялі ў свае або знаёмыя мясціны. I яму вельмі не хацелася, каб і яго група, хоць і на кароткі час, а ступіла на тую ж дарогу.

Так ці іначай, а даводзілася згаджацца.

Туман рассейваўся ў лесе. Выбліснула сонца між дрэў, асвяціўшы гурбу пажоўклага лісця. Лісце і яшчэ сыпалася з бярозы і клёнаў, што акружалі яе. Рабілася цяплей, і далёкі гул матораў у небе толькі нагадваў грымоты навальніц, даўно і назаўсёды, здавалася, страчаныя. Ад гэтага было і прыкра і сумна. Раптам наляцелі ўспаміны пра Зосю, наляцелі і запаланілі ўсё сэрца, усю душу. Чыжык схіліў галаву, адчуўшы на вачах слёзы. Па гэтых сваіх слязах ён раптам адчуў, якое ён усё ж, па сутнасці, яшчэ дзіця, яшчэ юнак, яшчэ нясталы чалавек, яшчэ падростак ці што, Гэта былі зусім не новыя адчуванні, яны ўзнікалі заўсёды, калі ён бачыў, што ёсць нейкі зрух і сам ён сталее.

Лісце шамацела, падаючы. Свяціла сонца, пахла грыбамі. Раптам успомніўся палкавы камісар — тое, пра што нікому не гаворана. Захацелася расказаць, але і на гэты раз ён стрымаўся, Цяжка.

Бабарыка ды і іншыя кляцалі затворамі, аглядаючы патронныя магазіны. Саўчанка крутануў барабан нагана, засмучона цмокнуў языком. Барабан быў амаль пусты. Падумаў, паморшчыўся, нехаця пакорпаўся ў сваёй камандзірскай сўмцы, якая вісела на баку, і раптам рашуча дастаў гранату, сунуў яе Чыжыку.

— На. Ты ж павядзеш. Як дзейнічаць — ведаеш?

Чыжык, успомніўшы баі ў крэпасці, толькі хмыкнуў. Паклаў гранату ў кішэню, пачаў выбірацца з ямы.