— Пайшлі, — толькі коратка сказаў ён.
За ім выбраўся Саўчанка, потым Бабарыка, потым іншыя.
Вайна — вялікае няшчасце. Аднак Чыжык, ведучы цяпер групу да дарогі, наперакор усяму адчуваў, што ён любіць ваяваць. Пасля столькіх дзён перапыінку ён радаваўся, што зноў ідзе на сапраўднае баявое заданне і што ў яго кішэні сапраўдная баявая граната. Яму ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Можа быць яго, Чыжыка, зусім і не стане ў гэтай хуткай бойцы, аднак ён радаваўся ёй і той небяспецы, якую трэба будзе перажыць. Проста нават незразумела было, як гэта той Бондар, да якога цяпер ён чамусьці не меў ніякай злосці, не можа адчуваць такога? Хіба ж не тое было і там, у крэпасці? Хіба ж не лез ён часам толькі з-за гэтага ў самае небяспечнае месца, з радасцю пасля зазначаючы сам сабе, што жывы. Хіба і не таму капаў ён сабе выхад з завалу і не таму пакінуў Зосю і родны дом? I... ці не таму адчувае ён такую схільнасць да Саўчанкі, быццам гэта самы блізкі для яго чалавек? Раней ён не задумваўся над усім гэтым, а цяпер, пад шум лесу, усё стала акрэсленым і ясным.
I пазней, калі ляжаў у кювеце, а грузавікі набліжаліся па дарозе, Чыжык, дыхаючы пахамі восені, таксама адчуваў, што любіць ваяваць. Дый і ніяк немагчыма было ўявіць сябе недзе па-за гэтым кюветам і далёка ад гэтага гулу, што ўвесь час робіцца яснейшы і гразнейшы, а сэрца пачынае біцца ўсё больш неспакойна і ўзбуджана. Хвіліны напружанага чакання... Рука мацней сціскае адзіную гранату, гатовая ў любую хвіліну кінуць яе ў самую гушчыню ворагаў, у гэтым месцы лес — адно куп’ё ды хмызняк і дарога відаць далёка і справа і злева. Грузавікі ідуць адзін за адным — іх каля дзесятка. У кожіным кузаве па два салдаты ў касках і з аўтаматамі.
Чыжык мацней уціскаецца ў зямлю. Уважліва сочыць з-за куста за машынамі. Вось з ім пярэдняя параўнялася. У яе кузаве нейкі груз, на якім і сядзяць салдаты, пахмура паглядаючы на няветлівы лес. Шыны колаў, ды і сам кузаў запыленыя. За гэтай — другая, потым трэцяя.
Чыжык яшчэ больш напружана ўглядаецца ў хвост калоны. Нарэшце, застаюцца толькі дзве машыны — самыя канцавыя. Чыжык прыўзнімаецца, размахваецца і кідае гранату. Потым ён чуе кароткі ўскрык і ўслед за ім адзін і другі выбух. Грымяць з кустоў таропкія стрэлы. На дарозе — два вялікія вогнішчы. Па дарозе бегае гітлеравец, забыўшыся на аўтамат, што вісіць папярок жывата. Чыжык збівае яго ўдарам кулака. Зрывае аўтамат. Потым выпускае ўсю чаргу па машынах, што на поўным хаду, адстрэльваючыся, уцякаюць.
Аднак да машын нельга падступіцца. Полымя ўсё больш ахоплівае іх. Займаецца брызент, якім накрыты груз. Непрыемна пахне гарэлай гумай. Чыжык, ухапіўшы доўгую ламачыну, усё ж паспявае сарваць брызент на першай машыне. Пад імі скрыні з чужой маркіроўкай. Саўчанка, які падбягае ў гэты час, раптам крычыць не сваім голасам:
— Ратуйцеся, хлопцы, — боепрыпасы!
Чыжык, як і ўсе, зноў кідаецца ў кювет. I ў той жа час глухі выбух скаланае наваколле. Саўчанка цяжка валіцца на зямлю, ухапіўшыся рукою за паясніцу.
На дарозе доўгі час яшчэ ўзрываюцца патроны. Чыжык падпаўзае да Саўчанкі. У таго гімнасцёрка ў крыві. I, як заўсёды ў падобных выпадках, напалоханы ранены храпе збялелымі вуснамі:
— Бяры ўсё камандаванне на сябе. Чуеш — я загадваю. Вядзі групу, бо хутка сюды наляцяць...
Чыжыку і самому хочацца цяпер пайсці адсюль. Але ён авалодвае сабой, ірве торбу на часткі і пачынае бінтаваць Саўчанку, закінуўшы яму на плечы гімнасцёрку. Рана не вельмі страшная, але многа крыві.
Што-нішто ўсё ж застаецца і пасля выбуху. У кустах яны знаходзяць паўдзесятка аўтаматаў і разбітую скрыню з патронамі, якую выкінула з кузава.
У дзве споднія кашулі насыпаюць патроны. На дарозе ўжо чуцён новы гул.
Нарэшце Чыжык падхоплівае раненага Саўчанку і, трымаючы яго, як малое дзіця, падаецца ў лес. Ідзе шпарка, радуючыся, што ўсё адбылося не так ужо і дрэнна, і ў той жа час адчуваючы сорам перад Саўчанкам, які паціху іншым разам стогне.
Лес робіцца ўсё гусцейшы. Ззаду, на дарозе, раптам узгараецца страляніна, чутны крыкі. Але цяпер гэта не страшна. Група паспела адысці далёка, немцу ж у лес заходзіць пабаяцца. Дый у іх, відаць, іншае заданне. Там жа, наперадзе, фронт.
Пазней, лежачы на імху пад ялінаю, Саўчанка зноў хрыпіць:
— Камандаванне над групай перадаю яму, — і тыцкае пальцам у бок Чыжыка. — Ён там, на дарозе, вельмі добра дзейнічаў. Мяне пакіньце тут, бо адчуваю, што мая песня спета. А ўсёй групе загадваю зараз жа прабівацца на ўсход да сваіх. Усё! — і зморана заплюшчыў вочы.
— Як цябе ў лесе пакінуць? — узгараецца раптам Бабарыка. — Ці ты здурнеў? Калі ўжо на тое, дык мы цябе куды ў паселішча, у надзейныя рукі... Вылечаць.
Зноў Саўчанка раскрывае вочы, і на гэты раз у іх гарыць незнаёмая для іншых настойлівасць:
— Загад на вайне закон, — кажа ён. — Я вас вёў, я і перад смерцю за вас адказваю. Як пачне цямнець, каб рушылі.
— Вось табе і на... — шэпча Бабарыка, адступаючыся. — Пакінуць аднаго на верную смерць...
I ва ўсіх на змораных тварах таксама разгубленасць. Кожнаму немагчыма нават і ўявіць такое. Адзін Чыжык загадкава паглядае на ўсіх.
— Ну, а ты што скажаш? — пытаецца ў яго Саўчанка.
— Я чалавек у вас новы, — перадыхнуўшы, кажа Чыжык. — Толькі скажу праўду: я пабачыў і не такое, як сёння. Камандзіра пакідаць нельга. Перанесці яго цераз лінію фронта таксама нельга. Але ж раней, чымся ён сказаў ісці, ён аддаў загад мне камандаваць. Побач рухаецца вораг, і яго добра можна біць з тылу. Тут яшчэ блізка многа дарог і вайна выгадная. Пакуль Саўчанка ачуняе, мы паспеем добра адпомсціць гітлераўцам.
Саўчанка доўга разглядае чырвонаармейцаў, што абступілі яго, зморана шэпча:
— Добра. Я цяпер ужо не камандзір. Піць...
Боль, відаць, падступіўся да яго.
I першы, і другі, і трэці налёты. У лесе з’явіліся зямлянкі, коні, павозкі, новыя людзі.
Восень была багатая грыбамі, апалым лісцем і — туманамі. Чыжык, налятаючы на нямецкія заслоны, на абозы, збіраў людзей. Ён усё яшчэ спадзяваўся перайсці пасля разам з усімі цераз лінію фронта да сваіх войск. Ён толькі чакаў для гэтага зручнага выпадку. Але баявыя справы ўвесь час затрымлівалі яго. Саўчанка паздаравеў, у нямецкім фрэнчы і галіфэ ён хадзіў па лясным лагеры, абапіраючыся на кіёчак. Ён яшчэ не мог удзельнічаць у баявых аперацыях і таму заняўся новай, найбольш блізкай і прыемнай яму справай: перабіраў і рабіў улік захопленага варожага дабра. Як і Чыжык, спадзеючыся, што ў хуткім часе прыдзецца пераходзіць да сваіх, ён грунтоўна перапісваў, што за кожны дзень зрабіла група: колькі было забіта гітлераўцаў, якія ўзяты ад іх дакументы — асабліва афіцэрскія, каб пасля, калі давядзецца адчытвацца за свае дзеянні, было відаць, што яны не туляліся па лясах дарэмна.
Вайна ўваходзіла ў звычай, гарачка першых дзён міналася, фронт рабіўся не такім хуткацечным, пачынала адчувацца, што на немцаў усё часцей находзіць дыхавіца. I разам з тым не так ужо надзейна можна было сядзець у лясах.
Група Чыжыка — больш сотні чырвонаармейцаў — жыла ўсё ж нядрэнна. I харчаванне, і вопратка, і абутак былі найбольш нямецкія, і асаблівай нястачы ва ўсім гэтым не было. Замест чырвоных зорак на шапкі пачалі нашываць чырвоныя стужкі.
Чыжык вельмі пахуднеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Галіцца не было калі, раслі чорная барада і вусы. Звычайна ноччу група ішла на баявую справу і вярталася раніцою. Удзень жа разведвалі, дзе і як рухаецца вораг і які ён. Чыжык увесь час быў у турботах. Упершыню на яго плечы неяк як бы сама сабой звалілася вялікая адказнасць камандаваць дзесяткамі людзей. Чыжык аднак не адчуваў з-за гэтага ні зморанасці, ні асаблівых цяжкасцей. Ён і сам не мог зразумець, адкуль усё гэта магло прыйсці колішняму хлапчуку з вёскі ля Дняпра, — толькі самыя, здавалася б, складаныя баявыя задачы ён вельмі хутка вырашаў правільна і трапна. I патроху да яго пачыналі звяртацца за парадамі нават і ў нязначных справах. Яго аўтарытэт сталеў і рос, так што аднойчы пасля бяссоннай ночы — знішчылі тады нямецкі батальён у адной з вёсак — Саўчанка прыкульгаў да яго ў зямлянку, абапіраючыся на свой кіёчак, і далажыў: