Выбрать главу

— Езус-Марыя!

— Ідзі, — загадаў палкоўнік. — У яго няма ні ежы, ні вады,— гэтаму ён паддасца. Скажы, што нямецкае камандаванне даруе яму жыццё, калі толькі ён складзе зброю і выйдзе да нас.

Паляк яшчэ раз перахрысціўся і таропка пайшоў наперад, часта азіраючыся і ўвесь час размахваючы канфедэраткай. Левай рукой ён выстаўляў наперад ад сябе торбу, з якой тырчэлі флягі, каўбасы і хлеб. Нямецкія салдаты нейкі час праводзілі яго, хаваючыся за руінамі, потым адсталі.

Паляк знік сярод грудаў цэглы і металічнага лому.

Ён вярнуўся няхутка — увесь збялелы і ўтрапёны. Яго вочы ліхаманкава блукалі, як у чалавека, які толькі што перажыў небяспеку, губы ўздрыгвалі.

— Ну, што? — строга запытаўся палкоўнік.

— Я сказаў усё, як пан загадаў, — адказаў паляк. — Ён адабраў торбу і толькі пасмяяўся. Сказаў, што выйдзе, калі вернецца Чырвоная Армія. Ён увесь скрываўлены і абдзёрты... з вінтоўкаю, пся маць! А адкуль выйшаў — не ведаю, не бачыў...

Аказваецца, крэпасць жыла, працягвала змагацца.

Справы чырвонаармейца Чыжыка

Гэты перадвыхадны дзень, як і ўсякі іншы, заканчваўся праверкай. На захадзе яшчэ барвавела неба, калі перад адным з будынкаў паўднёвых казармаў выстраіўся першы ўзвод трэцяй роты лейтэнанта Галавіка. Левафланговы ва ўзводзе быў чырвонаармеец Чыжык. Невысокага росту, але моцна складзены, кірпаносы, з удумлівымі вачыма, ён сёння быў асабліва сумны. Удзень камандзір узвода правяраў зброю і, знайшоўшы, што вінтоўка не зусім вычышчана, сурова сказаў:

— Пазбаўлю вас звальнення заўтра ў горад.

А на гэты заўтрашні дзень у Чыжыка была ўся надзея. Месяц назад у гарадскім парку ён пазнаёміўся з прыгожай, маладой дзяўчынай Зосяй і закахаўся. Здарылася гэта так. Чыжык ішоў алеяй парку і любаваўся прыгажосцю каштанаў, калі на завароце ля ларка з марожаным убачыў дзяўчыну з тугімі чорнымі косамі, акуратна ўкладзенымі на патыліцы. На дзяўчыне было белае шаўковае плацце, жоўтыя дарагія туфлі на высокіх абцасах, трошкі танкаваты стан быў перацягнуты бліскучым поясам. Чыжык як не самлеў, калі яна павярнулася да яго. Перахапіла нават дыханне, і ён міжвольна спыніўся: на яго пазіралі вясёлыя вочы. Твар у дзяўчыны быў круглы, ружовы, з ямачкамі на шчоках. Бровы, доўгія вейкі здаваліся падведзенымі чорнай фарбай.

Чыжык яшчэ раз перадыхнуў і парашыў паспрабаваць шчасця. Ён падправіў рэмень, кашлянуў і нясмела запытаўся:

— Вы, пэўна, на танцы спяшаецеся?

Дзяўчына засмяялася.

— На таньцы... — сказала яна з прыкметным польскім акцэнтам.

Чыжык разгубіўся і пачырванеў. Ён не ўмеў заляцацца да дзяўчат і таму сказаў першае, што трапілася на язык:

— А я во назад вяртаюся. У часць. Каб вы згадзіліся, то пайшлі б на танцы разам.

Дзяўчына зноў засмяялася. Чыжык пачакаў, пакуль яна возьме марожанае, і пайшоў поплеч. Яны апынуліся ў кіно, бо на танцы ісці дзяўчына раптам перадумала. Яе звалі Зося. У кіназале Чыжык усё даказваў Зосі, што яго бацька, які жыве ў Гомельскай вобласці, вельмі жадае, каб сын хутчэй жаніўся, бо сам ён стары. Зося рабіла выгляд, бы верыла ўсяму гэтаму. Ужо к канцу кінасеанса Чыжык успомніў пра вячэрнюю паверку. Урэшце махнуў рукой, бо бачыў перад сабою толькі Зосю, яе косы, прыгожы твар з ямачкамі. Калі выйшлі з кіно, Чыжык прапанаваў Зосі праводзіць яе дадому. Яны пайшлі па соннай вуліцы горада, абапал якой шумелі маладым лісцем дрэвы. Было цёпла, нават горача, ад агародаў пахла укропам, вішнёвай смалой, кветкамі чаромхі і бэзу. Заліваліся салаўі. Здавалася, што яны спяваюць нават на дахах дамоў і старых каталіцкіх капліцах. Крокі глухлі ў гэтым вясновым тлуме — у пахах і спевах, якія п’янілі абаіх. Зося пацішэла, да яе вярнулася сур’ёзнасць. Яна расказвала, што бацька яе пры панскай Польшчы быў чыноўнікам у нейкай багатай канторы, а цяпер яны жывуць з таго, што маюць агарод, пасеку, сваіх кароў. I гора ў яе было. Сама б вучыцца, ды не па гадах. А яна вельмі хацела б яшчэ надвучыцца. Дый наогул, з бацькам яны жывуць нядружна. Чыжык успомніў гутаркі палітрукоў і асабліва палкавога камісара, як трэба адносіцца да мясцовага насельніцтва і пачаў запэўніваць Зосю, што з бацькам не трэба асабліва сварыцца, бо ён стары і многага, вядома, не разумее. Тады яна паведаміла, што ў яе ўжо ёсць жаніх — сын багатага шляхціца Бронік. Праўда, ён яшчэ не рабіў належнай прапановы, але ўсе ведаюць, што яна будзе яго жонкай, хоць гэты Бронік ёй і не асабліва падабаецца.

Чыжыку зрабілася трохі прыкра ад гэтых яе слоў, ён пачаў упрошваць яе не выходзіць пакуль што замуж.

Зосін двор быў у ціхай вулачцы, скрозь абнесены частаколавай агарожай, акружаны вялікім садам так, што за кронамі дрэў не відаць было нават даху пабудоў. Толькі недзе ў глыбіні саду бразгатаў ланцугом сабака.

Яны спыніліся тады ля невялікай брамкі, што вяла ў глыбіню двара, і пачалі дамаўляцца аб наступнай сустрэчы.

За месяц іхнія адносіны зайшлі так далёка, што калі б Зосін бацька дазнаўся пра іх, ён напэўна выгнаў бы дачку з дому. Чыжык скарыстоўваў для сустрэчы ўсякі зручны момант, а разы са два з’яўляўся ў ціхай вулачцы на ўскраіне горада нават сярод ночы. Якім чынам выходзіць ён з крэпасці цішком — не расказваў нават Зосі. Абыходзіўся жартамі.

У апошнія часы іхнія адносіны пагоршыліся. Да Зосінага бацькі раптам зачасціў Бронік. Чыжык аднойчы бачыў, як той прахаджваўся з Зосяй па вулачцы. Бронік быў у фрэнчы і галіфэ з самаробнага шэрага сукна, у канфедэратцы, высокі і шыракаплечы. Халявы наглянцаваных ботаў шчыльна атулялі яго тоўстыя ікры, а пахмуры твар з даўгім носам быў нейкі азызлы, і, як здавалася Чыжыку, сіняваты. Між тым, хоць прапановы на жаніцьбу яшчэ не было, у доме ўжо рыхтавалі пасаг.

Вось пасля гэтага і перайначылася Зося: у яе кожны раз быў на языку Бронік. У апошні раз яна, як бы між іншым, сказала:

— Ты вельмі рэдка прыходзіш, Ваня. Вунь Бронік — ён наведваецца кожны дзень.

— Я ж у арміі, Зося, — цярпліва адказаў на гэта Чыжык. — У арміі свой закон, прыйсці не заўсёды можна.

Ён развітаўся, дамовіўшыся, што будзе ў гэтую нядзелю. Зося згадзілася прыйсці да крэпасці. Але ён бачыў, што яна не надае ўжо гэтай сустрэчы і яго словам амаль ніякага значэння. Не адчувалася ў голасе і ранейшай Зосінай радасці.

I нечакана новае няшчасце: заняты сваімі неспакойнымі думкамі, ён не пачысціў як след зброю і камандзір. узвода загадаў не адпускаць у горад.

Аб усім гэтым думаў і ўспамінаў Чыжык, стоячы канцавым у шарэнзе.

Невясёлыя, прыкрыя думкі!

Захад між тым усё больш прыкметна змрачнеў. Прайшоўся, дыхнуў цёплы вецер на двары, патрывожыўшы лісце таполяў, электрычную лямпачку на слупе і занёсшы сюды гаркаваты пах палыну. Прагучала каманда падрыхтавацца да «адбою». Чыжык яшчэ патаптаўся ля ўваходных дзвярэй, дзе група чырвонаармейцаў дакурвала апошнія папяросы перад сном, і падаўся ў казарму.

Заснуць ён не мог. Зноў успомнілася апошняя размова з Зосяй і тоўсты Бронік. Рэўнасць не давала Чыжыку спакою. Яму здавалася, што цяпер, калі ён ляжыць у ложку, тоўсты Бронік абдымае яго Зосю. Не здарма ж ён завітвае туды кожны дзень. Не здарма ж Зося стала такой безуважлівай і халодна-кплівай. Нешта як бы змянілася ў ёй самой. Канешне ж, яны сустракаюцца цішком ад яго. Гэта — сёння. А што будзе заўтра, калі ён не прыйдзе на сустрэчу?

Чыжык неспакойна варочаўся, не забываючыся аднак прыкідвацца, што спіць. Нарэшце не вытрымаў. Падцягнуў да сябе нагавіцы, падапхнуў іх пад споднюю кашулю, уважліва паглядаючы ў бок дзвярэй, дзе цікалі ходзікі і быў днявальны. Падняўся, насунуў на ногі боты і падаўся да выхаду. Ходзікі паказвалі без чвэрткі дванаццаць. Днявальны драмаў, седзячы на стуле. Ён амаль безуважліва акінуў Чыжыка памутнелым позіркам і зноў схіліў галаву. Чыжык прагрукатаў ботамі па калідоры і завярнуў налева. У прыхожай ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры, заўважаны ім яшчэ з вечара. Чыжык шпарка сунуў за яго свае нагавіцы, пахадзіў, разважаючы, ці не забраць нагавіцы назад, але ўрэшце махнуў рукой і зноў падаўся ў казарму.