Чыжык раптам зразумеў усё. Стала жудасна. Не помнячы сябе, размазваючы гразь і кроў на твары, ён што сілы кінуўся бегчы да крэпасці.
Жыццё пад руінамі
Крэпасных варот быццам і зусім не існавала. Будка вартавых была разбіта. Атрутны дым уздымаўся ад абпаленай цэглы. Чыжык перабраўся цераз гурбу руін і ўбачыў, што і ў касцёл, у якім быў у апошні час гарнізонны клуб, таксама папалі бомбы. Лопаліся шыбы вокнаў, і з іх вырываліся клубы дыму і языкі полымя. На плошчы раз-поразу ўзрываліся снарады, уздымаючы чорныя слупы зямлі: з таго боку Буга, дзе была граніца, увесь час біла варожая артылерыя. Тут, ля заходніх варот, Чыжык убачыў першыя акрываўленыя трупы чырвонаармейцаў. У злосці і роспачы ён кінуўся да сваёй казармы, але яе будынак быў паўразбураны, некалькі параненых чырвонаармейцаў выглядвалі з-пад развалін. Чыжык таропка пачаў ім памагаць. Раскідаўшы цэглу і вывернуўшы нейкую бэльку, ён убачыў скрываўленую руку чалавека, пачаў раскідваць цэглу далей і асцярожна вывалак з-пад руін чырвонаармейца з пасінелым тварам, з супрацьгазам цераз плячо. Чыжык адразу пазнаў яго. Гэта быў той самы днявальны, які мінулай ноччу акінуў яго безуважлівым, памутнелым позіркам і нават як быццам бы ўсміхнуўся. Чыжык расшпіліў яму гімнасцёрку, прыпаў вухам да грудзей, паслухаў. Днявальны быў мёртвы. На нейкі момант Чыжык адчуў сябе так, быццам ён сам вінаваты ў гэтай смерці.
Але многа думаць не было калі. Вайна не прывучае да доўгіх разваг, і Чыжык адчуў гэта адразу. У небе зноў паплылі дзесяткі бамбардыроўшчыкаў, і крэпасць ахуталася агнём і дымам. Чыжык прыціснуўся да зямлі, поплеч з мёртвым днявальным. Нялёт быў, здавалася, бясконцы. Асколкі, цэгла і камень — усё свістала і стукалася зусім побач. Калі ж бамбардыроўка крыху заціхла і ён падняў галаву, дык убачыў, што атрады чырвонаармейцаў з крыкам бягуць да заходніх варот. Чыжык адшукаў сярод руін вінтоўку і таксама пабег разам з дзесяткам байцоў свайго ўзвода.
3-за ракі наступалі гітлераўцы. Танк з чорнымі крыжамі на баках уварваўся на мост і памчаўся ў гэты бок. На дарозе стаяў станковы кулямёт. Чыжык бачыў, як завіхаецца кулямётчык, паварочваючы лапаткамі. Кулямёт уздрыгваў, выпускаючы насустрач танку струмень агню. Танк раптам наляцеў на кулямёт, падабраў яго пад сябе, разам з кулямётчыкам...
Беглі салдаты ў чужым, мышастым адзенні. Іх было многа. Яны перабягалі па мосце, перабіраліся па вадзе. Амаль ва ўсіх рукавы былі закасаныя да локцяў. Няшчадна пякло сонца. У спякотным, як бы расплаўленым, паветры глухлі бясконцыя п’яныя крыкі. Чыжык збіў на бок супрацьгазавую сумку, паўнюткую патронаў, якую падхапіў, калі бег сюды, і пачаў страляць. Пярэднія гітлераўцы заляглі, але не надоўга. 3-за рэчкі вырываліся ўсё новыя і новыя атрады фашыстаў. Немцы зноў пабеглі, але цяпер разам з вінтовачнымі залпамі іх дружна сустрэў агонь станковых і ручных кулямётаў.
Горы варожых трупаў валяліся к вечару перад крэпасцю.
Вечарам непадалёку ад крэпасці хадзіў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Крэпасць адказала на гэта новым залпам — па браневіку.
Усю наступную ноч Чыжык прасядзеў на сцяне, ля паўднёвых варот, а раніцаю, як толькі пачаўся новы налёт авіяцыі, раптам успомніў яміну ля крэпасной сцяны, падземны ход і нырнуў туды. Падземнага ходу больш не існавала. Крэпасная сцяна асела ў тым месцы ад бамбёжак, назаўсёды закрыўшы выхад у забыты ўсімі сквер. Чыжык не вельмі нават і сумаваў аб гэтым. Разам з сабою ён прывалок у яміну нямецкі карабін і патроны, знойдзеныя сярод забітых гітлераўцаў, Падумаў і схаваў гэта ў дальнім кутку пад цэглаю. К канцу дня ў сховішчы былі нямецкія галеты, дзве бляшанкі кансерваў і тэрмас са шнапсам. Для чаго ўсё гэта рабіў, ён бадай пакуль што і сам не ведаў, але ў наступную ноч запхнуў туды яшчэ і тры гранаты з драўлянымі рукаяткамі, хоць у боепрыпасах асаблівай нястачы яшчэ і не было.
Далей усё адбывалася, як у сне. Чыжык разам з усімі поўзаў да ракі па ваду для раненых, рабіў перавязкі, пасля таго, як шпіталь разбамбілі немцы, збіраў патроны сярод забітых, двойчы ўдзельнічаў у штурме касцёла, калі немцы былі занялі яго. Звыкшыся з думкаю, што яму ўжо не выйсці адсюль жывым, ён пакінуў звяртаць увагу на бомбы, снарады, а тым больш на кулі.
Ён не памятаў ужо, калі гэта, узняўшы белы сцяг, жанчыны выходзілі з крэпасці. Такое стала сівой даўнасцю. ён не мог таксама сказаць, колькі дзён прайшло з пачатку вайны. А адтуль, з-за Буга, кожны дзень крычалі праз рэпрадуктар фашысты, што іхнія войскі рухаюцца наперад, што яны перайшлі Дняпро, што ўзяты Смаленск.
Нарэшце, з браневіка пачалі крычаць, што Чырвоная Армія разгромлена, рэшткі яе здаюцца ў палон і гітлераўцы знаходзяцца на подступах да Масквы.
Чыжык, як і ўсе, мане гэтай не верыў. Як і ўсе, ён вырашыў, што ўсё роўна будзе змагацца і дасца ў рукі ворагу толькі мёртвы.
Было пад вечар. Абкружаная грудамі варожых трупаў, уся ў руінах, у абпалінах, у крыві ляжала перад ворагам крэпасць — невялікі астравок савецкай зямлі. Быў момант кароткага зацішша, калі абодва бакі натужваліся да яшчэ адной рашучай бойкі. I раптам тонка і настойліва ў небе над крэпасцю заспяваў матор.
Чыжык узняў угору скрываўленую галаву і як не ўскрыкнуў ад радасці. Над крэпасцю ляцеў самалёт з чырвонымі зоркамі на крылах. Чыжык пачапіў на штык вінтоўкі сваю прабітую кулямі, пакамечаную і абсмаленую пехацінскую шапку і пачаў махаць ёю ў паветры. Ён бачыў, што і з амбразур крэпасці, з руін узняліся дзесяткі вінтовак з пачэпленымі на штыкі шапкамі. Сотні галасоў крычалі «ўра». Некаторыя чырвонаармейцы нават падхапіліся, не звяртаючы ўвагі на варожыя кулі...
Гэта была найбольш радасная падзея ў жыцці абаронцаў, у жыцці Чыжыка...
Жыла, змагалася Чырвоная Армія!
Апошнія дні
Не ставала вады, не было ежы. Усё гэта здабывалася ў забітых гітлераўцаў. Кожную ноч пры святле ракет групы чырвонаармейцаў паўзлі ў бок ворага па тэрмасы і заплечныя мяшкі. Амаль усё, што прыносілася, аддавалася параненым. Чыжык таксама рабіў разам з усімі начныя вылазкі, зусім забыўшыся на тую яміну і свой склад. Таялі рады абаронцаў крэпасці. Бязлітасна набліжалася тая хвіліна, калі вораг непазбежна павінен завалодаць усім тым, што адстойвалі абаронцы. Ужо заняты былі заходнія вароты, касцёл, гітлераўцы поўзалі між руін, кідалі гранаты.
...Чыжык рос цікаўным хлопчыкам. У пахіленай хаціне на беразе Дняпра на Гомельшчыне ён, малы, неаднойчы прыставаў да дарослых з пытаннем — адкуль ён з’явіўся на белы свет. Дарослыя гладзілі яго па галаве, хітра пасмейваліся, а маці заўсёды запэўнівала, што яго знайшлі ў агародзе, куды занеслі яго тыя самыя буслы, якія кожнае лета гняздзяцца на іхняй ліпе. Такі ён быў маленькі і нікчэмны. Пазней, калі ён паспеў некалькі разоў ледзь не захлынуцца, купаючыся ў Дняпры, маці ўсім казала, што ён у шчаслівай сарочцы нарадзіўся. I сапраўды, у жыцці яму заўсёды шанцавала.
Тысячы людзей загінулі на вачах Чыжыка, а яго смерць мінала. Шапка, гімнасцёрка, нагавіцы, боты, з якіх цяпер вытыркаліся голыя пальцы — усё было пашарпана кулямі і асколкамі. Усё цела яго было ў крыві, на грудзях і спіне надакучліва балелі крывавыя рубцы, распух твар, увесь у сіняках і кровападцёках, але ж Чыжык, як і тысячы іншых у падобных выпадках, на немалое здзіўленне самому сабе, хадзіў, страляў, памагаў іншым.
Лета пайшло на схіл. Раніца ўжо была халаднаватая. Па руінах амаль у адкрытую хадзілі немцы. Абаронцы не стралялі па іх. У памяшканні шпіталя раздаваліся апошнія патроны — па два на чалавека. Нарэшце надышла тая хвіліна, калі спатрэбіўся чыжыкаў склад.
Чыжык выскачыў праз акно шпіталя і, прыгнуўшыся, шпарка пабег між руін. Адразу сотні куль засвісталі над ім: Чыжык не звяртаў ужо на гэта амаль ніякай увагі, не хваляваўся. Але прага помсты заставалася, і ён спяшаўся. Уяўляў, як во зараз высыпе раненым не адну сотню патронаў і некалькі нямецкіх гранат — цэлае багацце.