Выбрать главу

У паветры зноў загулі самалёты. Чыжык ускочыў у знаёмую яміну, разгроб цэглу, начапіў на сябе супрацьгазавую сумку з патронамі, схапіў гранаты — вінтоўкі не браў: іх і без таго хапала — і спыніўся, цяжка дыхаючы і прыслухоўваючыся. Зусім блізка пачалі рвацца бомбы. ён прысеў. Раптам яго моцна ўдарыла ў грудзі, неба закрылася, пасыпалася цэгла з пяском. Чыжык ляжаў на спіне, яшчэ не разумеючы, што здарылася. У яміне цяпер было цёмна, не ставала паветра. Маланкай пранеслася здагадка: яго заваліла. Відаць, ад узрываў абвалілася крэпасная сцяна, накрыўшы яміну.

Перад вачыма Чыжыка праплылі шпітальнае сутарэнне, палкавы камісар і параненыя, у якіх амаль не было патронаў.

— Браткі, таварышы! — закрычаў Чыжык.— Прыдушыла! Ратуйце!

Нервы, нарэшце, не вытрымалі ў яго. Хваляванні, напружанасць усіх гэтых дзён раптам далі сябе адчуць, і Чыжык заплакаў. Рукі і губы яго ўздрыгвалі, галава трэслася.

— Прыдушыла... — і ён бездапаможна абмацваў супрацьгазавыя сумкі, напакаваныя патронамі.

Успомніўшы, што яшчэ на трэці дзень асады ён з некалькімі байцамі беспаспяхова спрабаваў разабраць падземны ўваход, Чыжык скінуў з сябе груз і таропка пачаў разбіраць завал над сабой, скідваючы цэглу сабе пад ногі. Сілы ў яго зусім не было, але ён ведаў, што цяпер ужо яму ніхто не паможа, і настойліва выцягваў цагліну за цаглінай. Аднекуль у гэтую яміну ўсё ж паступала паветра, марудна і неахвотна, і Чыжык дыхаў. Ён не ведаў, колькі часу во так працаваў, але гэта было пэўна вельмі доўга, бо Чыжык некалькі разоў падмацоўваўся трафейнымі галетамі, шнапсам і некалькі разоў засынаў у вузкай нары, якую капаў. Увесь час у галаве стаяла неспакойная думка аб тым, што там, у раненых, засталося ўсяго па два патроны.

Ён не ведаў, што працуе так ужо трэція суткі. Зусім нечакана свежае паветра балюча ўдарыла яго па скронях. Дзённае святло як не асляпіла. Дыхнула згарэлай травой, пустэчай, пахам трупаў. Сціснуўшы зубы, Чыжык застагнаў і страціў прытомнасць.

Не надоўга. Апрытомнеў адразу. Быў дзень. Усюды ляжалі руіны, цягнуўся дым. Чыжык зірнуў у той бок, дзе быў шпіталь. I супраць крэпасной сцяны Чыжык убачыў эсэсаўцаў, што стаялі ў рад з нацэленымі вінтоўкамі, і двух афіцэраў — адзін тоўсты і нізкі стаяў з узнятай рукою. Чыжык убачыў і палкавога камісара і шпарка папоўз назад у яміну. Тут ён ухапіў вінтоўку, дрыжачымі рукамі набіў яе патронамі, насыпаў патронаў у кішэню і зноў папоўз у нару. Залпа ён не пачуў. Убачыў толькі, што тоўсты фашыст нагнуўся над палкавым камісарам, які ляжаў пры сцяне. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Тады ён перадыхнуў, паклаў вінтоўку на цагліну і стрэліў. Тоўсты эсэсавец упаў, і Чыжык пачаў страляць па іншых. Калі ўсе разбегліся, Чыжык шпарка заваліў уваход цэглаю, запоўз у яміну і нарыхтаваў гранаты. Наверсе трашчалі аўтаматы, ірваліся гранаты. Потым усё сціхла. Выйсця цяпер ужо не было: наперадзе быў вораг, тут, у яміне — смерць. Заставалася сумка з патронамі, якія ён рашыў скарыстаць. К таму часу, быць можа, падыдуць і свае. Рана ці позна, а такое будзе — ён верыў у гэта.

Пацягнуліся доўгія дні. I справа і злева ад Чыжыкавай нары ляжалі груды руін, і ён мог страляць толькі ў пэўным сектары. Разам з тым ён цяпер учапіўся за той завал у падземным ходзе. У дні абароны гэты ход усё роўна нічога не значыў, бо кожны, хто выбраўся б з яго, трапіў бы ў рукі ворага. Цяпер войск вакол крэпасці павінна было паменшаць.

Чыжык цягаў цагліну за цаглінай, выграбаў рукамі зямлю, увесь час задыхаючыся ад нястачы паветра. Па начах ён нават спрабаваў пакідаць незакрытай нару, якую прарабіў уверсе. Урэшце пачала мутнець памяць. Дні блыталіся з начамі, яму здавалася, што нехта ў цывільным быў сярод гэтых руін і ён нават выйшаў да яго. Гэты цывільны аддаў яму торбу з харчамі, угаворваючы здацца. Цяпер Чыжык даядаў рэшткі хлеба. Выйшлі патроны. Ён расстраляў іх усе. Трымаў пад рукою толькі гранаты. Распухлы, увесь аброслы, ён усё працаваў ля заваленага ходу. Потым заціснуўся ў гэтым ходзе, павіс на нейкіх выступах і страціў прытомнасць.

Свядомасць вярталася да яго марудна. Ён неяк здолеў разабрацца, дзе ён і што з ім. Пачаў праціскацца далей і раптам упаў у тым самым ходзе, да якога так настырна прабіваўся. Сырое, свежае паветра дыхнула на яго.

Ціхая вулачка

Праціснуўшыся паўз цэглу і абадраўшыся да крыві, Чыжык застагнаў ад болю і зноў у беспрытомнасці ўпаў. Потым яму пачало здавацца, што нехта нешта шэпча яму на вуха. Чыжык напружыў памяць і зразумеў, што гзта шэпча палкавы камісар. Чыжык ніколі амаль не сустракаўся з ім во так блізка і нават і не марыў аб такіх во адносінах. Палкавы камісар шаптаў яму нешта надзвычай давяральнае. I Чыжык адчуваў, што ён нешта недарабіў. Ён зноў апрытомнеў і зноў папоўз, зусім не дзівячыся той акалічнасці, што больш не натыкаецца ні на цэглу, ні на завалы. Ноччу Чыжык выбраўся праз знаёмы, напалову засыпаны выхад. Выхад гэты быў усяго на якую паўсотню крокаў ад крэпасной сцяны, у старым скверы. Але цяпер сквера не існавала. Уся зямля была ўзрыта бомбамі і снарадамі.

Адсюль гітлераўцы найбольш штурмавалі крэпасць, і цяпер уся гэтая мясціна была вытаптана, усеяна пустымі гільзамі, кансервавымі бляшанкамі, ацынкаванымі скрынкамі ад боепрыпасаў. Усюды віднеліся крывавыя плямы, шматкі вопраткі, нават гімнасцёркі. Гэта было месца штодзённых рукапашных схватак.

3 таго боку былі заходнія вароты і цякла рака. Чыжык ляжаў, прыціснуўшыся да зямлі і яшчэ не верачы, што ён жывы. На яго ніхто не накідваўся, і ніхто ў яго не страляў. Ворагаў, якіх ён бачыў і дзень і ноч, тут не было. Чыжык не мог ведаць, што атрады, якія штурмавалі крэпасць, даўно пакаціліся далей на ўсход, пакінуўшы ў крэпасці толькі невялікі гарнізон. У горадзе гулі маторы, чуліся стрэлы.

У бездань неба ляцелі рознакаляровыя трасіры.

Махнуўшы на ўсё рукою, Чыжык папоўз між варонак далей ад крэпасці, пакуль не наткнуўся на цудам уцалелы куст. Тут ён пачаў прагна злізваць з травы і з кустоў буйную расу. Падумалася, што Зосі і саду з яго вішнёвым пахам даўно няма. Таксама не паверылася, каб у горадзе быў

хто-небудзь жывы — яны зніклі ў вечнасці, як зніклі многія сотні жывых і знаёмых Чыжыку людзей. Чыжык уступаў у новую паласу разумення, якая яшчэ нядаўна здалася б яму немагчымай і неверагоднай. Цяпер гэта была рэчаіснасць. Ён сустрэў яе тым, шта падняўся на ўвесь рост і марудна пайшоў знаёмай сцежкай, якая надзейна хавала яго не так даўно ад каменданцкіх патрулёў. За агародамі, у спадзе пад вербамі, ён напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў прагна піць. Піў, сціснуўшы зубы, а блізка ў траве ў гэты час квакала жаба. Чыжык зазначыў сам сабе, што ўжо не заходзяцца ў спевах, як нядаўна, салаўі. У ручаі міргалі зоры, і зморанаму чырвонаармейцу не хацелася думаць. Падняўшыся, ён зноў пайшоў, цяпер часта спыняючыся і ўслухоўваючыся. У той жа час ён вельмі баяўся зваліцца з ног. Невыносна балела ў скронях.

У горадзе стралялі, і, пакуль цёмна, трэба было хутчэй з яго выходзіць. Але ён адчуваў, што не зможа пайсці так.

Мінуўшы бэзавы кустарнік і вішнёвую алею, Чыжык нечакана для самога сябе апынуўся перад густым садам, які па-ранейшаму паціху драмаў у летнім змроку. У святле зорак блішчэў шклом знаёмы дом. Чыжык вельмі здзівіўся, што ёсць яшчэ во такія сады і дамы, значыць, і людзі. Нічога тут не перамянілася.

Чыжык нырнуў у шчыліну паркана і спыніўся. Нечага не ставала. Ён напружыў памяць і зразумеў: не ставала звону сабачага ланцуга. Сабакі не было. Ланцуг вісеў на дроце. Чыжык дайшоў да знаёмага акна і адразу ж паціху стукнуў у шыбу. Ён не хаваўся, як некалі, а стаяў перад акном у рост. Дзіўна. Мо трэба было схавацца, але ён стаяў, як укапаны. Чуў за акном крокі. Бялявы тварык раптам прынік да акна. Чыжык адчуў, што гэта не сон. Затым ён пачуў спалоханае: «О-о!» — і тварык знік. Мільганула дзявочая кашуля, голыя плечы. Потым па верандзе пратупацелі крокі. Нешта роднае і дарагое стаяла за каліткаю і задыхалася, прыглядаючыся да яго. Зноў ён пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Зося, як гарачы вецер, кінулася да яго.