Вецер пацалаваў зямлю ля ног маці:
— Я не дакрануся рукою да сябра, толькі яна будзе даваць мне корд і каня. Бывай, матулька. Дзякуй табе за ўсё.
Маці ўладна (Вецер не пратэставаў, ён ведаў — так трэба) абхапіла яго галаву, прыцягнула яго да сябе і пацалавала сына ў пакуль што чысты белы высокі лоб, аддала апошні пацалунак яму, які ішоў на крыж. Яна не енчыла над ім, як тая, іншая, яна стаяла проста і горда, бяздоннае сэрца, вялікая беларуская маці.
І пакуль дзве постаці на конях не зніклі ў пушчы, яна глядзела ім услед, быццам жадала назаўсёды зберагчы ў параненым да смерці сэрцы стройную постаць сына, доўгае залацістае валоссе яго і маленькую фігурку, што ехала поруч з ім на белым коніку, паклаўшы белую ручку на яго плячо.
_____________
Дык вось якія справы чыніліся дзвесце год таму на зямлі беларускай. Чатыры гады трымалася паўстанне Вашчылы ў старастве Крычаўскім, якое Крывавы Падчашы аблыжна называў “сваім”. І вялікай славы дасталі не паны, не рыцары, а журботныя цені крычаўскага майстра, мілаславіцкага мешчаніна і хацімскага гандляра воскам, селяніна і ваяводы.
Чатыры гады грымела паўстанне, на ўсіх шляхах віліся зялёныя і залатыя сцягі, сялянскія загоны з віламі і косамі з ровам валілі на бледных шляхецкіх ваякаў, і падалі брамы замкаў, і мужык, як гаспадар, уваходзіў у пакоі, дзе раней бываў яго бацька толькі ў ланцугах.
Яны біліся за волю, і заўсёды наперадзе ляцеў на вараным кані чалавек, які нікому не паціскаў рукі, а за ім імчалася маленькая фігурка ў белым плашчы і бліскучым шаломе. І яны секлі, не ведаючы страху смерці, і людзі імкнуліся за імі як на крыллях, лавінаю, быццам сам Белы Коннік павярнуў зброю супраць паноў і скакаў наперадзе на ворага.
П’яны быў пір. Секлі ў капусту, і мячы іхнія не ведалі літасці, і іншую кроў упершыню павінна была піць зямля. Але кулі і шаблі і шыбні літавалі іх, аж пакуль у страшнай бойцы на старым магілёўскім гасцінцы не загінула Агата ад жараб’ёвай насечанай кулі нейкага шляхціца. Вецер зрабіў з яго чатырох раней, чым той паспеў вырачыць ад смяротнага жаху вочы.
Вылі над ёю жанчыны, і чорны камень лёг на яе белае цела. Але Вецер амаль не плакаў, ён не паспеў яшчэ дасхочу напаіць крывёю свой корд.
І ворагі баяліся яго.
Але ўрэшце ўсё было скончана. Я калі-небудзь яшчэ паспею распавесці, як Геранім Радзівіл паслаў на маленькі мяцежны Крычаў гусараў, драгунаў, іншаземцаў, а потым з’явіўся і сам, як паставілі вакол Крычава варту, як палкоўнік Пястрыцкі (няхай давеку кіпіць у смале яго чорнае сэрца) гатаваўся душыць сваю зямлю, як Вашчыла клікнуў паспалітае рушэнне, як разагналі сялян гарматаю і дробнай куляю, як паўсюль на полі крыві ляжалі белыя фігуры абаронцаў волі.
Я раскажу калі-небудзь і пра тое, як блаславіў забойц біскуп магілёўскі Валчанскі (ганьба табе, царква Хрыстова!), як залілі крывёю няшчасны Крычаў і набатны звон папіхалі нагамі сабакі Падчашага, як на пáлях сядзелі лепшыя людзі нашай зямлі, як вешалі на прэнг і вешалі за рэбры на гакі і на шыбеніцы, як марылі людзей у смуродных псарнях, як трэскі, намочаныя ў серку, забівалі за пазногці і падпальвалі і як ад таго счыніўся вялікі мяцеж не толькі ў Крычаўскім старастве, але паўсюль.
Але зараз я не магу. Ламаецца пяро ў руках, і кроў, якою пісана гэта, не прасушыш ніякім пяском.
І было гэта на працягу ўсяго студзеня і ўсяго тыдня сырапуснага і далей, пакуль не сплылі мы крывёю. Помсцілі крывёю. Помсцілі крычаўлянам за тое, што дзвесце год таму абламаў Жыкгімонт рогі князю Васілю Жылінскаму, і за жах свой помсцілі і за баягузства сваё перад імі. І за бязмежную мужнасць іхнюю помсцілі жорстка.
Сапраўды, нязмерная мера пакут тваіх, люд беларускі!
Схоплены быў і Вецер у той час, як ён ратаваў Вашчылу. Давяловя яму выпіць да донца кубак смяротных пакут. Допыты вяліся ўдзень і ўначы, але ён маўчаў і толькі карыстаўся кожнай нагодаю, каб дакрануцца да рукі ўсіх членаў “доказнай інквізіцыі”. Ахвотна таксама ён цалаваў рукі тром прэсвітэрам, хоць ад споведзі адмовіўся, і кранаў ката і Пястрыцкага і шмат яшчэ каго. Лоб ягоны быў яшчэ чысты.
І ён маўчаў і смяяўся ў вочы тым, што садзілі яго ў студню і ў комін, і спяваў на прэнгу здзеклівыя песні. Ніводнага стогну, ніводнай слязы.
Іншыя трымалі сябе на допытах таксама горда. Карпач грубымі жартамі даводзіў інквізітараў да істэрыкі, быццам гэта былі жанчыны. А засожскі растрыга-поп Малькевіч папрасіў размяць рукі перад смерцю і страшэнным ударам убіў нос пасланцу намесніка магілёўскай катэдры.
І душыцелі дабівалі людзей Вашчылы, і зноў было цяжка, і палалі ўначы хаты.