Выбрать главу

Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях[5] на ўзлессі. Было ўжо добра поначы, калі дрэвы пачалі радзець і ён пабачыў цьмяную істужку Сожа, лугі і невялічкі хутар, або, лепей сказаць, пачынак, хат на дваццаць, што прыткнуўся непадалёку ад узлесся. Дзе-нідзе міргалі агеньчыкі, цёмныя садкі ахапілі хаткі, ласкавая стаяла ціша.

Але нават гэты мірны малюнак не радаваў конніка.

“Яго хата, як казалі, апошняя злева”.

І ён паволі паехаў вулкаю. Ціхая вуліца беларускай вёскі яшчэ не спала, але як толькі тупат капытоў прагучэў у цішы — шмат што змянілася. Гаснулі агеньчыкі ў некаторых вокнах — мусіць, гаспадары з трывогаю слухалі ўпэўнены стук капытоў, сядзелі ў цемры і чакалі.

Пахла гноем, цёплым малаком.

Коннік адчуў, як нешта зашчыпала яго вочы, цвёрды камяк стаў у глотцы.

“Божа! І да гэтага давесці?!”

З канца пачынка нечакана пачалі даносіцца гукі спеваў. Гэта было дзіка ў такім месцы і ў такі час. Коннік пабачыў вялізную хату, крытую цясінай, каля яе сад і цёмныя плямы нейкіх дваровых будынкаў.

Вокны былі ярка асветлены, на высокую галерэю вакол хаты выляталі часам гукі рогату і спеваў. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі[6], крытыя зверху.

І раптоўна прыгожы высокі мужчынскі голас вылецеў з акон і паляцеў над пушчаю, над Сожам. Спявалі па-лацінску нейкую песню, накшталт шкалярскай, і яна гучэла язычаскай радасцю жыцця, страсцю і дзёрзкасцю:

Завялося чамусьці папамі, Што вялікі, як неба, грэх Дзеці нашы і наша каханне, Пацалункі, абдымкі і смех. Я жадаў бы спытаць кардынала, Як на свеце з’явўся б ён сам, Калі б Ева яблык не рвала І калі б разгубіўся Адам?

Чалавек адчуў радасць, бо добра, што можа быці на свеце такі голас, і адразу падумаў:

“Але гэта Вецер. Вецер не падабаецца. Зашмат гуляе”.

II

Жанчына стаяла на ганку, калі прыезджы, прывязаўшы каня, накіраваўся да хаты. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку[7] і рантух[8], які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. А вышэй быў твар як з грэцкай іконы і вялікія сухія вочы, якія дапытліва глядзелі на невядомага.

У акно прыезджы пабачыў вялікі пакой, сталы, моцна напітых гасцей і таго, каго шукаў. Той смяяўся, узняўшы кубак, а поруч з ім сядзела і з захапленнем глядзела на яго дзяўчына, зусім маладзенькая, з нявінным тварам і разумнымі вачыма. Рубок[9] яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. На вачах яе былі радасныя слёзы, і нават прыезджы збянтэжана буркнуў:

— Вось бы й паляцела. Бач, дзяўчо. А так нічога асаблівага. Галава і два вуха... — І спытаўся ў жанчыны: — Што гэта ў вас?

— Заручыны сына, — адказала тая прыемным грудным голасам.

— Ці ўдома Вецер? Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.

— Можа, пойдзеце ў пакой да іх?

— Не, я пачакаю на двары. Не трэба.

— Пачакайце тут. — Жанчына адчыніла дзверы ў бакоўку і пакінула Вашчылу аднаго.

Амаль адразу ён пачаў яе голас:

— Сыне, там цябе нейкі лёзны[10] чалавек пытае.

— Добра, матулька, зараз выйду.

Вашчыла агледзеўся. Пакоік быў невялічкі. Печ з маляванымі кафлямі зразала адзін кут, стаяў стол, ля яго крэсла з падлакотнікамі. Ложак, засцелены самаробным пакрывам у шашачкі, гліняны рукамыйнік — вось і ўсё. На стале скураная чарніліца з “інкаўстам”, гусінае пяро і дзесятак кніг у скураных пераплётах.

Узяў адну кнігу — лацінская. Ледзь разабраў. Пра колы нейкія. Стварыў — Купернік. Узяў другую — “Трышчан і Ізота”.

“Мудрагеліць Вецер. Не да “колаў” — была б жывая душа”.

Непрыкметна з’явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву[11] са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і “ўдаву” (бутэльку ў выглядзе абаранка — налі гарэлкаю, надзень на руку і хадзі да ўдовага кума) з горкім траўнікам.

— Вы падмацуйцеся, сын хутка выйдзе. Ды ўжо выбачце нам — такі дзень. Я вельмі радуюся за сына. Агата — цудоўная дзяўчына. А вы самі, прабачце, скуль?

вернуться

5

Бабровая сяліба.

вернуться

6

“Валак” — вазок для язды па балоце, які “валачыўся”, без колаў, “котчы вазок” — кібітка.

вернуться

7

Цёплы жаночы каптан.

вернуться

8

Хустка, шаль, які накшталт плашча вісеў амаль да зямлі.

вернуться

9

Тонкая жаночая вопратка.

вернуться

10

Падарожны, вандроўнік, валацуга.

вернуться

11

Гліняная скавародка.