Выбрать главу

— Я прыяцель вашага сына па Крычаву. Разам жылі, добрыя знаёмыя...

— А Божа ж мой! Дый чаму ж гэта вы адмаўляецеся пайсці? Гэта ж для яго будзе гэткая радасць! Ну хадзем! Ну я вас прашу!

— Не, мне туды нельга, — адрэзаў Вашчыла.

— А зараз вы скуль? — спытала маці.

— Проста з Крычава.

— Так, мой сын даўно не быў там. Прыехаў сюды — а тут яна. Ну й добра. Зараз ехаць небяспечна. Кóіцца мярзота страшэнная. Душыць людзей — гэткая поскудзь! Да нас ім цяжка дабрацца, але ад гэтага не лягчэй. Што гэта будзе? Адзін воўк здае на водкуп другому вёскі. Навезлі фактараў, рабуюць паспалітых. Гора!

— А што гэта вы са мною так адверта? — спытаў Вашчыла.

— А таго, што бачу мазалі на вашых руках. Ну добра, вы пачакайце. Сын хутка выйдзе.

Сын пачаў есці і добра зрабіў, бо толькі праз гадзіну рыпнулі дзверы бакоўкі, увайшоў Вецер і, пабачыўшы Вашчылу, пабялеў, хоць і не змяніўся ў твары.

— Гэта ты? Чаму ж мне маці не сказала?

— Я казаў, але яна, мусіць, забылася.

Мужчыны пацалаваліся тройчы, і Вецер са шчырай радасцю сказаў:

— Вось добра, што прыехаў! А ў мяне шчасце.

— Бачу, — адказаў Вашчыла суха, — няўчаснае шчасце.

Вецер прысеў на ложак. Толькі тут можна было заўважыць, якія непадобныя яны былі адзін на другога.

Вашчыла сядзеў як уліты ў крэсла. Сталая, магутная постаць, вялікія рукі селяніна, жылаватыя і мазалістыя, шырокія грудзі і плечы.

Ён, відавочна, належаў да таго гатунку людзей, якія выклікаюць да сябе любоў з першага позірку, якіх кахаюць дзяўчаты, і нават мужчыны адчуваюць да іх нейкае цёплае пачуццё, жаданне падкарацца гэтаму чалавеку, рабіць тое, што ён хоча, — магчыма, таму, што ён разумны і добры, магчыма, таму, што ён — верны сябра, а хутчэй за ўсё таму, што невыказны давер струменіцца ад гэтай істоты, ад яе павольных рухаў, ад сумленных вачэй. Яны заўжды добрыя сябры, цудоўныя бацькі і верныя, пяшчотныя мужы, з якімі жонка, як кажуць, пражывае век не за палатняны мех. Звычайна ў іх бывае пад старасць не менш як дзесяць дзяцей.

Галава Вашчылы сядзела горда на моцнай шыі, і была яна, гэтая галава, ёмістая, з добрым чэрапам. Нос прамы, губы трошкі адтапыраныя наперад, з прыемнымі коскамі ў кутках рота.

Вочы былі блакітныя, светлыя, нават занадта светлыя, і нешта добрае і нават трошкі соннае і хітраватае бачылася ў іх. Высокі белы лоб вянчала грыва залаціста-каштанавых, вельмі мяккіх валасоў, якія бесхарактарна валіліся наперад і назад, хваляй падалі на лоб. І толькі дзве ледзь прыкметныя рыскі паміж брывей казалі, што гэты чалавек можа быць іншым. Толькі і ўтрапёнасць і злосць яго былі ад дабраты.

Вецер таксама меў мяккія залацістыя валасы, але на гэтым падабенства канчалася. Быў ён худы, хоць моцны, высокі, з доўгімі нагамі.

Нешта пяшчотнае і прыродна-грацыёзнае было ў яго постаці. Лёгкія доўгія валасы, вялікія сінія вочы пад пушыстымі веямі, караткаваты нос, рот, які ўвесь час смяяўся, вельмі прыгожы голас. І ўвесь ён быў, як смык, гнуткі і пявучы. Не чалавек, а нешта накшталт салаўя, створанае дзеля таго, каб услаўляць свет і святло і жыццё.

Нягледзячы на нясхожасць, яны моцна буршавалі[12] і любілі адзін аднаго.

І вось гэтыя два чалавекі сядзелі адзін супраць аднаго і маўчалі.

— Вецер, мы пачынаем на тым тыдні, — сказаў Вашчыла.

— Толькі Крычаў?

— Павінны дапамагчы навакольныя вёскі. Пашлём сотню коннікаў з агнявымі віцамі[13]. Калі не адашлюць войска, адкладзём, але ненадоўга. Цярпець больш няможна. Крычаў — гэта кацёл з варам. Вымагаюць, каб я аб’явіў сябе ўнукам Багдана-Хвёдара Хмеля. Ягонае імя — наша зброя. Януку Дубатолку і Балабановічу з хлопчамі ў пушчу пашлём сыкгнеты[14] з нашай пячаткаю — няхай ідуць на дапамогу. Цяпер, што будзеш рабіць ты... Ты павінен быць у Крычаве — збройнікі табе вераць і без цябе могуць адмовіцца, інакш я не ехаў бы сюды. Пашлеш лісты Раману Туру ў Прапойск і іншым. Ты абавязкова павінен быць. Ты мая правая рука, бо ты вельмі пісьменны чалавек і без цябе немагчыма. Зразумеў?

Змоўк, чакаў адказу. Вецер сядзеў, апусціўшы галаву, потым узвёў яе:

— Ты кажаш пра Хмеля. Пры ім паўстала ўся Белая Русь, усё Палессе. Міншчына, падняпроўскія гарады. Нам дапамагалі казакі. І ўсё ж нас разбілі. Сярод казакоў знайшліся здраднікі накшталт Івана Нячая, шпегі лазілі і тут і там. І мы гінулі без дапамогі. Самі казакі ледзь адбіліся з дапамогаю Масквы, а іхнія браты за Дняпром і зараз гінуць у пакутах. А тут адзін маленькі Крычаў і сяляне з іхнімі косамі. Нас немінуча разаб’юць, браце.

Вочы Вашчылы заліла ціхая туга.

— Ты думаеш, я сам гэтага не ведаю, браце? Добра ведаю. Справа толькі ў часе. Магчыма, мы не пражывём гадзіны, магчыма, што пратрымаемся гады з тры... Але змагацца трэба. Трываць немагчыма. Людзі пакутуюць, а гэтыя панічы адчуваюць сябе гаспадарамі і мучаюць нас, як жадаюць, бо лічаць нас за цялят, якія не здолеюць супраціўляцца. Іхняя памяць вельмі кароткая, як у ката, якога хоць і наторкаюць носам, я ён тое самае. Вельмі хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Калі б мы ім паказалі, што мы — волаты, яны б сцерагліся катаваць нас. Трэба ім напомніць. Магчыма, крывёю Крычава трэба купіць адносны спакой усім. А можа, і перамога. Мы ж бачым, што яны прагнілі, як бурак. Трэба пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.

вернуться

12

Праводзіць час, сябраваць, што завецца “сябры не разлі вада”.

вернуться

13

Знак да пачатку паўстання, паходня. Коннікі скакалі з ёю ад двара да двара, перадаючы ў кожным сяле як эстафету.

вернуться

14

Пярсцёнак з пячаткаю.