Выбрать главу

Вецер рашуча скалануў галавою:

Не, Васіль. Я не думаў, што гэта так хутка. Ты бачыш, сёння...

Вашчыла няўмольна перарваў яго:

— Ты абяцаў. І, да таго ж, я не думаю, што праз год ці два, калі будуць дзеці, будзе лягчэй. Мы не ведаем дня ані гадзіны, калі трэба аддаць жыццё. А трываць нельга. Глянь на вёску Ліпічна. Яны вывелі людзей ва ўрочышча Філазопаўскі Грунт і загналі ў балота. Маткі працягвалі ім дзяцей, патапаючы, а яны смяяліся. А вёску знішчылі і месца зааралі. Разумееш, браце?

Вецер вагаўся нядоўга:

— Так, гэта жахліва. Але... я не магу кінуць Агату. Васіль, браце! Бачыш, будзе сонца... усё зелянее... зараз зоры над зямлёю... песні і раптам магіла, робакі. Бр-р!

Рыскі між брывей Вашчылы сталі рэзкімі.

— Ты, здаецца, забыўся, Вецер, што ў гэтым жыцці за ўсё трэба плаціць і часам нават крывёю. Жыццё — гэта жорсткая штука. Сёння ты прапіў лашт жыта і ў ім 24 чвэрці, а колькі трэба пацець, каб яго ўзрасціць. Акрамя таго, цябе абралі людзі — і ты падвядзеш іх.

— Ведаю. Я не баязлівец, але я проста не магу. Жыццё, радасць — і не пабачыць, не зведаць той, што стала сёння маёй нявестай. Пакінуць гэту прытульную зямлю, лагчыны, сытыя бугры, такія ласкавыя, цёплыя. Бо я ж ведаю: хоць трываць і немагчыма — але ж мы загінем, загінем немінуча. Іхняя моц, іхняя жорсткасць яшчэ не былі дасюль перможаны... І вочы Агаты.

— Ажаніся зараз, — быстра кінуў Вашчыла.

— І пакінуць маладую жонку?

— Не жаніся.

Маўчанне. Потым Вашчыла сказаў:

— Сынок, будзь сумленным і не чапай яе. Не трэба. Хадзем. Корд[15] як маланка ў тваіх руках. Няхай Агата застанецца дзяўчынай. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, агністыя вочы, моцнае цела. Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці, якая прыняла ў сябе твой пупок і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў, хоць і цяжка, але немагчыма жыць без Радзімы; яна ў цябе адзіная, сынок. Калі бачыш, што ёй плююць у святыя вочы, — паступіся жонкаю, не заўдавай нявесце залішніх пакут.

Вецер адказаў цвёрда і змрочна:

— Не, не магу. Я шмат думаў і... уяўляў. Я не баюся бойкі, але як падумаеш, што схопяць... Як смяяцца, калі пераб’юць ногі, якімі табе яшчэ шмат год хадзіць па цёплай зямлі, калі кладуць жар у рот, які спяваў, піў віно і цалаваўся. А гэтая ноч перад стратай, калі думаеш, што ёсць ружовыя змярканні і марозныя ранкі, калі срэбная трава і кроў бурліць у жылах і ёсць легенды ў кнігах — і ўсяго гэтага ты не перажыў, не перебачыў. А-а-хх!

Вашчыла павольна ўстаў. Галава яго амаль даставала да столі. Вялікі сум адбіваўся ў яго вачах, калі ён сказаў Ветру:

— Я ведаю, што ты не баязлівец, але я не думаў, што можа быць на свеце чалавек, які можа сціскаць у абдоймах жонку, калі народ ягоны сціснулі ў ланцугах і калодках; які раскінуўся на траве і глядзіць у глыбокае неба, калі ягоны народ раскрыжавалі і ён глядзіць у вочы кáтам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму дзідаю ў бок. Трасца з табою, жывацей тут...

Нешта спалахнула ў вачах Ветру, але хутка згасла, і ён толькі спытаў з адчаем:

— Ну скажы ж ты мне, як перамагчы жаданне жыць?

Вашчыла не адказаў. Ён запіхнуў пулгакі за пояс і толькі ля самых дзвярэй суха кінуў:

— Бывай. Я рызакаваў жыццём, едучы да цябе, і, як бачу, дарэмна. Памятай, загінем праз цябе. Калі надумаеш — прыходзь у Крычаў праз тыдзень, апоўнач. А пакуль што, прабач... я не магу аддаць табе развітальны пацалунак. Я шкадую таксама, што я еў і піў тут... у доме здрадніка.

І срэбная манета з яго рукі ўпала на стол і заракатала ля чарніліцы.

Вецер кінуўся быў за ім, але раптам спыніўся: маці ўваходзіла ў пакоік. Твар яе быў белы, губы дрыжэлі:

— Сынок, што гэта ён крыкнуў, гэты вар’ят?

Вецер павольна павярнуўся:

— Пакінь, матулька. Гэты чалавек... яго праўда.

Маці сціснула ў руцэ шляк рантуха. Села.

Знадворку пачуўся часты ляск конскіх капытоў, і, пакуль не стала ціха, маці з сынам сядзелі нерухома.

вернуться

15

Гэта кароткі меч.