Выбрать главу

Гэта быў княжацкі спорт.

Жахам перад праказай іншы раз карысталіся разбойнікі, жывучы па суседству з пракажонымі, дзе іх баяліся шукаць.

Калі пракажоныя з’яўляліся ў гарадах, яны павінны былі апранаць белы балахон з капюшонам, а ў руках трымаць бразготку і бразгаць безупынна.

Але гэта было рэдкай з’яваю: няшчасныя больш баяліся людзей, чым людзі — іх.

Таму няма нічога дзіўнага, што Вецер стаяў як мёртвы, жахаючыся гэтага чалавека і разумеючы адначасова, што зараз і ён не лепшы, такі ж гнаны, няшчасны, хворы, адрынуты. Ён не можа зараз пацалаваць маці, нявесту, не можа паціснуць руку друга, павінен закрываць рот хусткаю.

Мімаволі ён адсоўваўся ад гэтага чалавека, з якім спаў на адным ложку, а чалавек, пабачыўшы гэта, здзівіўся.

А Вецер усё зразумеў. Маці зрабіла тое, што ён жадаў. Зараз няма чаго і думаць пра жыццё. Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе, але праказа не можа забараніць яму ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Што ж, маці нарадзіла ў яго сэрцы поруч з безнадзейнасцю і мужнасць таксама. Але як горка, як нясцерпна горка жыць!..

А пракажоны думаў і бачыў, што гэты чалавек не ведаў, з кім ён вячэраў і начаваў, і мімаволі добрая, вінаватая ўсмешка з’явілася на яго сапсаваным твары, які быў падобны на львіную маску, на сухіх сініх губах. І ён заплакаў:

— Што ж ты спудзіўся, чалавеча, калі ты ведаў, хто я такі? Хіба я не гнаў цябе? Чаго ж ты прыходзіў! Нашто вялікую крыўду зрабіў мне, сказаўшы: “Я ведаю”? Ці, можа, ты думаў, што я нейкі схімнік або варажбіт? Я падумаў, што гэта табе кóнча трэба. Часам жа ж чалавеку патрэбна ... не чакаць ад жыцця нічога.

Але Вецер ужо справіўся. Ён зрабіў некалькі крокаў наперад і паціснуў пракажонаму руку.

— Бывай, браце. Усё добра, як яно здарылася. Не злуйся. У сэрцы маім — жалеза.

І хоць пякучы боль агарнуў яго душу і так цяжка яму было, што не хацелася жыць, ён усміхнуўся.

Ён быў мужны чалавек.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Непадалёк ад пячоры пракажонага ён спыніў каня і лёг пад шыпшынавы куст. Падумаць было аб чым.

Маці дасягла мэты. Зараз нельга яму жыць у хаце. Ён заедзе, каб узяць каня, пулгакі і грошай, і папрамуе ў Крычаў. Вашчыла чакае. Ён не падасць рукі матцы, не пабачыцца нават з Агатай, ён будзе жыць асобна ад таварышоў і біцца будзе таксама асобна. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Нават лепей, бо шкадаваць жыццё яму няма чаго. Лепей загінуць нават на прэнгу, нават у агні, чым жыўцом згнісці. Знікнуў жах. Безнадзейнасць стаіць і глядзіць у вочы сталёвымі вачыма. Што ж, будзем жыць!

Усё перагарэла ў душы, усё скончылася.

IV

Толькі ўвечары прыехаў Вецер дахаты: спяшацца не было куды. Яшчэ здалёк пабачыў ён маці на галерэі хаты, маці, якая, відаць, зразумела па яго выглядзе, што страшная сустрэча адбылася. Калі ён пабачыў, што яна спусцілася з ганка, яму насустрач, хваля тугі і любові, змешанай з нянавісцю за сягонняшнюю жудасную пакуту, ахапіла яго сэрца. А яна спяшалася, і ён вымушаны быў ухіліцца. Твар яго быў белы, як крэйда, калі ён сказаў, выкрыкнуўшы, жорсткія словы:

— Матулька, чорная сцяна між намі! Бывай назаўжды!

Ён бачыў, што яна ідзе, бачыў, што словы яе не спыняць, і, выцягнуўшы корд, накіраваў яго ў матчыны грудзі. Ён дзівіўся, калі яна спынілася, амаль наткнуўшыся на лязо мяча. Твар яе стаў разгубленым, маленькім, як у дзяўчынкі. Слёзы падкаціліся яму да глоткі, і ён, адчуўшы, што ўсе рэчы дваяцца ў яго вачах, ціха сказаў:

— Я ўжо ніколі не падкіну цябе ў паветра, да столі. Чаго ты не сказала мне гэтага ўчора, я б ведаў, што гэта я трымаю цябе ў апошні раз. Я б трымаў доўга-доўга. А так я... я нават не памятаю, калі гэта было ў апошні раз... Я не ведаў, што гэта ў апошні раз.

Ён бачыў, што рэжа па сэрцы ёй гэтымі словамі, ненавідзеў сябе за гэта, але спыніцца не мог. І толькі потым выціснуў:

— А зараз адыдзі. Прашу цябе. Я лягу тут. Адыдзі, адыдзі.

Маці павярнулася і пайшла з ціхім стогнам чалавека, параненай у сэрца.

І ён лёг, ахутаўшыся плашчом, пад дрэва і заціх.

Ледзь чутна шапацела над галавою дрэва, і праз яго лісце мірыяды зорак глядзелі ў яго вочы, срэбныя яблыкі зорак, што заблыталіся ў галінах.

Спяваў недзе бяссонны конік у траве, і нейкая птушка “плююкала” ў гушчары журботным, абыякавым, манатонным галаском.

Ноч кацілася зорамі. Вечны абег сусвету. Вецер даўно перастаў насяляць неба анёламі і думаць, што калі падае знічка — нечае шчасце, мятлушкі, не зважаючы на жорсткую волю Бога, які жадаў бы прыкаваць шчасце толькі да неба, хапаюць гэты маленькі агеньчык і нясуць да людзей. Ён ведаў, што гэтага няма, што небу няма канцы, што ён такі маленькі перад гэтай безданню, што толькі каханне рабіла цёплым яго існаванне на маленькай зямлі. Зараз яго няма і ён такі самотны. Ён памрэ, і льдзістым пылам развеецца ягонае цела, якое спявала і цалавалася. І тыя сусветы памруць.