Пакуль Агата з паліцыяй па вулках бегалі, каханкаў шукалі, Яначка даўно ў апартаменты вярнулася, салату дарабіла і вось сядзіць, мульцікі глядзіць. Спакойная, як слон, духмяная, што твая ружа. Толькі што з душа. Ну, што вы тут навыдумлялі, ну пасварыліся, ён сабраў рэчы ды сышоў, вось бачыш, нават торбы яго няма. Ён жа табе так не падабаўся. Сказаў, з’еду ў сваю Зеландыю. Напэўна, у аэрапорт адправіўся, сказаў — ані хвілі тут не застануся, дура гістэрычная. Так, спадар афіцэр, менавіта так і сказаў. А я што? А я нічога. Калі мужык сыходзіць — што мне, на шыю яму павесіцца? Мо, хочаце салаты? Канечне, дам усе паказанні, але і вы мне зрабіце ласку, уважце, цалюткі вечар гатавала, вось сяброўка не дасць зманіць. І табе, Агатка, пасля такіх хваляванняў падсілкавацца трэба. Я ўжо пад’ела, пакуль вас чакала. Дужа смачна. Давайце прысядзем, ноч даўгая, поўня высокая, бачыце, яшчэ ўсё абгаварыць паспеем. І ўвогуле, у мяне стрэс, вы абое павінны мне дапамагчы.
А ў салаты вочы сінія-сінія. А крэветкі ў салаце ясеневыя, моднага колеру. І бутэлечкі з прусачай атрутай пусценькія-пусценькія. Ляжыце, бутэлечкі, пачакайце, зараз яшчэ смецце будзе, шмат смецця, усё ў вялікіх чорных мяхах. Дык вы пачакайце крыху, каб мне сто разоў не хадзіць. Поўня ніжэй, калун бліжэй. Ешце, даражэнькія. Табе лытку, табе шчаку паголеную. Я не скнара, з усімі хлопцам падзялюся.
Агата і Яначка худзеюць. Агату з рэдакцыі звольнілі, бо крызіс, няма як сваім плаціць, не кажучы ўжо пра ўсялякіх нелегалаў з немаведама якой краіны. Няма такой краіны, на захад ад Расіі, гэта табе прыснілася. На захад ад Расіі толькі Еўропа. На гэтай глебе і пацапаліся, Яначка потым сяброўку ва ўчастку знайшла, сяржанта вакол пальца абвяла, Агату выкупіла. Яна такая, Яначка, яна сяброў у бядзе не кідае. Асабліва калі сябры ёй дзеля чагосьці патрэбныя. А цяпер яна ўдумала худзець, дык з кампаніяй — весялей.
Есці Агаце няма на што — рэдакцыйныя грошы скончыліся, нават тыя, што на дарогу дамоў збірала, кастынгаў пакуль няма, не сезон, святы тут. Трохтыднёвыя. А Яначка больш ежы не купляе, у яе дыета. Купляе ваду, а раз на два дні — кавун. Ды які з кавуна наедак, асабліва калі ўлічыць нагрузкі, якія Яначка прыдумала. Хочаш, кажа, жыць са мной і кавун есці — дык штовечар са мной бегай.
Бег у субтропіках нават увечары больш нагадвае мыццё ў лазні, чым спартыўныя практыкаванні. Наш бы лазнік у такой задусе хутка скапыціўся, а дзеўкі нішто сабе, пацеюць і знай сабе бегаюць. Іх маршрут пралягае ўздоўж шашы, потым праз парк эксгібіцыяністаў — Агаце падабаецца іх дражніць, бедакоў, хай паглядзяць, як мокрыя майкі цела абліпаюць, — потым на гару, міма возера і назад па шашы. Цалкам маршрут атрымліваецца недзе шэсць кіламетраў, хвілін каля сарака. Яны першым разам ледзь не забіліся — кожная перад іншай хацела спартыўнейшай выставіцца, дык амаль гадзіну бегалі, а потым, на шчасце, Агата падвярнула нагу. А мо выгляд зрабіла, што падвярнула, няма дурных. Колькі дадому клыпалі, столькі аддыхацца не маглі, пульс у два разы секундную стрэлку абганяў, вочы на лоб лезлі. Нармальныя гараджане зранку цыгунам сваім займаюцца, і старыя, і маладыя, стануць усе разам на якім вольным лапіку ў зацені, усялякіх жураўлёў рукамі ды нагамі робяць, сінхронна, зладжана, прыгожа. Дык не ж, трэба дзеўкам бегаць увечары, калі смогу ў паветры болей, чым кіслароду, калі ўсё за дзень разагрэлася, што твой саган пякельны. Яначка лічыць, што так эфекту будзе болей— пацееш, выплаўляеш з сябе дзённыя калорыі. А хто плаціць, той і музыку замаўляе. Адзінае, што Агатка сабе вытаргавала, — гэта нядзельны “Старбакс”. Тут Яначку доўга спакушаць не трэба, Яначка сама за моку з карамеллю душу выме і з сябе, і з каго заўгодна.
Таму ў нядзелю дзяўчаты ядуць кавун і выпраўляюцца ў кавярню. І гэтае месца апраўдвае сваё імя — тут падаюць, хай сабе ўтрая даражэй, чым дзе, найлепшую каву ў свеце. Яначка іншай і не піла — маўляў, праз хлеб хлеба шукаць не трэба. Агаце ж даводзілася піць з туркамі такую каву, ад якой сэрца скача вонкі, была ў яе і салёная кава, быў і кіпень, хлебам фарбаваны. Але гэты цуд пад пластыкавай накрыўкай з саломкай — зусім не кава, а напраўду цуд. Хто не верыць, хай кавуновай дыеты паспытае.