Выбрать главу

 — Нам тэрмінова трэба ў метро, а то з краіны дэпартуюць, — рэзюмавала Агата для Яначкі непрыемную гутарку. — Ну, не плач, таварны выгляд сапсуеш, метро паблізу, памятаеш, мы там Марціных сябровак падбіралі, час яшчэ ёсць, дзякуй місіс за тэлефон…

Дзяўчаты пабеглі. І толькі калі ўбеглі на станцыю, выявілася, што грошай, якія яны маюць пры сабе, ледзь хапае на паўдарогі. Ім бы адразу турнікет пераскочыць, з натоўпам змяшацца, да цягніка дабегчы і потым паўтарыць гэтыя аперацыі на дзвюх зменах ліній, ды вось толькі натоўпу няма. А здавалася б, станцыя недалёка ад такой бачнай турыстычнай забаўкі, ад вежы той няшчаснай… Можа, у іх якое свята нацыянальнае, і ўсе японцы разам з турыстамі дома святкуюць?

Агата ў соты раз вывучала маршрут і шукала па кішэнях драбязу, калі Яначка пацягнула яе са станцыі назад у пераход, бо з будкі каля турнікетаў на іх усё больш строга глядзела дзяжурная ў белай фуражцы і пальчатках, вось ужо і рацыю дастала, і нешта там такое кажа, ну дакладна пра іх і дакладна штосьці нядобрае…

 — Ты спяваць умееш? — пытае Яначка, раскладваючы Агаціну насоўку на бруднай падлозе пераходу. — Каб яшчэ нештачка круглае, форму задаць… Ага, вось, завязка, як добра, што ты мне ў машыне хвост была зрабіла… Ну, што глядзіш як баран на баранý, умееш ці не?

 — Ці табе, дзеўка, у галаву напякло? Не да спеваў цяпер, і ўвогуле, што ты робіш?

 — Як гэта не да спеваў? Самы час! Давай манеткі!

 — На халеру табе тыя манеткі, хадзем хутчэй, мо спынам дабярэмся…

 — Ага, спынам, па ўсіх гэтых заторах яна праз паўгорада немаведама з кім хоча даехаць, у самы розрух… Манеткі, кажу, давай! — зараўла Яначка: рэдкі выпадак, калі яе сяброўка разгубілася, як тут не скарыстацца момантам і крыху не пакамандаваць. — Бачыш — гэта гняздзечка, а ў ім павінны быць залатыя яечкі, я спяваць буду, а ты, як не ўмееш, во тут пры мне сядзь і глядзі як-небудзь пажаласлівей, каб мінакі шкадавалі…

І вось Агата і Яначка жабруюць у метро: Яначка крыху прытанцоўвае і выводзіць рулады, Агата сядзіць на пятках, як ёг, і выбівае на каленках рытм, а на рэдкіх мінакоў глядзіць так жаласліва, што яны спачатку спяшаюцца хутчэй прабегчы міма, потым на бяспечнай адлегласці спыняюцца, абарочваюцца, адзін нават на фоцік паспрабаваў зняць, ды дзяўчаты хутка навучылі хітруна, колькі каштуе фотасесія.

 — Не, нешта не ідзе.

Яначка раптам перастала гукаць жавароначкаў і патрабаваць ад іх, каб прынеслі вясну-лецейка, і пералічыла грошы ў насоўцы: усяго на некалькі прыпынкаў па жоўтай лініі.

 — Гэй, толькі не раскісаць! Зрэшты, раскісай, раскісні як след, яшчэ жаласлівей будзеш глядзецца. Ну, падумаеш, этна-фольк ім не смакуе… А калі я зараз вось гэтае, га, вы такога не чулі…

Тут Яначка зараўла калядны харал: “Не-ба ізЯм-ля, не-ба-ізЯмля ра-даа-сна-спя ваааа-юць!” — падміргваючы ў паўзах Агаце (якая ад здзіўлення перастала румзаць) і напаўжартам патрабуючы чытаць уголас усе вядомыя малітвы: а раптам нейкі анёлак залётны іх пачуе дый пашкадуе, прышле падмогу.

Ці то змена жанру падзейнічала, ці то сапраўды хтосьці наверсе, недзе там, далёка над гарачым асфальтам, смогам і туманнай Фудзі, злітасцівіўся з бядачак, але не паспела Яначка даспяваць “Дзіва-дзіваабвя-шча-юць!”, як насупраць дзяўчат спыніўся сярэдні японец: не высокі і не нізкі, у цёмным гарнітуры і пры гальштуку, чаравікі начышчаныя, чорныя валасы бобрыкам, з-пад бобрыка пот па невыразным твары так і цячэ. Уласна праз пот ён і спыніўся — абціраўся насоўкай ды выраніў, а пакуль падняў, пачуў тое Яначкіна “дзіва”. Пастаяў, даслухаў — а мо проста ад спёкі адпачываў, усё ж у пераходзе якая-ніякая прахалода. Калі Агата пачала сяброўцы пляскаць, ужо асабліва не зважаючы на слухача, — ну, сапраўды ж добра праспявала, вунь пераход даў цудоўнае рэха, не горш чым у якім саборы, — дзядзька падышоў і давай дзяўчат на добрай ангельскай распытваць, што, ды як, ды чаму. І тут ужо Агата салаўём запела…

Турнікеты яны прайшлі разам з дзядзькам-дабрадзеем, які набыў ім квіткі да патрэбнай станцыі, але сам ехаў у процілеглы бок. Строгая дзяжурная больш не здавалася такой строгай. Агаце нават здалося, што белая пальчатка памахала ім здалёк на развітанне.