— Ты, напэўна, спявала у нейкім хоры! — выпытвала Агата, пакуль цягнік скакаў з цемры ў святло і зноў у цемру. А Яначка трыумфальна адмоўчвалася, маўляў, ды так, усяго патроху, — нарэшце і ёй удалося здзівіць сяброўку, хай памучыцца… Але вытрымала нядоўга:
— …і не ў нейкім хоры, а ў самым што ні ёсць царкоўным!
Агата толькі пырснула: уявіць гэту заўзятую шоперку, модніцу і тусоўшчыцу на клірасе ды яшчэ з хустачкай на галаве не атрымлівалася нават пасля сённяшняга выступу ў пераходзе. — Дык ты, хіба, звечара на дыскатэку, а зранку на службу, грахі замольваць?..
— От ужо нічога табе не скажы, — Яначка перастала смяяцца і пакрыўдзілася. — Што ты разумееш? Дыскатэкі, тусоўкі ўсялякія — гэта ж вельмі карысна для мадэлінгу, для прафесійнага росту. Дзе, ты думаеш, дызайнеры з дзяўчатамі сяброўства завесці могуць, ну не на паказах жа, калі ўсё дагары нагамі, суцэльны вэрхал, і абы гэта цаца маляваная паспела ў калекцыі выйсці ды не звалілася, ды апратку не сапсула… Вось на афтапацях — тут табе і шампанскага, кактэйльчыкаў усялякіх, расслабіцца і пагаварыць троху можна, а ты думаеш, як я на паказ “Кензо” трапіла, як мне гэтыя туфлікі дасталіся? Ага, ага, вось і не крывіся на дыскатэку, яшчэ зморшчыны раннія накрывіш… Між іншага, мяняем лінію ці не?
Калі дзяўчаты выбіраліся з натоўпу, які нарэшце сабраўся і панёс іх — дзве каляровыя трэсачкі сярод чорна-белай, цёмна-карычневай, шэра-офіснай плыні, — у непатрэбным кірунку, Агата была надта занятая падземным арыентаваннем, а Яначка тым, каб не згубіцца. Калі ж новы цягнік загаварыў з імі салодкім дзявочым голасам і вандроўніцы разабралі ў ім назвы наступнай і канцавой станцый, Яначка пачала расказваць, карыстаючыся зацішшам прыпынкаў і моўчкі прыгадваючы нешта прыемнае, пакуль цягнік ляцеў праз тунель. Яна расказвала, што спявае столькі, колькі сябе памятае: “…баба кажа, што я нават у пялюшках не хныкала, а напявала. У школе ў нас хору не было, вядома, якія на раёне школы, не тое што ў іх, сталічных… Затое ў царкве быў, мяне туды часта цягалі, як малая была, дык я ўсе малітвы павывучвала і пачала хору падпяваць… І нешта так добра атрымлівалася, ажно самой падабалася, калі яшчэ сонца праз вокны б’ецца, струменіцца, а ў сонечным святле пыл лётае, міра і ладан курацца… Прыго-о-ожа… І ты сабе спяваеш, і здаецца, голас разам з водарамі наверх ляціць, і Госпад з іконкі ласкава так глядзіць, як па галаве цябе позіркам гладзіць… Мяне спярша бабулькі слухалі ды хвалілі, ну, тыя, што свечкі абгарэлыя падбіраюць і кветачкі на святах папраўляюць… а тады ці то яны сказалі, ці то што, ды неяк матушка-рэгентша да мяне пасля службы падышла, запрасіла, вось я і пачала з тамтэйшым хорам спяваць, у іх заўжды людзей не хапала… Але ж блазнюкі гэтыя маладыя царкоўнікі, я табе скажу… Ты, між іншага, не першая, каго мае спевы ўразілі, я неяк была з адным дызайнерам сустракалася… Ну як сустракалася, быў паказ, смелая такая калекцыя, не так апранае, як распранае… Потым ён мяне запрасіў у кавярню, я прапанавала пагуляць па горадзе, гуляем, ён мне ўсё нешта пра нейкіх філосафаў гаворыць, я ўголас “ага, ага”, а сама думаю, хто гэта, і ўсё баюся, чым усё скончыцца, ну, бо ж малая была, гадоў чатырнаццаць, хлопцаў у мяне да таго не было ніколі, што з імі рабіць, не ведала… Бацькі настрашылі, што ўсім хлопцам быццам бы аднаго толькі трэба… А тут якраз бачу — у кірунку царквы ідзем, і вечар, і пачынаюць званіць званы… Дык я яму і кажу, што мне, маўляў, на службу трэба, адспяваю і праз паўтары гадзінкі зноў з ім магу гуляць… Бедны хлопец з твару перамяніўся, вочы так неяк пагаслі, ён хуценька развітаўся і знік, і не званіў больш, так што калі ты выпадковых кавалераў не цярпіш, рэкамендую…”
Дзяўчаты ўсё яшчэ смяяліся і з Яначкі, і з беднага дызайнера, калі салодкі голас абвясціў іх станцыю. Хвалявацца наконт шляху да дзвярэй не прыйшлося — на гэтай станцыі выходзіў увесь бітком набіты вагон, трэба толькі знайсці патрэбны выхад Е, да сустрэчы з Масам час яшчэ ёсць, так што можна скарыстацца прыбіральняй, каб прывесці сябе ў парадак. На шчасце для дзяўчат, усе прыбіральні ў метро бясплатныя і поўныя ўсялякіх зручнасцяў накшталт люстэркаў, гарачай вады, мыла, папяровых ручнікоў, гігіенічных пракладак і калгот.
— Слухай, а ў цябе, калі ты сабралася сваю справу рабіць, таксама гук вады ўключыўся? — Яначка не магла схаваць здзіўленне нават тады, калі дзяўчаты ўжо выбраліся на паверхню і ўладкаваліся чакаць на лавачцы. — Ага, ну, я так і думала, гэта, напэўна, каб ніхто цябе не чуў, класна прыдумана… Я вось чула, што ў іх ва ўнітазах такі прыборчык усталяваны: ты на яго сходзіш, потым націскаеш патрэбную кнопку, а ён табе раздрукоўку з тваім, значыцца, аналізам… Дык была раз у Марціны ў гасцях, ну ты ведаеш, яны непадалёк ад нас на кватэры жывуць, і ў іх такііі ўнітаз — што твой касмічны карабель, столькі ўсялякіх кнопачак, і ўсе з рознымі іерогліфамі. Я націскаць пабаялася, а сяброўка Марціны, яна мне расказала, панаціскала, дык ёй проста ў твар струмень заляпіў — бідэ, аказваецца…