Выбрать главу

Ужо зусім сцямнела, а яны ўсё ехалі і ехалі. Праз вялікую колькасць аварыяў ім давялося перасячы ўвесь цэнтр, мінаючы хмарачосы Хібіі, знакамітую Гіндзу, з аднаго боку — імператарскі палац, з іншага — тэатр кабукі і крамы, крамы, крамы... Агата летуценна ўздыхнула: “Аднойчы я сюды траплю”. Пачуўшы гэта, Яначка ўмомант скінула сон, выхапіла з рукава дранага кажуха вялізную лыжку — тую самую, якой вылоўлівалі плывунцоў, — і пачала лічыць сяброўцы рэбры! Як яе толькі не забіла…

Цім-там-паці

(Рэцэпт)

Вам спатрэбяцца:

 — два пакункі пакрытага шакаладам печыва “Цім-там” (альбо любога іншага з шакаладнай праслойкай паміж дзвюма вафлямі);

 — дзве сталовыя лыжкі шакаладнага “Нэстле” альбо звычайнай какавы ў парашку, а таксама малако на чатыры добрыя порцыі какавы;

 — чатыры мадэлькі, знуджаныя беспрацоўем (альбо запрацаваныя да чорцікаў і мадэльераў уваччу);

 — чатыры вялікія кубкі;

 — вельмі шмат сурвэтак.

Як робім:

 — збіраемся у адным пакоі, раздаем усім печыва і кубкі з какавай;

 — абкусваем печыва з абодвух канцоў так, каб праз яго шакаладную праслойку можна было, як праз саломінку, цягнуць какаву;

 — апускаем адзін канец печыва ў гарачую какаву, а да другога прысмоктваемся і цягнем напой;

(заўвага: печыва трэба з’есці ў апошні момант перад тым, як яно плюхнецца ў кубак)

 — паўтараем працэдуру да таго часу, пакуль усе мадэлькі, а таксама стол, сцены і падлога не перапэцкаюцца шакаладам.

Дадому

Агата і Яначка збіраюцца дадому.

Яначка ўжо трэці раз пакуе рэчы, але прыціснуты зверху чамадан усё ніяк не можа зашчоўкнуць пашчу. Дзяўчаты і так, і гэтак, і нават дабівалі яго локцем, як дабіваюць у кіношках ворага. Агата ўжо займела добры гузак — нейкі абцас трапіўся ці мо прас. І ўжо здавалася, вось зараз замочкі сустрэнуцца, ну яшчэ крышачку… А яны ўжжжык — і разбегліся, і чаравічак з шампуняй выплюнулі, злыдні. Пасля хвіліны роспачнага роздуму Яначка рашуча выцягвае з чамадана пас, прас і кантрабас — “куплю татку банджа”, — і пад апладысменты Агаты зашчоўквае замочкі. Потым з пераможным выглядам узбіраецца на шалі. Шалі думаюць, вагаюцца, яны ўжо адвыклі ад чагосьці цяжэйшага за 46 кіло, а потым абвяшчаюць вырак.

 — О не, — стогне Яначка, — у мяне перабор на трыццаць пяць кіло!

 — Няўжо? Казала я табе, што не трэба купляць падарункі кожнаму, каго ты бачыла хоць раз ў жыцці?

Яначка і слухаць не хоча. Пакінуць былых аднакласніц без ружовых парасонаў, а былога бойфрэнда без калекцыі кальсонаў? Яна пачынае ў соты раз перабіраць чамаданныя вантробы. “Так, гэтыя чаравічкі… Яны ўжо старыя, можаш забраць сабе, калі хочаш, не? Ну, тады выкідаю… Што ж яшчэ… Не, піжамку не магу, гэта ўлюбёная…” Калі праз гадзіну Яначкіны рэчы зноў распаўзліся па пакоі, Агата ў чарговы раз запарыла гарбату і села на падлогу побач з пачварнай чамаданнай гарой.

 — Мо яшчэ што вышлі поштай? Усё ж танней будзе, чым у аэрапорце за лішнюю вагу плаціць.

 — А давай нікуды не паедзем!

Кубачак дзінькае аб сподак — гэта затрэсліся Агаціны рукі. Тут Яначка мусіла б прыціхнуць, а нават і з галавой схавацца ў якую торбу ад такога жахлівага позірку. Бо Агата не проста глядзіць — яна спапяляе. Не кажа, а апускае на галовы ворагаў гільяціну:

 — Ты. Зараз жа. Збярэш. Гэтыя. Чортавы. Рэчы. Бо. Мы. Едзем. Дадому.

Дадому, дадому!

Пачуццё абсалютна ірацыянальнае. Нібыта хтосьці завязаў твае кішкі шаўковай ніткай, і доўгі час ты яе быццам не адчуваеш, але раптам хтосьці пачынае змотваць клубок і паволі выцягваць твае вантробы. Розум падказвае Агаце, што вяртацца няма куды, што вяртацца ўвогуле немагчыма, што кінутая радзіма — гэта як кватэра, з якой ты з’ехаў, забраўшы карцінку са сцяны. Туды даўно ўсяліўся новы жыхар, прыпёр смярдзючую лядоўню і тэлевізійнага бажка, і ўсё, што насамрэч цябе там чакае і помніць, — гэта кавалак шпалеры, які пакуль не выгарэў пад карцінай. Але памяць маніць, хлусіць, падсвечвае шпалеры залатымі промнямі, каб бачнае было адно ззянне. І ты круцішся, як вугор, шукаеш, як саскочыць з чужынскай патэльні і паплыць туды супраць плыні. Што там, у гэтым туды, няважна, важна толькі тое, што трэба плыць.