Выбрать главу

Шматнацыянальная пачакальня гаворыць адной гістэрычна-слязлівай мовай. Адзіны спакойны чалавек — вялікая афрыканка, яна выглядае так, нібыта даўно пусціла тут карані і хутка дасць ураджай. Спявае сабе штосьці пад нос, вяжа кручком аранжавы шалік. Тут Агата нарэшце даведваецца, што за злоўжыванне мясцовай гасціннасцю трэба ўсяго толькі заплаціць штраф. А тады шырокае поле — ідзі, куды воля.

Пазмагаўшыся з рознымі валютамі і курсамі, дзеўка разумее, што аддаць трэба ўсё да капейкі. Але тады не хопіць на новую маршрутку і потым — на цягнік ад сталіцы імперыі да роднай калюгі. Вось каб яна не заплаціла за тую маршрутку наперад… Але ўсё гэта дробязі, нястрашна, галоўнае — вырвацца адсюль, яшчэ паспею, яшчэ толькі рэгістрацыю пачалі, а там можна і спынам… Хто не ведае, што такое падлікі ў шокавым стане, хай залезе ў душ, урубіць халодную ваду і паспрабуе вылічваць інтэгралы. Канечне, яна памылілася, грошай усё адно не хапіла.

 — Не бядуй, — голас азваўся аднекуль з-пад аранжавых хваляў. — Пасядзіш тут, языкі пачэшам, а потым яны пабачаць, што ўзяць з цябе няма чаго, і самі дэпартуюць. Ну, мо зіму якую тут пабудзеш, усё мне весялей… Вось акурат шалік давяжу, накрыешся, тут зімы сцюдзёныя.

Спагадлівая цётка нешта яшчэ балбатала, ды так жыццярадасна зацягвала атупелую Агату ў свае каляровыя цянёты, што тая ледзь дзякаваць за параду не пачала. Але не паспела дзеўка скляваць прапанаванае зярнятка і зацягнуць сумны паланез на развітанне з радзімай, як пакой раздаўся ўшыркі. Спярша забліскала знаёмая ўсмешка, а за ёй з-пад рук афіцэркі вынырнуў такі родны, такі неймаверна свой Дэйв.

 — Што, старая, трапіла, як мыш у пастку? Ведаю, усё ведаю, мне Яначка пазваніла адразу, як вы рассталіся. Давай, збірайся, нам трэба яшчэ паспець… Грошы? Акей, колькі і куды плаціць? Сюды?..

***

І вось яны імчаць па сустрэчнай, шчаслівыя птушкі. Дарога да самага аэрапорта вольная — усе сёння глядзяць фінал чэмпіянату свету па футболе, і на шашы, апроч іхняга мінівэну, няма ніводнай машыны.

Маса руліць, а Дэйв назвоньвае Яначцы — рэгістрацыя вось-вось завершыцца, трэба нешта рабіць. Агатка, бедная, толькі нервова ўсхліпвае на заднім сядзенні, абдымае падранага трусіка і спрабуе пальцам запхаць яму назад вантробы. Будзе пальцам пханы трус, новая міжнацыянальная страва.

 — Ты лепей торбы назад пазбірай, — раіць Дэйв, на хвілю адарваўшыся ад мабілкі. — Мы хутка пад’едзем, і часу пакавацца не будзе.

Торбы і праўда ў жалю вартым стане — пасля догляду Агата закідвала рэчы назад абы-як, замок зашчоўквала дрыготкімі рукамі, адзін такой недалікатнасці не вытрываў, разышоўся. Так што рэчы тырчаць на ўсе бакі. Агатка ніяк не можа сабрацца, рукі трасуцца, рэчы разбягаюцца, урэшце яна вырашае пакінуць тут тры шампуні і цудоўны алей для валасоў, сервіз для гарбаты, пяць кіло салодкага рамбутану і восем цацак рознага калібру. Яначка, пэўна, не пакрыўдзіцца, улічваючы абставіны. Цікава, каго яна ратуе — мяне ці свае рэчы?

Агатка, ты не справядлівая да сяброўкі! Паглядзі, як яна стаіць на ўзлётнай паласе, раскінуўшы перад носам самалёта рукі. Гэта табе не каня спыніць, тут і загрэбці як тэрарыстку могуць. Аж яна цябе вырашыла дачакацца, і ўсе! Хай іншыя рэйсы затрымаюцца, хай зямля хоць у іншы бок завернецца, а яна ўгаварыла пілотаў ды ўсё кіраўніцтва аэрапорта з імі разам. Вунь табе нават строгі палісмен не кайданы нясе, а ручку працягвае, хоча дапамагчы з тваімі валізамі.

 — Дзякуй, я сама! — Агатка больш ніколі ў жыцці не зможа спакойна ставіцца да людзей у форме, таму пыхціць і цягне клункі, валізы і торбы сама.

Але ж іх павінны дагледзець. Што, калі гэта спланаваная тэрарыстычная акцыя? Што, калі ў кожным меху — па тры кілаграмы трацілу?

Торбы зноў выварочваюцца, валізы раскідваюцца проста па ўзлётным асфальце. І пакуль дзядзечкі ў чорным прасвечваюць дзявочыя рэчы ды саму дзеўку нейкімі загадкавымі прыборамі, увесь салон борта нумар 925 прыпадае да ілюмінатараў. Глядзіце, якая піжамка! Вось дык банджа! А навошта ёй гумовы алігатар у натуральную велічыню?

Нарэшце чарговы догляд завершаны, палісмены дапамагаюць Агаце пакавацца — Яначку і блізка не падпускаюць, а раптам яна ўсё ж тэрарыстка, эх, шкада, што палова аэрапорта гэты спектакль здымае на мабілкі, і таму нельга гэтых прыгажунь адсюль умыкнуць і як след дапытаць. Паліцыянты ў спешцы псуюць яшчэ некалькі замкоў. А калі валіза, бесталкова напханая, не жадае закрывацца, адзін з бугаёў падае на яе локцем, нібы ворага дабівае, і вось у яго ўжо таксама вялізарны гузак. А Яначка дзесьці ўдалечыні лямантуе, шкадуе свой прас …