Подбегам, похапкам загружаюць Агату і ўсе рэчы на спецтрап, коцяць да носа боінга, а там і Яначка, аблапаная і прасвечаная, караскаецца наверх. Дзяўчаты нарэшце са слязьмі абдымаюцца, махаюць на развітанне праважатым, забіраюцца ў чэрава самалёта і падаюць у крэслы.
Пакінем іх тут, на ўзлёце. Ім так шмат трэба адна адной сказаць, а потым, пасля ўсіх хваляванняў, яшчэ і падрамаць. Усё ў іх цяпер будзе добра, і ўвесь іхны багаж шчасліва дабярэцца да месца прызначэння, і сустрэць іх не забудуць. А нават калі і багаж згубіцца, і сустрэць не сустрэнуць, тае бяды. Паедуць аўтаспынам, а мо які добры чалавек саступіць цэлае купэ, Яначцы заўжды саступаюць. Ці Агатка чаго прыдумае.
Разам не прападуць, гэта я вам зуб даю. Самы сапраўдны зуб мудрасці, забірайце, ён мне ўжо ўсю шчаку ад’еў.