Выбрать главу

Агата з Масам выпраўляюцца на экскурсію. Яны мінаюць безліч столікаў, сталоў і сталішчаў, круглых, драўляных, металічных, этнічных, фарбаваных, двойчы рэпараваных, лакава-блішчастых і матава-падрапаных, цыбатых і бязногіх, зробленых з дыназаўравага шкілету і з матора вэ-восем. На сталах стаяць штучныя і жывыя букеты. Шкляныя слёзы на тканай лістоце — штучны букет змарыўся ад сваёй штучнасці і несмяротнасці і з зайздрасцю паглядае на жывога суседа. А той таксама паглядае ўбок — шкадуе свой кароткі ды марна загублены век, прагне вечнага жыцця, сумуе па далёкім лузе і тонях, на якія не вернецца аніводзін пялёстак…

“І вось так заўжды”, — уздыхне Агатка і згадае, як яны з Яначкай марылі абмяняцца валасамі, бо кучаравыя бландзінкі зазвычай хочуць быць прамавалосымі брунеткамі і наадварот. І толькі рыжыя-кароткастрыжыя заўжды самі пры сабе. Але падзівімся на вось той вялізны кантрабас — Маса ці то ростам з ім мераецца, ці то ўлезці ў сярэдзіну спрабуе, нібы кантрабас — гэта човен, а струны — так, павуцінне наліплае.

 — Куды ж ты, бака! — дзеўка ледзь за вушы адцягвае яго ад інструмента, от жа, нават слоўца якоесь усплыло, ну ды лаянка заўжды лепей запамінаецца. Унь як гэты дылда выгаворвае “ёлуп”, куды лепей, чымся іхныя з Яначкай імёны. Выходзіць “йіорупп”, але пазнаць можна. — Хадзем лепш, я табе сыграю.

На другім паверсе разлеглася вялізная чорная раяля, сытая пантэра, што ва ўсе зубы ашчэрылася на Агату. Але варта было сунуць ёй у пашчу руку, як адразу пачаліся скаргі на здароўе дый адсутнасць партнёра. Некалькі клавішаў западала, струна на сі першай актавы парвалася і чапляла суседнія, так што пераход з першай актавы на другую быў падобны да сутаргавага ўсхліпу ўсёй квінты. Некалі аксамітны, нават пародны і, пэўна ж, спакушальны голас гэтай пані цяпер гучаў так, быццам яна ўсе трыццаць гадоў за нялюбым мужам. Так што Агата крыху пабахала Баха, успеніла Шапэна ды кінула. Яшчэ Яначка заплачацца, што ёй галава ад такой музыкі баліць. Яна вунь і сапраўды нешта надзьмулася, вой жа і смешная ў гэтых трох спаднічках. Ну, мо глядзець сычом ёй загадаў фатограф, які так і скача вакол яе з экспанометрам, так і бліскае ўспышкай, не, праўда, і без музыкі хапае, адпачні, старэнькая.

Далейшае бадзянне ды бяздзеянне прывяло нашых турыстаў да стосу парыкоў — Маса ў залатых кудзерах глядзеўся так, што Агата расчахліла аб’ектыў. Праўда, літаральна праз хвіліну давялося яго скручваць назад і ставіць кітавы — тыя самыя кудзеры ператварылі Агату ў французскую каралеўскую балонку, і дзеля гэтага варта было спярша пакурчыцца ад смеху перад люстэркам, а потым патлумачыць Масу, на што ціснуць, бо трэба ж захаваць для вечнасці такую страшную прыгажосць. Ну а там абое разыграліся, пачалі перакідвацца ролямі мадэлі і фатографа ды так захапіліся, што не заўважылі, як да іх падышла дызайнерка. Яна і так ужо пэўны час бадзялася па павільёне, быццам штосьці шукаючы, але што менавіта — забылася. За ёю падцягнулася паглядзець, як тыя двое дурэюць, і ўся студыя. Ачомалася Агата тады, калі да звыклага “цмока” роднага затвора далучыўся яшчэ адзін — студыйны фатограф, аказваецца, таксама прыладзіўся побач з Масам! Дызайнерка ў нейкім парыве падляцела да Агаты, ускудлачыла на ёй парык, накінула на шыю гірлянду кветак і адышла ў задуменні, быццам мастак, які паклаў на палатно ўдалы мазок, змяніўшы ім усю карціну.

Не паспела дзеўка распытаць Масу, чаго гэта яны, як аказалася на крэслах, і вось яе ўжо чэшуць, мажуць, педыкюраць ды манікюраць, прычым усё адначасова, якія ўжо тут роспыты.

 — Маса, скажы ім, што я не мадэль! — Агата адбіваецца ад дзеўкі з пудрай і адчайна чапляецца за халат, з якога яе спрабуюць выцягнуць. — Яначка! Памажы!

Неўзабаве букер з’яўляецца побач і просіць прыкінуцца мадэллю, бо дызайнерка ў гэтым вобразе хоча менавіта яе, Агату, дык каб яначкінай агенцыі грошы не губляць, хай місі паспрабуе, ну вось гэтак жа, як яны толькі што рабілі з парыкамі, а там разбярэмся, калі добра пойдзе — дык і заробак неблагі, сто даляраў за гадзіну здымак... О, за сто даляраў місі, канечне, паспрабуе! За сто даляраў місі нават дазволіць завіць сабе валасы на дробную плойку, потым завязаць у два хвасты і схаваць пад нечым хусткападобным а-ля майткі на галаве, і нават дасць нацягнуць на сябе тры спадніцы і чатыры кофтачкі адна паверх іншай, і нават стане туды, дзе наклеены зялёны крыжык, і нават зробіць ім, як просяць, смайл.