Вось яны і сядзяць у гасцёўні, надзьмуліся абедзве. Адна артыкул нібыта піша, другая салату крышыць. Словам не перакінуцца, не тое што раней, калі, бывала, у карты рэзаліся, ці там, ледзь не абняўшыся, кіношкі на кампутары глядзелі, ці гімнастыку рабілі — Агата паказвае, а Яначка старанна пераймае. Цяпер Яначцы калі што і хочацца пераняць, дык гэта Агаціну манеру распраўляцца з чужымі валасамі — і веды гэтыя прымяніць да самой настаўніцы. А пакуль тое, можна душу адвесці на крэветках.
І вось у гэтае напружанае маўчанне з лазенкі выходзіць Дэйв — свежы, мокры і задаволены. Ён даволі прыстойна загорнуты ў белы накрухмалены ручнік. “Ага, такі дайшло нешта”, — крыху зларадна адзначае пра сябе Агата: пасля апошняга разу, як Дэйв выйшаў з душа без ручніка і без чаго-небудзь яшчэ, яны мелі непрацяглую гутарку. Збольшага, канечне, пра тое, хто ў доме галоўны, але крыху і пра ўражлівую дзіцячую псіхіку, і пра сістэму ідыёцкіх табу, прынятых у грамадстве ханжаў, і пра тое, як можна беспакарана хаваць прыгажосць... Яначкіна крэветка так на паўдарозе з панцыра і застыла. Якая салата, калі такое дзіва перад вачыма стаіць: цела бы вытачанае з ясеню, усе цягліцы пры ім, і акурат такія, як трэба — не выпіраюць, як у культурыстаў, але ж відавочна прысутнічаюць, скура самага моднага адцення і з кропелькамі вады, хоць ты пераводзь фоцік у рэжым макра. А сама пастава? Ну, проста армані наступнага сезону. Не, лепей ёнікук, ён цяпер самы круты.
Дэйв трымае позу роўна столькі, каб прысутныя паспелі яе зафіксаваць, потым прастуе да люстэрка. Люстэрка ў лазенцы пацее, бо там зламаўся кандыцыянер (ну яшчэ б, столькі працы, падумала Агата, калі бедны апарат памёр якраз на дэйваўскім душы, трэцім у дзень). А хлопцу ж трэба фрызуру навесці. Дзеўкі і крэветка зачаравана глядзяць, як ён падладжваецца да калідорнага люстэрка, якое для ягонага росту вісіць занізка, — прысядае і горбіцца, спрабуючы пры гэтым захаваць на твары выраз “Супермэн года” і прыгладзіць чупрыну. Агата ўрэшце пырскае і хаваецца за маніторам, каб адтуль крадком цікаваць далей, Яначка ж кідае шалупінне ў місу, а крэветку ў сметніцу і бяжыць дапамагаць.
— Не-не, не трэба, я сам, — Дэйв паспешліва ўхіляецца ад дапамогі. — У цябе рукі брудныя.
— О! — Яначка ўся чырванее, кідаецца мыць рукі, але замест рукамыйніка чамусьці адкрывае кулер.
— Хіба спадар не ведае, што крэветачны сок надзвычай карысны для мужчынскіх валасоў? — гэта Агата смешачкі строіць. — Калі тым лоем галаву на ноч мазаць, дык да самае смерці не будзеш лысы.
— Ніколі пра гэта не чуў. — Хлопец намагаецца адкінуць кудзеры назад, але тыя распадаюцца на прабор.
— Пра гэта нават у “Косма” пісалі. А яшчэ пра тое, што калі, маўляў, пакінуць на тры дні, дык крэветачны сок уступіць у рэакцыю з натуральнымі мужчынскімі тлушчамі, і тады пах на дзяўчат будзе ўздзейнічаць як афрадызіяк.
— Ды не можа быць. Гэта ў якім “Косма”?
“Пойдзе шукаць”, — задаволена вырашае Агата і прыкідвае, як бы гэта, чытаўшы тое косма ўсяго двойчы, назваць што-небудзь праўдападобнае.
— Ой, ну не памятаю дакладна, але напэўна штосьці ўлетку. Ты мо пагуглі, бо я праўда не памятаю (“а ў сеціве якой толькі трасцы не знойдзеш”)…
Але Яначка вырашае, што гугліць, а значыцца, падыходзіць да ўключанага кампа, а значыцца, да Агаты — благая ідэя:
— Дэйв? Дапамажы мне, калі ласачка! Тут трэба ананаса, вууунь адтуль, ты мне не дастанеш?
— Акей! Трымай. Мо чаго яшчэ дапамагчы?
“Ага!” — Агата зноў радуецца, але ўжо і здзіўляецца эфектыўнасці сваіх прафілактычна-выхаваўчых гутарак. Гаворку пра тое, што пры сумесным жыцці і супольным харчаванні варта кожнаму выконваць пэўныя абавязкі, яны з хлопцам вялі на другі дзень, як ён да іх падсяліўся. Тады дзеўкі сабралі сабе вячэру загадзя, ведаючы, што са здымкаў вернуцца позна і галодныя. Вярнуліся — ані капусты тушанай, ані кавалачка кавуна, па ўсёй кухні раскіданыя семкі ды коркі. І Дэйв, нібы сыты кот, у сваім пакоі дрыхне, дзверы разнасцежаныя, коўдра сапхнутая, адзення, як заўжды, — ніякага. (“Яшчэ раз пабачу — адарву табе яго і выкіну”, — сказала яму Агата, калі ён, увесь такі прыгожы, выпаў на яе з лазенкі). З чаго гэта раптам мы ветлівыя, няўжо да Яначкі стральцоў прыстаўляе?