— Дапамагчы? Ага, смецця набралася ўжо тры мяхі, ідзі вось на рог, вынесі.
— От бы сама і вынесла, раскамандавалася тут! — Яначцы зусім не хочацца пазбаўляцца прыемнай кампаніі, куды лепей скарыстаць нагоду і застацца з прысухай сам-насам. — Між іншым, табе не зашкодзіць прагуляцца, сядзіць тут цалюткі дзень, а потым скардзіцца, што, маўляў, ногі баляць, варыкоз пачынаецца. Рухацца трэба болей!
Ужо трапіла дык трапіла — і апраўдвацца Агата перад хлопцам не будзе, ёсць ці няма ў яе варыкозу, і Яначку лупцаваць не стане, бо паводзіцца трэба ж годна, і заставацца з такою злосцю на месцы не зможа. Яначка сваю сяброўку вывучыла добра.
Агата раззлавана шыбуе да рога вуліцы, адкуль зранку машына забірае смецце. Нешта ён надта далёка, а учора здавалася — зусім блізкі шлях. Чартоўка, завяла, як малую! Сядзяць цяпер, пэўна, салату крышаць і з дурной Агаты пакепліваюць…
— Чакай! — Дэйв, пэўна, пабег за ёй адразу, але паспрабуй дагані, злосць акрыляе. — Дай сюды, яно мусіць цяжка. Ты чаго? Што ў вас тут за войны ідуць дзень пры дні?
— Якія яшчэ войны, нармальны беларускі шлюб, хіба што аднаполы. А, ну ты ж не ведаеш, што такое “беларускі”… Ну, карацей, у нас так заведзена, хто каго чубіць, той таго і любіць. І ўвогуле, не твая справа. Чаго прыпёрся, хіба салата нясмачная?
— Слухай, дай ты мне гэты мех, я ж бачу, ён табе ў пальцы ўпіўся, абяцаю не думаць пра цябе горай, калі дазволіш дапамагчы…
“Ды пляваць мне, што ты там будзеш думаць!” — але аформіцца гэтай думцы ў словы хлопец не даў:
— …ты вельмі прыгожая, калі не злуеш.
— Як гэта? — Агата ад кампліментаў усё яшчэ бянтэжыцца. — Вой, лепей вазьмі мех ды сціхні.
— Вось так, малайца, ого, напраўду цяжка! А цяпер кажы, куды.
Агата дзівілася і моўчкі крочыла побач, а Дэйв расказваў. Штосьці пра тое, як не проста хлопцу ўладкавацца ў вялікім горадзе, пра тое, як абрыдла ўвесь час клапаціцца пра цела, але ж яно пакуль корміць, як мала плацяць за трэнерства, асабліва ў параўнанні з мадэльным заробкам. Неўзабаве яны ўжо шпацыравалі без пэўнага кірунку і без мяхоў, ноч прынесла прыемную прахалоду і водар магноліяў. Яшчэ цягнула вострым перцам, тутэйшыя гаспадыні яго ўвесь дзень сушылі на сонцы, і камяні запомнілі водар, а цяпер аддавалі. Дэйв усё гаварыў і гаварыў, усё пра сябе ды свае нягоды, Агата слухала, але не яго, даўся ёй гэты балбатун, яна слухала сябе. Што за дзіва, хлопец відавочна пусты, дарма што такі ладны, але ж у ёй замест звыклае пагарды — цікаўнасць, нібыта няўцям ёй, што будзе далей. Не прыкмеціла, як пакрысе кірунак гутаркі змяніўся.
—… і вось я гляджу, што вы ўсё цапаецеся, думаю — гэта ж Яначка да цябе раўнуе, што ты таксама зрабілася мадэллю і ў яе цяпер хлеб адбіраеш. Не, гэта не яна, гэта мне Маса расказаў, як ты ў нашу агенцыю трапіла. Ну, думаю, не проста дзеўцы, табе, то бок, нічога не ўмееш, а сяброўка вунь якая цяпер, яшчэ на кастынгу пад каленку пхне… Хочаш, я цябе позам навучу, ну, для фотасесій?.. Гэта проста. Спярша трэба расслабіцца, ты ўся такая заціснутая, так не пойдзе.
Дэйв просіць Агату заплюшчыць вочы, расслабіцца і даверыцца яму. Агата слухае сваю начную млосць, адчувае ягоныя рукі ў сябе на плячах — ён злёгку гайдае яе, каб праверыць, ці напраўду яна расслабілася. Але ці быў у дэйваўскім сцэнары нейкі працяг, мы не ўведаем. Бо акурат у той момант, калі Агата ўжо падумала, ці не варта прачнуцца і даць драпака, на нашых галубкоў коршакам наляцела Яначка.
Пакрыўджаная, яна крыху пасядзела над салатай, але ўтрывала нядоўга, пайшла следам і хутка іх знайшла:
— Ты, ... ты мне што на даху казаў, а?
Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою — нешта такое ён ёй на даху і казаў, калі на бетон укладваў. Не казаў — вуркатаў, не вуркатаў, а душна так у шчаку дыхаў. Разок у шчаку, а потым у патыліцу. Добра дыхаў, ажно ў Яначкі голаў кружыўся, ногі падгіналіся, цела само па бетоне расцякалася. Але ж — ну хто не ведае — колькі ў рэшаце вады ёсць, столькі ў хлопцаў праўды ёсць. Мілаваў, а цяпер на вострую Агатку прамяняў.
У Агаты ногі хуткія, у Дэйва рукі моцныя, а ў Яначкі калун. Востры калун, Дэйв сам жа і натачыў, бо дзеўкі прасілі. Хацелі ў садзе парадак навесці, там сакура засохла, акурат проці акна, тырчыць, вока коле. Агата збегла, а хлопец пачаў Яначку ўгаворваць, халяўкі смаліць, у залёты хадзіць. Але ж няма веры кату блудліваму. Яначка з цесных абдоймаў выкруцілася, стаіць, слухае, выгляд робіць, нібыта вушы развесіла. Вось ён пацалаваць яе хоча, давесці сваю палкую любоў — дык яна ж яго калуном пацалуе! Але не тут, не тут, бо ён вялікі, цяжкі, трэба бліжэй да дому. Ах, якая ў цябе, бычок мой ахвярны, шыя. Накачаная, гожая, дзе ж яе прапароць. Не цяпер, не цяпер, бо траўка мяккая, дыханне ў цябе такое гарачае, ажно шчаку паліць. Ах, як цягліцы хораша пад скурай перакочваюцца, пацеркі поту блішчаць — усё жыццё глядзела б.