Выбрать главу

Было ўжо далёка за поўдзень, Скюдэры мусіла наведаць герцагіню Мантансье, і візіт да майстра Кардыльяка давялося адкласці да наступнай раніцы.

Скюдэры мучыла нейкая незвычайная трывога. Перад яе вачыма нязменна стаяў той юнак, і з самых глыбіняў свядомасці намагаўся прабіцца на паверхню цьмяны ўспамін — быццам яна ўжо дзесьці бачыла гэтае аблічча, гэтыя рысы твару. Лёгкую дрымоту перарывалі неспакойныя мроі, ёй здавалася, што яна неразважна, нават недаравальна ўпусціла шанец прыйсці на дапамогу няшчаснаму, які, падаючы ў бездань, умольна цягнуў да яе рукі, што ў яе сілах было супрацьстаяць нейкай блізкай фатальнай падзеі, гнюснаму злачынству! На самым золку яна загадала апрануць сябе і, захапіўшы скарбонку з упрыгожаннямі, рушыла да ювеліра.

На вуліцу Нікез, дзе жыў Кардыльяк, імкнуўся натоўп, збіраўся перад уваходнымі дзвярыма, гарлаў, віраваў, лютаваў, хацеў прабіцца ўсярэдзіну. Яго з цяжкасцю стрымлівалі гвардзейцы, што атачылі дом. У дзікім няўцямным гомане чуліся раз’юшаныя галасы: «Раздзярыце, раструшчыце праклятага забойцу!» Нарэшце з’явіўся Дэгрэ на чале вялікай каманды, якая ўтварыла ў самай гушчы народу праход. Дзверы расчыніліся, з іх вывелі чалавека, закутага ў ланцугі, і павялі далей пад самыя жудасныя праклёны раз’юшанага натоўпу. У той момант, калі Скюдэры, ледзь жывая ад жаху і страшных прадчуванняў, назірала за тым, што адбываецца, вушы ёй працяў гучны лямант.

— Далей, далей наперад! — адчайна крыкнула яна фурману, які, спрытна зрабіўшы разварот, прабіўся праз людскую гушчу і спыніў карэту ля самых дзвярэй дому Кардыльяка.

Там перад вачыма Скюдэры паўстаў Дэгрэ і ля яго ног — юная дзяўчына, прыгожая, як ясны дзень, з распушчанымі валасамі, напалову раздзетая, на твары — шалёны страх і несуцешная роспач. Яна абхапіла калені рукамі і енчыла як ад найгоршага, нястрымнага, смяротнага болю: «Але ж ён невінаваты, ён невінаваты!» Дарэмна Дэгрэ і яго людзі намагаліся адчапіць яе, адарваць ад зямлі. Урэшце дужы камлюкаваты хлопец грубымі ручышчамі ўзяў яе пад пахі, гвалтам адарваў ад Дэгрэ, але раптам нязграбна спатыкнуўся і выпусціў з яе рук, так што дзяўчына скацілася па каменных прыступках і знерухомела — мёртва засталася ляжаць на вуліцы. Скюдэры не вытрымала:

— У імя Хрыста, што здарылася, што тут адбываецца? — крыкнула яна, рэзка адчыніла дзверку і выйшла.

Народ пачціва адступіў перад шляхетнай дамай, якая, бачачы, як некалькі спагадных кабет паднялі дзяўчыну, пасадзілі яе на прыступку і пачалі расціраць ёй скроні, наблізілася да Дэгрэ і запальчыва паўтарыла сваё пытанне.

— Здарылася страшнае, — адказаў Дэгрэ. — Рэнэ Кардыльяк быў сёння раніцай забіты ўдарам кінжала. Забойца — яго вучань Аліўе Брусон. Яго якраз павялі ў турму.

— А дзяўчына? — усклікнула Скюдэры.

— Дзяўчына, — працягнуў Дэгрэ, — завецца Мадлон, яна дачка Кардыльяка. Той жудасны чалавек быў яе каханкам. І вось яна плача, галосіць і выкрыквае раз ад разу, што Аліўе невінаваты, зусім не вінаваты. Але ў любым выпадку яна нешта ведае пра злачынства, і я мушу яе таксама адправіць ў турму Кансьержэры.

З гэтымі словамі Дэгрэ кінуў на дзяўчыну хітравата-зласлівы позірк, які прымусіў Скюдэры здрыгануцца. Мадлон якраз пачала ціха дыхаць, але, не маючы змогі вымавіць ні гуку альбо паварушыцца, ляжала з заплюшчанымі вачыма, і ніхто не ведаў, што рабіць — аднесці яе ў дом ці яшчэ пастаяць побач, пакуль не апрытомнее. Глыбока ўзрушаная, Скюдэры са слязьмі на вачах глядзела на цнатлівага анёлка. Ёй было вусцішна ад выгляду Дэгрэ і яго памагатых. Тут пачуўся глухі грукат на лесвіцы — выносілі труп Кардыльяка. Імгненна прыняўшы рашэнне, Скюдэры гучна прамовіла:

— Я забіраю дзяўчынку з сабой, паклапаціцеся пра астатняе, Дэгрэ!

Па натоўпе пракаціўся глухі ўхвальны рокат. Жанчыны паднялі Мадлон, усё навокал заварушылася, сотні рук імкнуліся дапамагчы ім, і, быццам праплыўшы ў паветры, дзяўчо апынулася ў карэце, пры гэтым з вуснаў усіх зляталі блаславенні на адрас годнай дамы, якая ўратавала бязвінную ахвяру ад крывавага суда.

Дзякуючы высілкам Серона, самага вядомага лекара ў Парыжы, Мадлон, якая да гэтага некалькі гадзін нерухома праляжала ў бяспамяцтве, нарэшце апрытомнела. Скюдэры скончыла пачатую доктарам справу, цеплячы ў душы дзяўчыны ласкавыя промні надзеі, пакуль слёзы, што магутным патокам лінулі з вачэй, не прынеслі Мадлон палёгку і яна, пераадольваючы пранізлівы боль, ад якога словы раз-пораз патаналі ў горкім усхліпе, расказала, што адбылося ў тую ноч.