Выбрать главу

— Дзяліцца? Забіваць дзеля іншых? — вельмі здзіўлена перапытала Скюдэры.

— Ведайце ж, — сказаў старшыня палаты, — ведайце, мая пані, што Аліўе ўжо даўно сплыў бы крывёю на Грэўскай плошчы, калі б яго ўчынак не меў сувязі з глыбока схаванай таямніцай, што дагэтуль трымала ў страху Парыж. Аліўе, мяркуючы з усяго, належыць да той сумнавядомай хеўры, якая, нібы цвелячыся з увагі, высілкаў і росшукаў судовых інстанцый, патрапляла чыніць свавольствы нахабна і беспакарана. З яго дапамогай мы высветлім — мусім высветліць — усё дарэшты. Рана Кардыльяка вельмі падобная да тых, што мелі на сабе ўсе забітыя і абрабаваныя на вуліцах і ў сваіх дамах. Але галоўнае ў тым, што з часу зняволення Аліўе Брусона забойствы і рабаванні спыніліся. Цяпер начныя вуліцы такія ж бяспечныя, як і ўдзень. Дастатковы доказ таго, што Аліўе, імаверна, стаяў на чале хеўры. Ён пакуль не хоча прызнавацца, але ёсць сродкі прымусіць яго гаварыць супраць волі.

— А як жа Мадлон? — ускрыкнула Скюдэры, — Мадлон, адданая, бязвінная галубка?

— О, — адказаў ля Рэньі, з’едліва ўсміхаючыся, — ды хто паручыцца, што яна таксама не ўваходзіць у хеўру? Якая ёй справа да ўласнага бацькі, яна пралівае слёзы толькі па ягоным забойцу.

— Што вы такое кажаце! — абурылася Скюдэры. — Гэта проста немагчыма! Уласнага бацьку! Гэтае дзяўчо!

— Эге! — ля Рэньі не збіраўся адступаць. — Прыгадайце Брэнвілье! Папрашу вас дараваць мне, калі ў хуткім часе я буду змушаны забраць ад вас вашую падапечную і кінуць яе ў турму Кансьержэры.

Ад такога вусцішнага падазрэння Скюдэры ахапіў жах. Ёй падалося, што для гэтага жудаснага чалавека не існуе вернасць ці цнота, што ён быццам высочвае ў самых інтымных, самых патаемных думках прагу забойства і крыві. Яна ўстала.

— Будзьце чалавечным, — гэта было ўсё, што яна здолела пакутліва, цяжка дыхаючы, выціснуць у адказ.

Ужо пачаўшы спускацца лесвіцай, да якой старшыня палаты праводзіў яе з цырымоннай ветлівасцю, яна злавіла сябе на дзіўнаватай думцы, што невядома як прыйшла ёй у галаву.

— Ці не будзе мне ласкава дазволена пабачыць няшчаснага Аліўе Брусона? — спытала яна ў ля Рэньі, рэзка павярнуўшыся да яго.

Той скептычна паглядзеў на жанчыну, і на яго твары з’явілася характэрная непрыемная ўсмешка.

— Зразумела, — сказаў ён, — што вы, шаноўная пані, больш давяраючы свайму пачуццю, свайму ўнутранаму голасу, чым таму, што дзеецца ў вас на вачах, хочаце асабіста вызначыць вінаватасць ці бязвіннасць Аліўе. Калі вас не палохае думка ўбачыць змрочны прыстанак злачынства, малюнкі маральнага заняпаду на ўсіх яго прыступках, для вас на дзве гадзіны адчыніцца брама Кансьержэры, і вас адвядуць да гэтага Аліўе, чый лёс выклікае ў вас такую спагаду.

Мадэмуазэль Скюдэры сапраўды не паверыла ў вінаватасць юнака. Так, усё сведчыла супраць яго, і ніводзін суддзя, маючы такія пераканаўчыя доказы, не змог бы дзейнічаць іначай, чым ля Рэньі, Але карціна сямейнага шчасця, у самых жывых фарбах намаляваная Мадлон, пераўзыходзіла нядобрыя падазрэнні, таму Скюдэры хутчэй была гатовая пагадзіцца з нераскрытай таямніцай, чым паверыць у тое, супраць чаго пратэставалі ўсе яе пачуцці.

Яна разлічвала пачуць ад Аліўе аповед пра ўсё, што адбылося ў тую фатальную ноч, і, наколькі гэта будзе магчыма, заглыбіцца ў таямніцу, якая, імаверна, засталася схаванай ад суддзяў, бо справа здавалася ім не вартай далейшых высілкаў.

Па прыездзе ў турму Кансьержэры мадэмуазэль Скюдэры суправадзілі ў вялікае светлае памяшканне. Неўзабаве да яе вушэй данёсся бразгат ланцугоў. Гэта вялі Аліўе Брусона. Як толькі ён з’явіўся ў праёме, Скюдэры самлела. Трошкі ачомаўшыся, яна ўбачыла, што Аліўе знік. Яна нецярпліва загадала адвесці сябе да карэты. Прэч, зараз жа прэч адтуль, дзе пануе злачынная подласць! Ах! Яна з першага погляду пазнала ў Аліўе юнака, які на Новым мосце шпурнуў ёй у карэту цыдулку і які прынёс скарбонку з упрыгожаннямі. Цяпер усе сумневы рассеяліся, а страшная здагадка ля Рэньі цалкам пацвердзілася. Аліўе Брусон належыць да жудаснай хеўры забойцаў. Бясспрэчна, гэта ён пазбавіў жыцця майстра. А як жа Мадлон? Так горка, як ніколі раней, падманутая ўнутраным чуццём, ахопленая смяротным жахам перад сіламі пекла на зямлі, існаванню якіх яна не давала веры, Скюдэры адчула глыбокае расчараванне ў магчымасці праўды ў гэтым свеце. Яна дазволіла пратачыцца ў сваю свядомасць вусцішнаму падазрэнню, што Мадлон замяшаная ў змову і магла мець дачыненне да страшнага забойства. Як чалавечаму розуму ўласціва рупліва шукаць і знаходзіць новыя фарбы, каб усё ярчэй расквечваць аднойчы паўсталы малюнак, так і Скюдэры, наноў узважваючы кожную акалічнасць злачынства і найдрабнейшыя дэталі ў паводзінах Мадлон, знайшла багата падставаў для падазрэння, і многае з таго, што раней служыла доказам бязвіннасці і чысціні, зрабілася прыкметай злосці пад маскай умелага прытворства. Немыя енкі і крывавыя слёзы маглі, цалкам імаверна, быць спараджэннем смяротнага страху, але не ад таго, што давядзецца пабачыць крывавае пакаранне каханага, о не — ад таго, што ёй самой наканавана загінуць пад рукой ката.