Скюдэры сядзела ў глыбокім роздуме, апусціўшы вочы. Яна адчувала, што павінная падпарадкавацца вышэйшай сіле, якая вымагала ад яе раскрыцця страшнай таямніцы, што яна не можа выблытацца з незвычайнага суплёту, у які мімаволі трапіла. Прыняўшы рашэнне, яна з годнасцю прамовіла:
— Бог дасць мне вытрымкі і трываласці. Прывядзіце сюды Брусона, я пагавару з ім.
Як і тады, калі Брусон прынёс ёй скарбонку, апоўначы ў дзверы дому Скюдэры пастукалі. Батыст, папярэджаны пра начны візіт, адчыніў. Нібыта мароз прайшоў па скуры мадэмуазэль Скюдэры, калі яна па ціхіх кроках і глухім мармытанні зразумела, што ахоўнікі, якія прывялі Брусона, размеркаваліся па калідорах.
Нарэшце дзверы пакоя ціха адчыніліся. Увайшоў Дэгрэ, а за ім Аліўе Брусон, без кайданоў, у прыстойным адзенні.
— Вось, — сказаў Дэгрэ, схіляючыся ў пачцівым паклоне, — гэта Брусон, вялебная пані! — і адразу ж выйшаў.
Брусон укленчыў перад Скюдэры, малітоўна выцягнуў складзеныя рукі, і слёзы цурком пабеглі з яго вачэй.
Збялелая, не ў стане вымавіць ні слова, Скюдэры глядзела на юнака. Нават праз скрыўленыя, скажоныя ад скрухі і невыноснага болю рысы яго аблічча свяцілася знутры праявай чыстай і сумленнай душы. Чым даўжэй Скюдэры ўзіралася ў твар Брусона, тым больш мацнела ў ёй згадка пра кагосьці вельмі любімага, каго, праўда, не атрымлівалася прыпомніць. Урэшце ўнутранае трымценне знікла, яна забылася, што перад ёй кленчыць забойца Кардыльяка, і загаварыла ва ўласцівым ёй тоне спакойнай прыхільнасці:
— Ну, Брусон, што вы маеце мне сказаць?
Апошні, усё яшчэ стоячы на каленях, уздыхнуў ад глыбокага, неспатольнага смутку і прамовіў:
— О высакародная пашанотная пані, няўжо ў вашым сэрцы не засталося і следу ад успаміну пра мяне?
Скюдэры, яшчэ ўважлівей агледзеўшы суразмоўцу, адказала, што сапраўды нібыта знайшла ў ягоных рысах падабенства да адной вельмі любімай ёю асобы і што толькі дзякуючы гэтаму падабенству яна пераадольвае шчырую агіду да забойцы і спакойна слухае яго. Брусон, моцна пакрыўджаны гэтымі словамі, парывіста ўзняўся і, змрочна ўтаропіўшыся ў падлогу, адступіў на крок. А потым глуха прамовіў:
— Хіба вы зусім забылі Анну Гіё? Яе сын Аліўе, хлопчык, якога вы часта гушкалі, стаіць цяпер перад вамі.
— Божа, памажы і ўратуй! — выгукнула Скюдэры і, закрыўшы твар далонямі, апусцілася на падушкі.
Яна мела ўсе падставы так спалохацца. Анна Гіё, дачка збяднелага месціча, з маленства жыла пад апекай мадэмуазэль Скюдэры, якая выхоўвала яе як уласнае дзіця і рупліва клапацілася пра яе, нібы родная маці. Калі дзяўчына падрасла, у яе жыцці з’явіўся прыгожы сціплы юнак Клод Брусон, які папрасіў яе рукі. Ён быў выдатным гадзіннікавым майстрам і мог разлічваць у Парыжы на добрую лусту хлеба, а Анна прасякнулася да яго гарачым каханнем, таму Скюдэры ні хвіліны не вагалася і дала згоду на шлюб прыёмнай дачкі. Маладыя людзі паціху ўладкаваліся, жылі мірна і шчасліва, а яшчэ больш змацавала іх саюз з’яўленне на свет цудоўнага хлопчыка, дакладнай копіі пекнай матулі.
Скюдэры багоміла маленькага Аліўе і на цэлыя дні забірала яго ў маці, каб лашчыць і песціць. Нядзіўна, што малы вельмі прывязаўся да яе і гэтак жа ахвотна бавіў з ёю час, як з роднай маці. Мінула тры гады, і чорная зайздрасць іншых майстроў прывяла да таго, што ў Брусона з кожным днём менела працы, і ўрэшце ён з цяжкасцю мог пракарміць аднаго сябе. Да гэтага далучылася ягоная туга па цудоўнай роднай Жэневе, і склалася так, што сям’я пераехала туды, не зважаючы на супраціў Скюдэры, якая абяцала любую магчымую падтрымку. Анна некалькі разоў напісала сваёй прыёмнай маці, а потым змоўкла, прымусіўшы тую паверыць, што шчаслівае жыццё на радзіме Брусона не пакідае месца ўспамінам аб ужо пражытых днях.
Споўнілася якраз дваццаць тры гады з таго часу, як Брусон разам з жонкай і дзіцем пакінуў Парыж і перасяліўся ў Жэневу.
— Жах! — ускрыкнула Скюдэры, крыху перавёўшы дух. — Які жах! Дык ты Аліўе? Сын маёй Анны? А цяпер…