Выбрать главу

— Майстар Кардыльяк, што вы робіце?!

— Пракляцце! — зароў Кардыльяк, вокамгненна праляцеў паўз мяне і знік. Агаломшаны, ледзь перастаўляючы ногі, я наблізіўся да цела, укленчыў перад ім, думаючы, што яго яшчэ можна ўратаваць, але марна. Ахоплены смяротным жахам, я не пачуў, што мяне атачылі жандармы.

— Яшчэ аднаго завалілі, чэрці! Хо-хо, юнача, а ты што тут робіш? Ці ты адзін з гэтай хеўры? Узяць яго! — і яны накінуліся на мяне.

Я ледзь здолеў прамармытаць, што ніяк не мог бы здзейсніць такое жахлівае злачынства, і папрасіў пакінуць мяне ў спакоі. Тады адзін з іх пасвяціў мне ў твар і, смеючыся, закрычаў:

— Дык гэта ж Аліўе Брусон, вучань ювеліра, які робіць у нашага слаўнага майстра Рэнэ Кардыльяка!

— Ага, не падобны ён да таго, хто забівае людзей пасярод вуліцы!

— Так, да таго ж гэтыя забойцы не лямантуюць над трупам, каб лягчэй было арыштаваць.

— Ну давай, расказвай, як гэта адбылося.

— Проста перада мной, — сказаў я, — нейкі чалавек раптоўна кінуўся на гэтага мужчыну, закалоў яго і вокамгненна збег пасля майго воклічу. А я толькі хацеў паглядзець, ці можна яшчэ дапамагчы ахвяры.

— Не, сынок, — гукнуў адзін з тых, што падымалі труп, — яму канец, клінок, як заўжды, прайшоў праз сэрца.

— Д’ябал! — сказаў другі жандарм, — мы ізноў спазніліся, як і заўчора.

З гэтымі словамі яны сышлі, несучы труп.

Я не магу перадаць сваіх адчуванняў… мне здавалася, што я бачу кепскі сон, што зараз я прачнуся і буду дзівіцца, якая лухта мне прымроілася. Кардыльяк — бацька маёй Мадлон — бязлітасны забойца! Я знясілена прысеў на каменныя прыступкі нейкага дому. Паціху віднела, капялюш, багата ўпрыгожаны пер’ямі, ляжаў перада мной на бруку. Раптам перад маім унутраным зрокам яскрава паўстаў крывавы ўчынак Кардыльяка, здзейснены акурат на месцы, дзе я цяпер сядзеў. У жаху я паспяшаўся прэч.

Агаломшаны, амаль непрытомны, сядзеў я ў сваёй каморцы на паддашку, калі адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў Рэнэ Кардыльяк.