Выбрать главу

— Святая Марыя! Што вам трэба? — спалохана закрычаў я. Ён жа, не зважаючы на гэта, наблізіўся да мяне і ўсміхнуўся спакойна і прыветна, што толькі ўзмацніла маю агіду. Ён пасунуў стары лядашчы зэдлік і сеў побач, а я быў не ў стане адарвацца ад свайго саламянага ложка, на які паваліўся перад тым.

— Ну, Аліўе, як маешся, бедны хлопча? Я страшэнна пагарачыўся, калі прагнаў цябе з дому, мне вельмі цябе не хапае. Якраз цяпер я заняты адной аздобаю, якую ніяк не магу давесці да ладу без тваёй дапамогі. Як бы ты паглядзеў на прапанову ізноў працаваць у маёй майстэрні? Маўчыш? Я ведаю, што пакрыўдзіў цябе. Не буду хаваць, я раззлаваўся праз твае заляцанні да маёй Мадлон, але потым добра разважыў і вырашыў, што пры тваім умельстве, руплівасці і сумленнасці я не мог бы пажадаць сабе лепшага зяця. Карацей, хадзем са мной, паглядзім, як ажаніць цябе з дачкою.

Яго словы распалавінілі мне сэрца. Усё ўва мне віравала ад усведамлення ягонай заганнасці, але я не мог выціснуць ані слова.

— Ты вагаешся? — прамовіў ён ужо больш рэзка, свідруючы мяне бліскучымі вачыма. — Вагаешся? Відаць, ты не можаш сёння пайсці са мной, у цябе іншыя пільныя справы… Ты хацеў бы, мажліва, наведаць Дэгрэ альбо ўвогуле папрасіцца на размову да Аржансона ці ля Рэньі? Але сцеражыся, дружа, каб кіпцюры, якія ты хочаш скіраваць на згубу іншых, не ўхапілі і не разадралі цябе самога.

І тут я даў волю свайму глыбокаму абурэнню.

— Лепей вам самому — крыкнуў я, — вінаватаму ў страшным злачынстве, пайсці да тых, каго вы толькі што згадалі. Мне з імі няма пра што гаварыць.

— Па сутнасці, — казаў далей Кардыльяк, — для цябе будзе лепей зноў пачаць працаваць у мяне — найслыннейшага майстра свайго часу, шанаванага паўсюль за сумленнасць і прыстойнасць, так што кожны злы паклёп цяжка ўдарыць па галаве самога паклёпніка. Што да Мадлон, то мушу табе прызнацца, што за маю спагадлівасць ты мусіш дзякаваць ёй адной. Яна кахае цябе з такой сілаю, якое я зусім не чакаў ад пяшчотнага дзіцяці. Адразу ж па тваім сыходзе яна кінулася да маіх ног, ахапіла мне калені і са слязьмі на вачах прызналася, што не можа без цябе жыць. Я падумаў, што яна проста ўбіла сабе нешта ў галаву, як гэта звычайна здараецца з юнымі закаханымі паненкамі, гатовымі зараз жа памерці, варта ім толькі злавіць прыязны позірк нейкага маладзёна. Але мая Мадлон напраўду захварэла і пачала чэзнуць. А калі я паспрабаваў высветліць прычыну гэтага вар’яцтва, сто разоў паўтарыла тваё імя. Што мне было рабіць? Ці ж мог я пакінуць яе ў роспачы? Учора ўвечары я сказаў ёй, што згодны на ўсё і сёння ж прывяду цябе. За ноч яна расцвіла нібы тая ружа і цяпер не можа дачакацца, сама не свая ад жарсці.

Хай даруюць мне сілы нябесныя, але я сам не ведаю, як апынуўся ў доме Кардыльяка, а Мадлон, усклікнуўшы: «Аліўе! Мой Аліўе! Мой каханы! Мой нарачоны!» — кінулася да мяне, абхапіла абедзвюма рукамі і прыціснула да грудзей. І ў найвышэйшым захапленні я пакляўся Панне Марыі і ўсім святым ніколі, ніколі больш з ёю не разлучацца!

Узрушаны ўспамінам, Аліўе мусіў перапыніць аповед. Скюдэры, поўная жуды ад бясчынстваў чалавека, якога лічыла ўвасабленнем цноты і сумленнасці, усклікнула:

— Які жах! Рэнэ Кардыльяк належаў да хеўры забойцаў, што столькі часу рабілі з нашага добрага горада зладзейскі прытон?

— Што вы, пані, — адказаў Аліўе, — да якой хеўры? Ніякай хеўры ніколі не існавала. Кардыльяк быў адзіным, хто па ўсім горадзе ўтрапёна шукаў сабе ахвяраў. Якраз тое, што ён быў адзін, тлумачыць упэўненасць, з якою ён чыніў свае беззаконні, і непераадольныя цяжкасці ў пошуках следу забойцы. Але дазвольце мне працягнуць, каб раскрыць вам таямніцу найгнюснейшага і адначасова найняшчаснейшага з людзей. Можна лёгка ўявіць сабе становішча, у якім я апынуўся, вярнуўшыся да майстра. Крок быў зроблены, я ўжо не мог павярнуць назад. Часам мне здавалася, што я стаў хаўруснікам Кардыльяка, і толькі ў каханні да Мадлон я забываўся на пакуты, што раздзіралі маю душу, толькі з ёю мог сцерці ўсе вонкавыя праявы невыказнай нуды. Працуючы са старым у майстэрні, я не меў сілы нават зірнуць яму ў твар, не казаў амаль ні слова ад жаху, што працінаў мяне ў прысутнасці гэтага страшнага чалавека, які дэманстраваў усе якасці вернага, пяшчотнага бацькі, добрага грамадзяніна, у той час як ноч хавала ягоныя злачынствы. Мадлон, рахманае, анёльскай чысціні дзіця, хінулася да яго з бязмежнай любоўю. Маё сэрца аблівалася крывёю ад думкі, што калі адплата ўрэшце напаткае ліхадзея, ёй, падманутай пякельнай шатанскай хітрасцю, давядзецца перажыць найглыбейшы адчай. Адно гэта прымушала мяне маўчаць нават пад пагрозай ганебнай смерці. Хоць я дастаткова даведаўся з размовы жандармаў, учынкі Кардыльяка, яго матывы, спосаб дзеянняў заставаліся для мяне загадкай. Але разгадка не змусіла сябе доўга чакаць. Аднаго дня Кардыльяк, які меў звычку працаваць у найлепшым настроі, з жартамі і смехам, абуджаючы тым маю агіду, падаўся мне вельмі сур’ёзным і заглыбленым у сябе. Раптам ён адшпурнуў каралі, над якімі шчыраваў, так што камяні і перлы разляцеліся навокал, рашуча падняўся і сказаў: