Я і сам не ведаю, як здарылася так, што я пачаў адчуваць невымоўную нянавісць да тых, хто заказваў у мяне ўпрыгожанні. Так! З самага нутра ўздымалася прага іхнай крыві, ад якой я скаланаўся. Менавіта ў той час я прыдбаў гэты дом. Мы ўдарылі па руках з уладальнікам… вось тут, у гэтым пакоі, сядзелі мы, усцешаныя ўдалым гешэфтам, і распівалі бутэльку віна. Надышла ноч, я хацеў быў ісці, але гаспадар сказаў: «Майстар Рэнэ, перш чым вы сыдзеце, я мушу адкрыць вам таямніцу гэтага дому». З гэтымі словамі ён адчыніў шафу ля сцяны, адсунуў заднюю сценку, зайшоў у маленькі пакойчык, нахіліўся, падняў апускныя дзверы. Мы спусціліся вузкай стромай лесвіцай да брамкі, адчыніўшы якую, выйшлі на двор. І тут мой прадавец падышоў да мура, націснуў на ледзь бачную клямку, і кавалак сцяны павярнуўся, так што чалавек мог зручна праслізнуць у адтуліну і апынуцца на вуліцы. Варта як-небудзь паказаць табе гэты фокус, Аліўе. Мабыць, гэта загадалі зрабіць хітрыя манахі кляштара, што раней месціўся тут, каб непрыкметна знікаць і вяртацца. Гэта кавалак дрэва, атынкаваны і пабелены толькі звонку, у якім з таго боку замацаваная статуя, таксама драўляная, але з выгляду нібы каменная. Дрэва паварочваецца разам са статуяй на схаваных завесах. Змрочныя думкі спарадзіў ува мне позірк на тое прыстасаванне: падалося, што яно адмыслова падрыхтаванае для ўчынкаў, якія мне самому пакуль здаваліся таямніцай. Я якраз тады вырабіў і аддаў аднаму прыдворнаму багатыя ўпрыгожанні, што прызначаліся, як мне было вядома, нейкай балерыне. Смяротныя пакуты не прымусілі чакаць — прывід крочыў за мной, шатан нешта нашэптваў мне ў вушы! Я кінуўся ў дом. Мокры ад крывавага поту, у бяссонні круціўся я на ложку і раптам убачыў у думках, што чалавек гэты крадзецца да балерыны з маімі скарбамі. Раз’юшаны, я ўскочыў, накінуў паліто, спусціўся патаемнай лесвіцай і праз мур выбраўся на вуліцу Нікез. Чалавек з’явіўся, я наваліўся на яго, ён закрычаў, але я, моцна трымаючы яго ззаду, усадзіў яму кінжал у сэрца — і вось упрыгожанні ў маіх руках! Здзейсніўшы гэта, я адчуў у душы такі супакой, як ніколі дагэтуль. Прывід знік, д’ябальскі голас змоўк. Цяпер я ведаў, чаго хацела мая злая зорка, і мусіў скарыцца ёй альбо загінуць! Цяпер табе зразумелая сутнасць маіх дзеянняў, Аліўе. Але не думай, што праз тое, што я мушу рабіць і чаго не магу пазбавіцца, я выракся спагады і спачування, уласцівых чалавечай натуры. Ты ж ведаеш, як цяжка мне бывае аддаць замоўцу гатовае ўпрыгожанне. А для некаторых, чыёй смерці я не жадаю, я не працую ўвогуле. Адчуваючы, што назаўтра кроў мае прагнаць маіх зданяў, я ўжо сёння магу здаволіцца добрым ударам кулака, зваліўшы з ног уладальніка маёй каштоўнасці і адабраўшы ў яго свой выраб.
Сказаўшы ўсё гэта, Кардыльяк адвёў мяне ў патаемны склеп і дазволіў зірнуць на сваю скарбніцу. Мусіць, сам кароль не мае багацейшай. Да кожнай рэчы быў прымацаваны цэтлік з дакладным пазначэннем, для каго яна была змайстраваная і калі адабраная праз крадзеж, рабунак ці забойства.
— У дзень твайго вяселля, — прамовіў Кардыльяк глуха і ўрачыста, — ты свята паклянешся мне на распяцці адразу ж па маёй смерці ператварыць усе гэтыя багацці ў пыл з дапамогай сродку, які я табе адкрыю. Я не хачу, каб хоць якая чалавечая істота, а тым больш Мадлон і ты, сталі ўладальнікамі скарбу, набытага цаною чалавечай крыві.
Заблукалы ў лабірынце злачынства, раздзіраны каханнем і агідай, асалодай і жудой, я быў падобны да асуджанага на пакуты, якому зверху ласкава ўсміхаецца чароўны анёлак і якога ў той жа час моцна трымае пякучымі кіпцюрамі шатан, і мілосная ўсмешка рахманага анёла, у якой адбіваюцца ўсе дарункі вышняга свету, робіцца яму найгоршым катаваннем. Я думаў пра ўцёкі, нават пра самагубства — але ж Мадлон! Ганьце, ганьце мяне, вялебная пані, за тое, што я быў занадта слабы, каб адолець сваю жарсць, якая прыкула мяне да злачынства. Але ж ці не будзе належнай платай за гэта ганебная смерць, наканаваная мне?
Аднаго дня Кардыльяк прыйшоў дадому ў нязвыкла прыўзнятым настроі. Ён прылашчыў Мадлон, кінуў на мяне колькі найпрыязнейшых позіркаў, выпіў за сталом бутэльку добрага віна, што здаралася з ім толькі ў вялікія святы, потым спяваў і весяліўся. Мадлон сышла, я сабраўся ў майстэрню.
— Сядзі спакойна, хлопец, — крыкнуў Кардыльяк, — сёння больш ніякай працы, давай перакулім яшчэ па адной за здароўе самай высакароднай і прыўкраснай дамы ў Парыжы!